Астравецкіх школьнікаў лячылі "смехатэрапіяй"

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне школьных раённых дыскатэк. Вось і ў мінулую пятніцу ў танцавальнай зале “Галактыка” сабраліся вучні з розных школ раёна на тэматычную дыскатэку. Цікава, чым яшчэ могуць зацікавіць школьнікаў супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы? За здаровы лад жыцця – было, супраць курэння – танцавалі. І супраць алкаголю і наркотыкаў – таксама. “Што будзе на гэты раз?” – задала я пытанне. “Смехатэрапія” – адказалі мне.


На сустрэчу са школьнікамі ў “Галактыку” прыйшла ўрач смехапаліклінікі – культарганізатар цэнтра пазашкольнай работы Юля Базюк. Усё, як належыць, – у белым халаце і са строгім выглядам. Прыйшла для таго, каб даказаць, што смех, весялосць, добры настрой і актыўны лад жыцця – лепшыя лекі ад розных хвароб і немачы.
А якая дыскатэка без конкурсаў? Яны таксама былі. Спачатку – фізічныя практыкаванні. Рабяты пад музыку скакалі на скакалцы, падымалі гантэлі, прысядалі, круцілі хула-хуп і прымушалі скакаць баскетбольны мяч.



Потым – сеансы псіхалагічнага гіпнозу. Рабятам прапанавалі пазбавіцца ад прагнасці і зайздрасці. А якое здароўе без правільнага харчавання? Таму і тут арганізатары прымусілі школьнікаў задумацца – з прапанаваных на стале прадуктаў неабходна было выбраць толькі тыя, якія карысны для арганізма. Праўда, не так лёгка школьнікі згадзіліся з тым, што іх любімая кока-кола наносіць шкоду нашаму арганізму.
І ўсё ж галоўныя лекі, па меркаванні ўрача смехапаліклінікі, – гэта гумар, і з гэтым згадзіліся ўсе. Таму камандны конкурс, у якім дзецям давялося завязаць хусцінкі, схапіць венікі і “паляцець” наперагонкі да фінішу, прымусіў пасмяяцца і ўдзельнікаў, і гледачоў. Ну і ўсё гэта, вядома, перамяжоўвалася вясёлымі сучаснымі танцамі – што ж за дыскатэка без іх?
Дыскатэка праляцела, як адно імгненне! Затое якое!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.