Алименты нужно платить...
Стварэнне сям’і – справа сур’ёзная і адказная. На жаль, не ўсе вытрымліваюць гэтае выпрабаванне – часам сямейнае жыццё заканчваецца разводам. Аднак нават пасля скасавання шлюбу бацькі не павінны забываць, што яны абодва ў адказе за сваё дзіця – як у маральным, так і ў матэрыяльным плане.Аднак некаторыя грамадзяне, скасаваўшы шлюб, лічаць сябе свабоднымі ад такіх абавязкаў. А некаторыя нават выкарыстоўваюць выплаты аліментаў як шантаж і рычаг для маніпуляцый: “Адмоўся ад аліментаў, а я выпішуся з кватэры”.
Многія з даўжнікоў спрабуюць любымі спосабамі пазбегнуць выплаты аліментаў ці хоць бы зменшыць іх памер: утойваюць месца працы, уладкоўваюцца на менш аплачваемую работу. Іх хвалюе толькі ўласны бюджэт, а не тое, у якіх умовах растуць і выхоўваюцца іх дзеці.
Статыстыка сцвярджае, што колькасць разводаў з кожным годам павялічваецца. Адпаведна ўзрастае і актуальнасць пытання выплаты аліментаў. На жаль, заўсёды былі і ёсць бацькі, абыякавыя да ўтрымання сваіх дзяцей. І калі родныя людзі не жадаюць паклапаціцца аб дабрабыце сваіх нашчадкаў, на абарону дзяцей становіцца закон.
Аматарам сэканоміць на дзецях трэба ведаць: грамадзяне, якія больш за тры месяцы на працягу года не выплачваюць аліменты на сваіх дзяцей, могуць быць пакараны грамадскімі ці выпраўленчымі работамі тэрмінам да двух гадоў, арыштам ці абмежаваннем волі да трох гадоў або пазбаўленнем волі да аднаго года. Калі несумленныя бацькі ўжо былі асуджаны за нявыплату аліментаў, але зноў паўтарылі парушэнне – ім пагражаюць выпраўленчыя работы да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі да трох гадоў ці пазбаўленне волі да двух гадоў.
Закон асуджае і карае… Але, на жаль, ніводзін з яго пунктаў не растлумачыць дзіцяці, чаму яго тата ці мама пра яго забываюць.
--------------------------
Н. Станулевіч, вядучы спецыяліст суда.
