Благотворительный концерт состоится в Островце 3 декабря

Традыцыйны дабрачынны канцэрт, прысвечаны Дню інвалідаў, адбудзецца 3 снежня ў 16.00 у кінаканцэртнай зале “Астравец”. Сродкі ад яго пойдуць на дапамогу анкалагічна хворым дзецям і дзецям з ДЦП.

Па традыцыі галоўным арганізатарам канцэрта выступіць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дапамагаюць яму аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра ў бягучым годзе святкуе свой пяцігадовы юбілей. Пяты юбілей адзначыць і дабрачынны канцэрт. І ў кожнага з нас будзе магчымасць яшчэ раз успомніць пра добрыя справы і пра тых, каму так патрэбна цеплыня і шчодрасць нашых сэрцаў.

Сёння на ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы стаяць пяць анкалагічна хворых дзяцей і восем дзетак з дыягназам ДЦП – усім ім і будуць накіраваны сродкі, сабраныя падчас канцэрта.

Валанцёры з гімназіі №1 і СШ №1 разам са спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра ўжо сталі гасцямі ў многіх арганізацыях і на прадпрыемствах Астраўца – дзеці расказвалі пра дабрачынны канцэрт і раздавалі флаеры. Да добрай справы далучыліся і валанцёры Гудагайскай школы, якія арганізавалі дабрачынны збор сродкаў у пасёлку.

Усё, што трэба зрабіць, каб дапамагчы дзецям з захворваннямі, – гэта набыць білет на канцэрт, які каштуе 50 тысяч беларускіх рублёў. Зрабіць гэта можна ў касе кінаканцэртнай залы «Астравец» ці ў валанцёраў. Але, як паказвае практыка мінулагодніх канцэртаў, жадаючых дапамагчы хворым дзецям значна больш, чым можа ўмясціць кінаканцэртная зала. Таму, калі нехта не мае магчымасці пайсці на канцэрт, ён можа аказаць дапамогу, набыўшы купон. Арганізацыі для выпіскі рахунку-фактуры для пералічэння грашовых сродкаў павінны звярнуцца па тэлефоне 2-05-91 (эканаміст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі).

Усіх, хто прыйдзе ў вызна чаны дзень на канцэрт, чакае мноства сюрпрызаў. У фае кінаканцэртнай залы пройдзе выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свае вырабы выставяць цэнтр рамёстваў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У канцэрце прымуць удзел лепшыя салісты і калектывы раёна, а таксама калектыў Ашмянскай мытні і іншыя запрошаныя артысты.

Плануецца, што ганаровым госцем дабрачыннага канцэрта стане надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка: падчас канцэрта будуць падведзены вынікі дабрачыннага праекта «Акно ў свет», які тэрытарыяльны цэнтр рэалізуе пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

У Дзень інвалідаў, 3 снежня, у кожнага чалавека з добрай душой і шчырым сэрцам будзе магчымасць прыдачыніцца да добрай справы: падтрымаць сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеткі з цяжкімі захворваннямі.

Давайце разам дапаможам ім выпрастаць крылы – і самі ўздымемся над шэрасцю і абыякавасцю паўсядзёншчыны!