Беларускія паэты сустрэліся з астравецкімі школьнікамі

Нядаўна нашу школу наведалі сталічныя госці – вядомыя беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Гэта сустрэча была прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое будзе адзначацца 9 снежня 2011 года.


Госці данеслі да нас малавядомыя звесткі пра творчасць Максіма Багдановіча, а таксама пазнаёмілі з уласнымі вершамі. Дарэчы, Эдуард Акулін з’яўляецца не толькі паэтам, бардам, але і галоўным рэдактарам часопіса “Верасень”, у якім ён змяшчае творы, дасланыя маладымі аўтарамі.
Гэта сустрэча пакінула глыбокі след у нашых сэрцах. Жартаўлівы настрой Л. Дранько-Майсюка, цудоўны меладычны голас Э. Акуліна, які праспяваў некалькі ўласных песень, акампаніруючы на гітары, заваражылі.
Час сустрэчы праляцеў вельмі хутка. Напрыканцы госці падарылі школе некалькі літаратурна-мастацкіх часопісаў “Дзеяслоў”, зборнік вершаў сучаснага беларускага паэта А. Сыса, паштоўкі з партрэтам М. Багдановіча і, канешне, незабыўныя ўспаміны.


Дар’я КРАНКОЎСКАЯ, вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы №1 г.п. Астравец.