Благотворительный концерт "Расправь крылья" прошёл в Островце
Традыцыйны дабрачынны канцэрт прайшоў у кінаканцэртнай зале «Астравец» 3 снежня, калі адзначаецца Сусветны дзень інвалідаў.Штогод зборы ад канцэрта ідуць на дапамогу розным катэгорыям насельніцтва. Сёлета было вырашана дапамагчы анкалагічна хворым дзецям і дзеткам з дыягназам ДЦП: такіх на ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы стаіць 14 чалавек – менавіта ім і будуць перададзены сабраныя сродкі.
«Чужой бяды не бывае» – сведчыць народная мудрасць. І гэта сапраўды так. За пяць гадоў, што праходзіць дабрачынная акцыя, арганізатары і ўсе неабыякавыя людзі змаглі аказаць матэрыяльную дапамогу 32 сем'ям. І ўсе, хто на гэты раз прыйшоў на канцэрт, а таксама тыя, хто набыў купоны ці аказаў іншую дапамогу, хочуць, каб усе дзеці былі здаровымі! Менавіта таму большая частка канцэрта складалася з дзіцячых нумароў, якія краналі, пранікалі да самага сэрца, прымушалі плакаць і ўсміхацца.
…Я штогод наведваю гэтыя дабрачынныя мерапрыемствы – і штораз упэўніваюся, што добрых людзей сярод нас шмат. На гэты раз ніхто не праходзіў міма валанцёраў, якія сталі са скарбонкамі пры ўваходзе ў кінаканцэртную залу: за час мерапрыемства, дзякуючы ахвяраванням, дабрачынны рахунак папоўніўся на 1800000 беларускіх рублёў. Ніхто не заставаўся абыякавым да вырабаў, зробленых выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, не абмінаў увагай выставу вырабаў дзетак з карэкцыйнага цэнтра і спецыялістаў цэнтра рамёстваў.Не было раўнадушных і да таго, што адбывалася на сцэне...
Сёлета свой першы невялікі юбілей – пяць гадоў з дня заснавання – адзначала аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Таму на канцэрце было шмат ганаровых гасцей, якія выступаюць пастаяннымі спонсарамі: раённыя арганізацыі «Беларускі фонд міру», «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа», СВК «Варняны», Прадстаўніцтва АТ «НІАЭП» у Рэспубліцы Беларусь, Вадзім Вянгроўскі, Вадзім Лебядзевіч, сем'і Багдзюн і Грынкевіч, якія заўсёды знаходзяць час і сродкі, каб падзяліцца часцінкай сваёй дабрыні, і з увагай адносяцца да патрэб выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.Ганаровых гасцей, сярод якіх быў саветнік пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ёса, сустракалі з песняй і хлебам-соллю – гэтую ганаровую місію выканаў хор «Польскае рэха Астраўца».
...А на сцэне між тым разгортвалася дзейства, галоўнымі героямі якога сталі дзеці, якія сваім талентам і дзіцячай непасрэднасцю прыўнеслі часцінку сваёй дабрыні ў агульную справу. З дапамогай дарослых артыстаў яны не толькі змаглі стварыць адпаведную атмасферу ў зале, але і дапамаглі хворым дзеткам – тым, якія не могуць выйсці на сцэну, – зразумець, што сотні людзей любяць іх, шчыра жадаюць ім здароўя і гатовы дапамагчы: добрым словам, матэрыяльнай падтрымкай ці проста цёплай усмешкай.
Сёлета ўдзел у арганізацыі канцэрта прынялі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, гімназія №1, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзіцячая школа мастацтваў, раённы Дом культуры, Рытанскі Дом культуры, хор «Польскае рэха Астраўца», салісты ашмянскай мытні і духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы і цэнтр рамёстваў.
– Цудоўна, што наш праект жыве. А ўсё таму, што жыхары Астравеччыны – неабыякавыя да чужой бяды. І таму я ўдзячны тым, хто сёння знаходзіцца ў зале, і тым, хто купіў купон, але не прыйшоў на канцэрт, – сказаў, адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Сёння ва ўсіх храмах чытаюць 15 главу Евангелля ад Матвея, дзе Ісус Хрыстос сямю хлябамі і адной рыбінай накарміў народ. Нам не пад сілу паўтарыць цуд Хрыста – але разам мы можам зрабіць многае. І сённяшняе мерапрыемства таму пацвярджэнне. Прыемна, што ў зале прысутнічаюць прадстаўнікі іншых дзяржаў – Польшчы і Расі –, якія падтрымалі нас.Менавіта Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і акцыянернае таварыства «НІАЭП» сталі своеасаблівымі «донарамі» аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў: на працягу года ў раёне рэалізоўваліся дабрачынныя праекты, якія фінансаваліся гэтымі арганізацыямі.
– У бацькоў, якія воляй лёсу выхоўваюць хворых дзяцей, здаровым людзям, можна многаму навучыцца. Але галоўнае – каб спраўджвалася дзіцячая мара, а ў бацькоў заўсёды жыла надзея на лепшае. І таму сёння мне хочацца пажадаць, каб колькасць спонсараў павялічвалася, – сказаў у сваім выступленнні намеснік дырэктара Прадстаўніцтва АТ «НІАЭП» у Рэспубліцы Беларусь Віктар Рыгоравіч Брыч і перадаў дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра грошы, сабраныя супрацоўнікамі кампаніі.Да дабрачыннай акцыі далучыліся педагогі і валанцёры цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: у прадуктовых магазінах нашага горада яны звярталіся з просьбай да пакупнікоў набыць ласункі для дзяцей з інваліднасцю. Уклад у дабрачынную справу ўнеслі і валанцёры Гудагайскай школы, якія сабралі 960 тысяч беларускіх рублёў.
Увогуле, дабрачынны канцэрт стаў чарговай нагодай успомніць тых, хто жыве побач і для каго кожны дзень – гэта змаганне (часам – няроўнае) з хваробай. І нягледзячы ні на што яны жывуць і радуюцца сонцу, а нас, здаровых людзей, вучаць таму, чаму не навучыць ніводзін падручнік: цярплівасці, дабрыні, разуменню, міласэрнасці.Праўду гавораць «з міру па нітцы – атрымаецца кашуля». Падчас дабрачыннага мерапрыемства за білеты і дабрачынныя ахвяраванні было сабрана больш за 50 мільёнаў рублёў, якія будуць перададзены сем'ям, дзе выхоўваюцца цяжка хворыя дзеці. Значыць, усе разам мы зрабілі добрую справу. І, магчыма, Бог у гэты момант там, на небе, усміхнуўся: не так усё змрочна ў гэтым свеце…
------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
