Библиотека приехала в Смилги

Бібліятэка пад адкрытым небам нядаўна раскінулася ў Смілгах. Жыхары гэтай вёскі, актыўныя чытачы, з нецярпеннем чакалі бібліятэкараў з новымі і цікавымі кнігамі і часопісамі, але, акрамя кніжных навінак, атрымалі яшчэ і незабыўны падарунак ад валанцёраў клуба “Актыўнае даўгалецце”.

Данута Чарнушэвіч, Капіталіна Пятроўская, Наталля Зубенка, Галіна Гіцэвіч і Аляксандр Якіменка падрыхтавалі для смілгоўцаў невялікі канцэрт. Жыхары вёсачкі сустрэлі самадзейных артыстаў усмешкамі, кветкамі і апладысментамі, а пасля і самі далучыліся да гасцей і праспявалі “мясцовыя хіты”. А песня “Вось так і жывём” стала завяршаючым акордам гэтай цёплай кніжнай сустрэчы.
Для вёсак, якія не могуць пахваліцца шматлікімі ўстановамі культуры, і іх жыхароў такія мерапрыемствы становяцца добрай нагодай для сустрэч, знаёмстваў і, канешне ж, працягам сяброўства з кнігай.


Вольга ПІНЧУК, намеснік дырэктара Астравецкай ЦБС.