Без творчества невозможно быть библиотекарем

Чарговы семінар, арганізаваны аддзелам бібліятэчнага маркетынгу, прайшоў у ДУК ”Астравецкая раённая бібліятэка”. Тэма мерапрыемства “Бібліятэка – пляцоўка для творчага і інтэлектуальнага развіцця насельніцтва” вельмі актуальная для гэтых устаноў.


Праграма семінару ўключала ў сябе выступленні метадыстаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу па актуальных тэмах. Сельскія бібліятэкары атрымалі шмат змястоўнай і карыснай інфармацыі для ўдасканалення сваёй працы, пазнаёміліся з новымі формамі і інфармацыйнымі тэхналогіямі бібліятэчнай работы. Метадысты расказвалі і наглядна дэманстравалі калегам сродкі, віды масавай работы, давалі парады па рабоце з мультымедыйнымі прадуктамі, інтэрнэт-рэсурсамі, абмяркоўвалі эфектыўныя метады прыцягнення чытачоў у бібліятэку.

Актуальным пытаннем семінару было абмеркаванне работы бібліятэк з дзецьмі ў час летніх канікул. Метадысты давалі практычныя парады па развіццю творчых здольнасцей дзяцей, зачытвалі прыклады распрацаваных праграм летняга чытання, даводзілі інфармацыю па рабоце з прышкольнымі летнікамі з дзённым знаходжаннем дзяцей. Сельскія бібліятэкары атрымалі друкаваную прадукцыю ў дапамогу сваёй рабоце з маленькім чытачом.

Бібліятэкары не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але яшчэ і творчыя людзі. У гэтым можна было пераканацца каля выставы творчых работ “Майстэрства і натхненне”. На ёй былі прадстаўлены работы з бісеру, сурвэткі, карціны, а таксама кулінарныя вырабы. Выстава прыцягвала ўвагу і ў які раз давала зразумець, што быць бібліятэкарам без творчасці і натхнення немагчыма.


---------------------------------------------------------------------------------------

Ганна Керэль, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”.