"Белорусское товарищество инвалидов по зрению" отметило 90-летний юбилей

Сёлета грамадская арганізацыя “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” адзначыла свой 90-гадовы юбілей. На базе тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва прайшоў справаздачны сход астравецкай раённай арганізацыі “БелТІЗ”, прымеркаваны да гэтай круглай даты.

Акрамя актыўных членаў таварыства інвалідаў па зроку, на мерапрыемстве прысутнічалі і ганаровыя госці: інструктар Гродзенскага аддзялення ГА “БелТІЗ” Ірына Анатольеўна Жыбіна, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Таццяна Мікалаеўна Букель, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Валерый Вацлававіч Барташэвіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч і старшыня Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Юрый Іосіфавіч Ждановіч.
Пра дзейнасць раённай арганізацыі “БелТІЗ” расказала ў сваім выступленні яе кіраўнік Юзэфа Антонаўна Адынец. Узнагароды на абласных фестывалях і конкурсах, літаратурна-музычных мерапрыемствах, удалы ўдзел у чэмпіянатах і першынствах вобласці па шашках – гэта толькі кароткі пералік дасягненняў раённай арганізацыі інвалідаў па зроку.
Ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці атры-малі З. Пазлевіч, М. Валуевіч і С. Савіцкая. Ад Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” граматы і падарункі былі ўручаны С. Савіцкай, В. Закрэўскаму, В. Закрэўскай, П. Скерла, С. Каспяровіч і Л. Адынец.
Падзячныя пісьмы ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў за актыўную дзейнасць і ў сувязі з 90-годдзем з дня стварэння таварыства атрымалі С. Мешкіс, Л. Кухарэвіч і Л. Адынец.
Пасля ўрачыстай часткі і ўзнагароджвання надышла чарга музычна-паэтычнай імпрэзы. Яе адкрыла Валянціна Мікалаеўна Закрэўская. Яна падарыла ўдзель-нікам і гасцям мерапрыемства песні і вершы.
Капіталіна Цімафееўна Пятроўская пераняла музычную эстафету. Акрамя рускага народнага раманса і прыпевак, у выкананні жанчыны прагучаў уласны жартоўны верш “Гараскоп”.
Звонкія пераліўныя галасы Святланы Іванаўны Мешкіс і Людмілы Іванаўны Кухарэвіч таксама гучалі ў гэтай зале. Дзве сястры нядаўна прымалі ўдзел у раённым фестывалі сямейнай творчасці, дзе яны выступілі гэтак жа моцна і пранікнёна…
Цёплая атмасфера панавала ў гэты дзень у зале, і кожны чалавек, нягледзячы на свой узрост і статус, змог нешта сказаць, саспяваць або прачытаць – і быць пачутым. Таму што сяброўскую падтрымку неабавязкова бачыць вачамі – яе можна адчуваць душой.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.