Астравецкія выпускнікі пабывалі на "Кірмашы прафесій"
Каля трохсот выпускнікоў дзявятых і адзінаццатых класаў, іх бацькоў і настаўнікаў сабралася ў суботу ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, дзе прайшоў традыцыйны “Кірмаш прафесій-2011”, арганізатарам якога выступіў аддзел адукацыі.
Сёлета гэта ўжо не першае прафарыентацыйнае мерапрыемства для школьнікаў. Выпускнікі сустракаліся з прадстаўнікамі ўстаноў, у якіх можна атрымаць ваенныя і педагагічныя спецыяльнасці, з супрацоўнікамі Гродзенскага рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі, ездзілі на мерапрыемствы, звязаныя з выбарам прафесіі, у Ліду і Ашмяны.
Цяпер спецыялісты і адміністрацыя розных навучальных устаноў прыехалі па запрашэнню аддзела адукацыі ў наш раён, каб бліжэй пазнаёміць выпускнікоў і іх бацькоў са спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць у кожнай з прэзентаваўшых сябе ўстаноў.
Мерапрыемства было не толькі пазнавальным, але і цікавым. Прынамсі, яго пачатак, калі гледачам быў прадстаўлены відэаролік “Кім быць?” Вадзіцелем, пілотам, настаўнікам, спеваком, мантажнікам...? Сапраўды складаная задача для тых, хто яшчэ толькі вучыцца адказваць за свае ўчынкі і робіць першыя крокі ў дарослае жыццё. Для таго, каб лягчэй вызначыцца са складаным пытаннем і дапамагчы рабятам выбраць прафесію на ўсё жыццё, і з’ехаліся ў Астравец “купцы” з розных навучальных устаноў, што размешчаны ў Ашмянах, Вілейцы, Смаргоні, Воранава, Камарова і Гродна. На мерапрыемства былі таксама запрошаны спецыялісты аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама.
Адкрыў “Кірмаш прафесій” намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. Ён звярнуў увагу на тое, што рабочыя прафесіі неабходны прадпрыемствам усёй краіны, у тым ліку і ў нашым раёне. Кожны выпускнік павінен знайсці сваё месца – а для гэтага неабходна вызначыцца са сваім выбарам.
Першымі на сцэну падняліся супрацоўнікі і навучэнцы Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Яго гісторыя пачалася ў 1950 годзе – спачатку школа механізатараў, потым – вучылішча сельскай гаспадаркі, ліцэй, каледж. Нездарма ў народзе гэта ўстанова лічыцца “кузняй кадраў для вёскі” – тут можна атрымаць прафесіі слесара, трактарыста-машыніста, повара, агародніка, садавода, швачкі, прадаўца, муляра, тынкоўшчыка, электразваршчыка, вадзіцеля. Немалаважным з’яўляецца і тое, што залічэнне адбываецца па конкурсу атэстатаў. Навучэнцам прадастаўляецца інтэрнат. А найбольш спадабалася – спадзяюся, не толькі мне – агітбрыгада “Выбіраем будучыню”, навучэнцаў каледжа. Не пакідала адчуванне, што перад гледачамі стаялі не будучыя слесары, трактарысты, вадзіцелі, муляры, повары і прадаўцы, а сапраўдныя артысты – гэта сведчыць, што рабятам ёсць чым заняцца ў вольны час.
У Вілейскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы можна атрымаць больш за 20 спецыяльнасцей, прычым кожны яго выпускнік можа адразу набыць две і нават тры прафесіі, а гэта значыць – без працы не застанецца ніхто. Вілейскі каледж цвёрда трымаецца на пятым месцы сярод прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Мінскай вобласці – а ўсё таму, што яго адміністрацыя, педагогі і навучэнцы працуюць пад дэвізам: “Хто хоча, той шукае магчымасці”.
Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж таксама мае багатую гісторыю – ён заснаваны ў 1953 годзе. За гэты час многае змянілася, але кожны год адміністрацыя каледжа прапануе выпускнікам нешта новае. Акрамя традыцыйных прафесій бухгалтара і юрыста, тут можна атрымаць і новыя спецыяльнасці – арганізатар вытворчасці і тэхнік-праграміст. Прычым навучанне ў каледжы вядзецца не толькі на дзённым аддзяленні, але і на завочным.
У Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя таксама багатая гісторыя. І пры гэтым установу можна лічыць маладой – у 2009 годзе ў ліцэя з’явіўся новы будынак, а разам з ім – новае жыццё. Смаргонскі ліцэй, напэўна, адзіная прафесійная ўстанова, у якой ёсць басейн і зімовы сад. Але гэта, бадай што не самае галоўнае. Важней тое, што яго выпускнікам, якія набылі спецыяльнасці станочніка, электразваршчыка, муляра, тынкоўшчыка і іншыя будаўнічыя прафесіі, гарантавана працаўладкаванне. Да таго ж праводзіцца даплата да стыпендыі.
У адной са старэйшых устаноў – Свірскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі – сёння вучыцца 58 выпускнікоў з розных школ нашага раёна. Асаблівасцю гэтай навучальнай установы з’яўляецца тое, што ўсе навучэнцы забяспечаны трохразовым харчаваннем. А яшчэ Свірскі ліцэй – гэта толькі пачатак для прафесійнага росту: пасля яго заканчэння можна на скарочаны тэрмін паступаць у профільныя навучальныя ўстановы і атрымліваць спецыяльную і вышэйшую адукацыю.
Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці размешчаны далекавата ад Астраўца. Але і тут вучацца нашы выпускнікі, прычым паспяхова. У Воранава можна атрымаць дзевяць спецыяльнасцей, пра якія вельмі добра расказалі і паказалі ў відэафільме.
На мерапрыемства прыехалі і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі патрэбныя” – нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі. Сёння ж сельскагаспадарчыя спецыяльнасці не карыстаюцца ажыятажным попытам сярод выпускнікоў школ, тым не менш у выпускнікоў аграрных устаноў таксама ёсць перспектывы. Хто б не хацеў адразу пасля заканчэння вучобы атрымаць уласны дом у аграгарадку? Калі такое жаданне ёсць, то яго можна ажыццявіць, закончыўшы Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. У яго студэнтаў, акрамя вышэй названай перспектывы, ёсць і яшчэ некалькі “плюсаў” – можна адным махам атрымаць дзве спецыяльнасці. Ды і дакументы на завочнае аддзяленне пачынаюць прымаць у лістападзе – выдатны шанс для тых, каму не пашанцавала стаць студэнтам падчас летняй кампаніі.
Вольга Станіславаўна Субаткевіч, намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама, расказала вучням і бацькам пра рынак працы і сярэднюю заработную працу ў розных галінах у нашым раёне і, канешне, пра спецыяльнасці, у якіх ёсць патрэба – мантажнікі, электрагазазваршчыкі, муляры, інжынеры, аграномы, ветэрынары і іншыя.
Дарэчы, тыя, каму не пашанцуе ажыццявіць сваю мару падчас летняй уступнай кампаніі, могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і па накіраванні атрымаць любую з рабочых прафесій (а іх 90!). Тыя выпускнікі, якія яшчэ ніяк не могуць вырашыць складанае пытанне: кім быць? – таксама могуць звярнуцца ў аддзел па працы і занятасці і атрымаць індывідуальную прафкансультацыю.
За больш чым дзве гадзіны школьнікі атрымалі шмат інфармацыі пра самыя розныя навучальныя ўстановы і спецыяльнасці, правілы паступлення і баўленне вольнага часу. Але рашэнне заўсёды застаецца за самім чалавекам. Кім быць і якім быць, каб быць карысным для грамадства і роднай краіны – гэта павінны вырашыць самі выпускнікі.
Алена ЯРАШЭВІЧ.