Библиотекари смотрят в будущее с оптимизмом

книгиСёння, у імклівы век усеагульнай інфарматызацыі і інтэрактыву, усё, што не змагло прыстасавацца пад лічбавы фармат, здаецца састарэлым і непатрэбным. Бязлітасны дух часу ў ліку першых адчулі бібліятэкі. На жаль, блукаць сярод бясконцых стэлажоў, аглядаючы кожны том і перагортваючы старонкі, цікава толькі людзям старой фармацыі – новае ж пакаленне прывабіць у храм кнігі складана, бо любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце. І бібліятэкам прадракаюць сумную будучыню: ператворацца яны з цягам часу ў музеі, дзе будуць праводзіць экскурсіі для аматараў даўніны.

Аднак самі бібліятэкары глядзяць у будучыню з аптымізмам.

Работнікі бібліятэк лічаць, што трэба сістэматычна вывучаць попыт чытачоў, а кнігу, як і любы прадукт, неабходна ўмець граматна рэкламаваць, укласці разумнае зярнятка ў прывабную абгортку.

Бібліятэкары ствараюць яркую вонкавую рэкламу: прапануюць наведвальнікам цікавыя выставы; праводзяць чытальніцкія акцыі; друкуюць і распаўсюджваюць буклеты аб дзейнасці бібліятэкі, славутых земляках і ветэранах, цікавых мясцінах і гістарычных каштоўнасцях Астравеччыны; ладзяць святы, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі – і нават прывозяць літаратуру  на “на дом”, каб жыхары населеных пунктаў, дзе няма бібліятэк, маглі пачытаць тое, што па душы. І, трэба сказаць, такая паслуга карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Аднак прагрэс, а ўслед за ім і маладое пакаленне хутка ідуць наперад – вэб-тэхналогіі і сацыяльныя сеткі часцей, хутчэй і ў значна большай колькасці да людзей даносяць інфармацыю, чым традыцыйныя акцыя, мерапрыемства ці аб’ява. І гэту вобласць карыстання стараюцца асвойваць нашы супрацоўнікі.  Так, на сайце Астравецкай раённай бібліятэкі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з яе гісторыяй, “пагартаць” электронны каталог, даведацца пра паслугі і даты выездаў “бібліятэк на колах”, прачытаць і праглядзець, чым жыве бібліятэка. Калі зазірнуць у сацыяльныя сеткі – “Аднакласнікі”, “ВКантакце” і “Фэйсбук”, – то тут таксама ёсць чым зацікавіцца: відэа сустрэч з цікавымі людзьмі, фотагалерэі, анонсы мерапрыемстваў,  буктрэйлеры. Апошняе – своеасаблівая цікавінка, пры дапамозе якой бібліятэка прываблівае “прасунутага” чытача. Гэта невялічкі відэаролік, які ў адвольнай мастацкай форме распавядае пра якую-небудзь кнігу. Дарэчы, нядаўна нашы супрацоўнікі стварылі буктрэйлер на кнігу земляка, прафесара, літаратуразнаўцы Адама Восіпавіча Мальдзіса “Восень пасярод вясны” (яго таксама можна паглядзець у сацыяльных сетках).

Канешне мы не будзем спыняцца – працягнем ствараць насычаныя і цікавыя медыя-пляцоўкі і “жывыя” сустрэчы, пераймаць вопыт калег і дзяліцца ўласным, каб пашыраць кола прыхільнікаў чытання.

Ганна КЕРЭЛЬ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.