Армейские будни для островецких школьников
Вучняў 10 класаў з усіх школ раёна паклікалі на ваенна-палявыя зборы, якія сёлета прайшлі на базе дзіцячага аздараўленчага летніка “Ластаўка”.
90 юнакоў-дзесяцікласнікаў ехалі сюды спасцігаць навыкі армейскай службы – вучыцца маршыраваць, выконваць ваенныя каманды, хадзіць у нарады і займацца фізпадрыхтоўкай.
Напэўна, гэта правільна. Усе школьнікі ўжо прыпісаліся да прызыўнога ўчастка, прайшлі паглыблены медагляд – і праз некалькі гадоў могуць стаць абаронцамі Айчыны. Юнакі і самі пагаджаюцца з тым, што служыць трэба. Праўда, спачатку мараць паступіць у навучальныя ўстановы, а ўжо потым аддаць доўг радзіме.
Некаторыя навыкі армейскай службы ў школьнікаў ужо сфарміраваны. Ваенна-палявыя зборы – гэта працяг курса дапрызыўнай падрыхтоўкі, уключанага ў школьную праграму, які дзесяцікласнікі вывучалі ў дзясятым класе.
Юнакоў падзялілі па ўзводах – але не па школах, а па алфавіце – атрымалася, што ў кожным узводзе былі хлопцы з розных школ. Гэта дапамагло ім пазнаёміцца са сваімі аднагодкамі, знайсці агульныя інтарэсы і пасябраваць.
Разам са школьнікамі тут праводзілі час іх настаўнікі фізічнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі з гімназіі і СШ №1, Варнянскага і Рытанскага НПК і Рымдзюнскай школы.
– Зборы – рэч патрэбная. Тут на вачах учарашнія падлеткі-школьнікі ператвараюцца ў сапраўдных мужчын. Усе яны – будучыя прызыўнікі, і перад намі стаяла задача падрыхтаваць іх да ваеннай службы, – расказвае настаўнік фізічнай культуры гімназіі №1 Андрэй Часлававіч Бумбуль. – І не толькі. Падчас нарадаў высветлілася, што некаторыя дома ні разу нават падлогу не падмяталі і не мылі. Тут – навучыліся. Спадзяюся, дахаты прыедуць не толькі сапраўдныя мужчыны, але яшчэ і добрыя памочнікі сваім бацькам.



Мікіта Сямашка з Альхоўскай школы таксама ўпэўнены, што зборы дапамагаюць падлеткам стаць дарослымі.
– У наступным годзе трэба будзе рабіць выбар і паступаць у навучальную ўстанову. Магчыма, гэта будзе інстытут МНС – спадзяюся, што ваенная падрыхтоўка і веды, якія я тут атрымаў, дапамогуць. І ўвогуле праз зборы і службу ў арміі, павінен прайсці кожны мужчына, – лічыць юнак.
Шмат гадоў узначальвае зборы дзесяцікласнікаў настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі гімназіі №1 Станіслаў Антонавіч Савіцкі.
– Сёлета на зборы прыехалі юнакі, як на падбор – актыўныя, дысцыплінаваныя, мужныя. Адразу бачна: сапраўдныя мужчыны растуць. У мінулыя гады разам з хлопцамі ўдзел у палявых зборах прымалі і дзяўчаты. Магчыма, ім было складана, але трэба адзначыць, мужчынскія выпрабаванні яны праходзілі з гонарам. За дзевяць дзён спасцігалі не толькі неабходныя веды па медыцынскай падрыхтоўцы, але і маршыравалі не горш за хлопцаў. Сёлета юнакам без дзяўчат, можа, і сумнавата, але затое больш часу застаецца на справу, – усміхаецца Станіслаў Антонавіч.
Распарадак дня ў лагеры строгі. Уставалі юнакі ў 7 гадзін раніцы, рабілі фізічныя практыкаванні, бегалі крос, здавалі нарматывы, хадзілі ў нарады і праводзілі працоўны дэсант. Словам, усё амаль як у арміі.
– Такія зборы патрэбны, каб адчуць сябе сапраўднымі мужчынамі. Дзень тут праходзіць хутка – пад’ём, зарадка, здача нарматываў, працоўны дэсант.. Сустрэчы з ваеннымі, супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, паказальныя выступленні, – расказваюць Браніслаў Антрапянскі, Сяргей Сянюць і Уладзіслаў Калтан. – Сумаваць не паспяваем.
Ваенная выпраўка юнакоў бачна з першага погляду. Як і тое, што тут ім сапраўды цікава. Тым больш, што заставаўся ў летніку час і на адпачынак.
Прыязджалі ў госці да будучых воінаў артысты Астравецкага аддзела культуры. Песні, танцы, гульні, конкурсы – двухгадзінная праграма прыйшлася па душы.
Не менш уражанняў пакінуў і кінафільм “Крапавы берэт”, які прымусіў юнакоў задумацца.
Унеслі нотку разнастайнасці ў “суровыя армейскія будні” і супрацоўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія пры падтрымцы старшыні раённай арганізацыі «Белая Русь» Н.У. Сянюць, запрасілі юнакоў паўдзельнічаць у забаўляльна-інтэрактыўнай гульні “Музычны дыліжанс”.
Не паспелі хлопцы азірнуцца, як змена закончылася, і яны раз’ехаліся па дамах. Але трэба думаць, веды, набытыя ў “Ластаўцы”, яшчэ не раз спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
