«Astron» зазіхацеў на інтэлектуальным небасхіле
Пяты год запар Астравецкі раённы цэнтр пазашкольнай работы запрашае школьнікаў гуляць у інтэлектуальныя гульні. Вось і сёлета 17 каманд сабраліся ў гімназіі №1, каб пазмагацца за права называцца лепшай школьнай інтэлектуальнай камандай раёна.
Аб сваім удзеле яшчэ напярэдадні гульні заявілі каманды “ЧП” Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы з Кямелішкаўскага НПК і “Маналіт” з СШ №1, “Інтэлектуалы” з Варнянскага НПК, гервяцкі “Шанс”, гудагайскія “Эрудыты”, каманда “13” з Міхалішкаўскай школы, “Вікторыя” з Альхоўкі, “Сава” з Дайлідскай школы, “Оптымус Прайм” са Спондаўскай школы, “Норд” з Рытаньскага НПК, “Мая любімая каманда” з Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання, “Магія думкі” з Трокеніцкай базавай школы, “Лідар” з Падольцаў, “Канстанта” з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання і тры каманды з гімназіі №1 – “Логас”, “Astron” і “5+1”.
Рабят чакалі 36 пытанняў 14 абласнога завочнага турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?”.
Турнір пачаўся складана – прынамсі, пра гэта сведчылі няправільныя адказы ўсіх удзельнікаў на тры першыя пытанні. Ці, можа, рабяты проста не сабраліся з думкамі? Толькі на чацвёртым пытанні лік быў адкрыты. І хаця яно было нескладаным: “Адна кампанія прапаноўвае купіць парадаксальныя запальнічкі чырвонага колеру ў выглядзе іх. Назавіце ІХ.”, правільныя адказы – вогнетушыцелі – далі толькі чатыры каманды – з СШ №1, Гервяцкай і Альхоўскай школ і “Логас” з гімназіі №1. І такім чынам сталі лідарамі.
Чамусьці цяжкасці выклікала пытанне пра серыю “Жыццё выдатных людзей”, нягледзячы на тое, што ў самім пытанні была схавана падказка – школьнікі называлі “азбуку”, “буквар” і нават “вялікую савецкую энцыклапедыю”.
Па выніках першага тура, які складаўся з 12 пытанняў, у лідары выйшла каманда “Вікторыя” Альхоўскай школы – яны правільна адказалі на чатыры пытанні. Па тры правільныя адказы далі каманды “Маналіт”, “Шанс” і “Логас”.
Другі тур зноў пачаўся з “труны”. Але ўжо на другое пытанне пра дугу Струве дзве школьныя каманды далі правільныя адказы. Найбольшую колькасць правільных адказаў далі школьнікі на пытанне пра Парад Перамогі, дзе былі спалены не толькі фашысцкія сцягі, але і пальчаткі, якімі іх кідалі.
Толькі адна каманда – “Сава” з Дайлідскай школы – правільна адказала на пытанне пра еўрапейскую сталіцу, у якой ёсць дом з «чорнымі катамі», Рыгу.
Не назвалі школьнікі правільнага ўстойлівага выразу, якім заканчвалася выказванне кінапраекта “Кінаварка”: “Калі вам ёсць што сказаць з дапамогай відэакамеры, то не трэба…” Што не трэба рабіць? Што толькі не адказвалі школьнікі! «Адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння», «весці сябе, як рыба ў вадзе», «біць баклушы», «трымаць язык за зубамі», «сядзець, склаўшы рукі»… І ніхто не дадумаўся, што не трэба «варыцца ва ўласным соку».
Па выніках ІІ тура каманды памяняліся месцамі. У лідары вырваўся гімназічны “Astron” – каманда дала 9 правільных адказаў. Сем правільных адказаў у гервяцкага “Шанса”, па шэсць – у гімназічнага “Логаса” і альхоўскай “Вікторыі”.
Трэці тур аказаўся самым удалым – ці то пытанні сталі лягчэйшымі, ці то гульня, што называецца, пайшла. Але менавіта ў апошняй серыі з 12 пытанняў не было ні адной “труны”. У гэтым жа туры была зарэгістравана і найбольшая колькасць правільных адказаў на пытанне пра від спорту, які апісвалі так: “Уявіце, што вам трэба пешшу ўзбегчы на 25 паверх, а затым некалькі разоў беспамылкова ўвесці нітку ў вушка іголкі” – правільным адказам быў біятлон. І на яго адказалі 16 з 17 каманд.
Толькі гімназічны “Astron” правільна адказаў на пытанне пра готаў; Чарльза Сцюарта, за галаву якога давалі 30 тысяч фунтаў стэрлінгаў, і Санта Клаусаў, якіх вучылі захоўваць самавалоданне ў цяжкіх сітуацыях, заўсёды весці сябе дружалюбна і адказваць на любыя пытанні. Толькі гервяцкія школьнікі далі правільны адказ на пытанне пра “ЯЕ, якая ў Іране займае першае месца, а ў Бурундзі знаходзіцца на апошнім. Дзе, згодна з вядомай з дзяцінства крыніцы, яна змагла сваё месца захаваць?” – гучала пытанне. Калі вы ўспомнілі дзіцячую лічылку пра літары А і Б, то лёгка б змаглі адказаць – на трубе. Як гэта і зрабілі гервяцкія школьнікі з каманды “Шанс”.
Школьнікі з Міхалішак, Спондаў, Рытані і зноў гімназічны “Astron” здагадаліся, што, па жартоўнай інфармацыі, КАХАННЕ было ўнесена ў рэестр захворванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на адным узроўні з алкагалізмам, наркаманіяй, таксікаманіяй і клептаманіяй. Іншыя адказвалі – шопаманія, скляроз і нават СНІД.
…І вось 36 пытанняў засталіся ззаду. І журы бярэцца за падвядзенне вынікаў. Найменшая колькасць балаў, якія набралі каманды – 1, найбольшая – 19.
У выніку трэцяе месца з 10 баламі падзялілі каманды “Лідар” з Падольскага НПК і “Вікторыя” з Альхоўкі. 13 балаў набрала каманда “Шанс” з Гервят – і размясцілася на другім месцы.
А першае з максімальна набранай колькасцю балаў – 19 – заваявала вядомая ўжо не толькі ў раёне гімназічная каманда “Astron”.
Віншуем!
Алена ЯРАШЭВІЧ.



