Благодарим тех, кто подарил праздничное настроение и желание жить и бороться с болезнью

Традыцыйны дабрачынны канцэрт “Жыві!”, які сёлета прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец” і быў прысвечаны людзям, што страцілі рухомасць у  выніку няшчаснага выпадку, стаў для мяне адкрыццём. Здзівілі не толькі Максім Налівайка і іншыя маладыя людзі, энергія і жыццялюбства якіх
ніяк не стасуецца са словам “інвалід”. Уразіла і загадчыца дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Куцько. Здзівілі і жыхары нашага раёна. Як шмат сярод іх нераўнадушных людзей!..

Шмат нашых землякоў, да якіх далучыліся як і раённыя прадпрыемствы і арганізацыі, прыняло ўдзел у акцыі, дзякуючы якой удалося сабраць 19 мільёнаў 400 тысяч рублёў. А напярэдадні Ражаства спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра і аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія штогод арганізоўваюць дабрачынны канцэрт, уручылі сабраныя сродкі тым людзям, дзеля і ў імя якіх было арганізавана мерапрыемства.
Зараз у Астравецкім раёне пражываюць пяцёра такіх людзей. Іх лёсы, як і яны самі, розныя, але па збегу абставін аб’яднаныя адной кропкай  адліку: аварыя, няшчасны выпадак… Пасля перыяду прыняцця гэтай сітуацыі – чаму менавіта я? – яны не апусцілі рукі, а прадоўжылі жыць далей і
рухацца наперад. І ў гэтай штодзённай барацьбе ў першую чаргу з сабой ім дапамаюць родны і блізкія – найперш бацькі. А яшчэ Святлана Куцько…
Не толькі Марына Мальдзіс і Аляксандр Лянкевіч атрымалі грашовую дапамогу ў 3 мільёны 880 тысяч рублёў – іх дзеткам салодкія падарункі перад  Калядамі і Новым Годам зрабіў аддзел выканаўчай дакументацыі ААТ “НІАЭП” на чале з загадчыкам Галінай Васільеўнай Сердацюк. А для самой Марыны і яе сям’і грашовыя сродкі напярэдадні рэабілітацыі, якая чакае жанчыну, стануць хоць невялікай падтрымкай.
Пакуль мы разам ехалі ў аддаленыя вёскі, каб уручыць сабраныя падчас дабрачыннага канцэрта сродкі маладым людзям з абмежаваным магчымасцямі, Святалана Казіміраўна прызнавалася: здараліся моманты, калі яна была ў роспачы і не ведала, у якім накірунку рухацца далей. Яна падтрымлівала стасункі з адным са сваіх “падначаленых” і ў сацыяльных сетках, але на ўсе свае прапановы атрымлівала толькі адзін адказ: “Мяне гэта не цікавіць” або “Мне гэта непатрэбна”. Аднак сардэчная дабрыня і неабыякавасць да чужога болю, якія не вымяраюцца прафесійнымі абавязкамі,
растапілі лёд недаверу. І ў сваёй рабоце Святлана па-ранейшаму прытрымліваецца выбранага шляху: імкнецца быць у першую чаргу сябрам і дарадцам для сваіх падапечных.
Святлана Казіміраўна доўга ўгаворвала Максіма Налівайку выступіць дуэтам на дабрачынным канцэрце, але ён адмаўляўся. Затым былі няўпэўненыя адказы “Не ведаю” – і ўрэшце юнак згадзіўся, увасобіўшы тым самым даўнюю мару Святланы – праспяваць дуэтам з чалавекам, які ўмее чытаць рэп… Максім змог! І, як прызнаецца сам юнак, няўпэўненасць адступіла – і цяпер ён з задавальненнем згадзіцца прыняць удзел у канцэрце – “ каб толькі запрашалі”…
У гэты дзень сабраныя падчас дабрачыннага канцэрта грашовыя сродкі атрымалі Яўген Янушкевіч з Міхалішак і Павел Жаўняровіч з Альхоўкі.
А прыклад Паўла, які нанова навучыўся хадзіць, – яркае сведчанне таго, што нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе. Мама і сястра, каб  выцягнуць дарагога чалавека з чатырох сцен, купілі камп’ютар і знялі памяшканне пад камп’ютарны клуб ў невялікай Альхоўцы – і ў Паўла
з’явілася магчымасць бачыцца з равеснікамі і дапамагаць ім цікава і карысна праводзіць час. А дома яго чакала шматгадзінная трэніроўка: мама станавілася на калені і перасоўвала ногі сына – і так кожны дзень… Дзякуючы ўпартасці маці і ўласнай сіле волі, Павел зноў стаў хадзіць. І яго
мара аб вышэйшай адукацыі ўвасобілася ў жыццё: хлопец закончыў універсітэт. І цяпер ён ставіць перад сабой новыя мэты.
…Усім, хто атрымаў “навагоднюю” дапамогу, яна прыйшлася вельмі дарэчы… Гэтыя людзі і іх бацькі выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці кожнаму, хто ахвяраваў пасільную для сябе суму і тым самым падарыў святочны настрой і жаданне жыць і змагацца з хваробай. Каб перамагчы.


-----------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.