Алімпійскія гульні ў спартыўнай зале? Лёгка!
Марына Эдвардаўна Барысевіч – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца пачатковых класаў Гудагайскай сярэдняй школы. Шматдзетная мама, аматар здаровага ладу жыцця і фізкультуры. Жыве пад дэвізам: “Толькі наперад – і ні кроку назад”.З Марынай Эдвардаўнай Барысевіч я знаёма даўно. Спачатку гэта былі сустрэчы на школьным калідоры: я – школьніца, амаль выпускніца, яна – настаўніца. Калі я прыйшла працаваць у школу, яна з’яўлялася намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Потым мы разам сядзелі ў адным кабінеце – абедзьве працавалі намеснікамі дырэктара. І тое, што Марына Эдвардаўна захапляецца фізкультурай і спортам, я таксама ведала даўно.
Колькі разоў на лыжных гонках яна абараняла гонар школы! І на спаборніцтвы яна заўсёды прыязджала са сваёй сям’ёй. А самы маленькі член сям’і – сын Коля – нягледзячы на мароз і непагадзь, станавіўся разам з мамай на лыжы і рабіў свае першыя крокі ў “вялікі” спорт.
Сёлета Марына Эдвардаўна стала пераможцай абласной акцыі “Алімпізм і моладзь” у намінацыі “Лепшы алімпійскі ўрок “О, спорт! Ты – радасць”. Надышоў час пазнаёміцца з былой калегай яшчэ бліжэй!
Фізкультура і спорт заўсёды прысутнічалі ў жыцці Марыны Эдвардаўны. З дзяцінства ў яе было жаданне займацца фізкультурай. Са школьных гадоў яна захаплялася лёгкай атлетыкай – ездзіла на раённыя і абласныя спаборніцтвы, удзельнічала ў іх і перамагала. А потым прыйшла пара выбіраць прафесію. Паўстала пытанне – кім быць?
– У мае школьныя гады асаблівай прафарыентацыйнай работы з намі ніхто не праводзіў. І паступаць у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча я паехала “за кампанію” з сяброўкай, – успамінае Марына Эдвардаўна – і вочы зіхацяць радаснай усмешкай. – Паступіла. Патэлефанавала маме і кажу: “Мама, я такая шчаслівая!”. А мама – плача. Я сапраўды была шчаслівай, што паступіла ў педвучылішча. Ды і цяпер шчаслівая, што працую настаўніцай. Я не магу сябе ўявіць нідзе, акрамя школы.
У Ваўкавыску Марына Эдвардаўна таксама са спортам не расставалася – выступала за каманду вучылішча па лыжных гонках. А пасля заканчэння вучылішча малады спецыяліст прыйшла ў школу – спачатку Астравецкую, а потым – Гудагайскую. А паколькі працавала настаўніцай пачатковых класаў, то і са спортам працягвала сябраваць – цяпер ужо разам з дзецьмі на ўроках фізкультуры.
На працягу некалькіх апошніх гадоў Марына Эдвардаўна працавала намеснікам дырэктара і па сумяшчальніцтву выкладала ўрокі фізкультуры ў пачатковых класах. Калі прыйшло палажэнне аб удзеле ў конкурсе “Алімпізм і моладзь”, вырашыла паспрабаваць. Тым больш, што алімпійскія гульні заўсёды цікавілі настаўніцу.
– Але як сумясціць урок фізкультуры і новыя інфармацыйныя тэхналогіі? Як зрабіць так, каб зацікавіць дзяцей і атрымаць задавальненне самой? Узялася за напрацоўку матэрыяла – трэба ж было ў першую чаргу зацікавіць дзяцей – і ўбачыла, што нешта атрымліваецца!
Урок-гульня або урок-спаборніцтва, які Марына Эдвардаўна “давала” на конкурс, складаўся з некалькіх частак. Спачатку настаўніца пазнаёміла дзяцей з падрыхтаванай прэзентацыяй “Што такое алімпійскія гульні?”. А потым пачаліся незвычайныя спаборніцтвы, у якія ўвайшлі віды спорту, уключаныя ў алімпійскія гульні. Гэта былі нестандартныя цікавыя эстафеты “Запалі алімпійскі агонь”, “Складзі алімпійскую эмблему”, “Лыжныя гонкі”, “Бабслей”, “Хакей”, “Камбініраваная эстафета”. І ўсе яны праходзілі ў звычайнай спартыўнай зале! А галоўнымі ўдзельнікамі спартыўнага свята сталі, канешне ж, вучні. У дадзеным выпадку – чацвёртакласнікі Гудагайскай школы. І як на сапраўднай алімпіядзе прысутнічалі суддзі – іх ролю выконвалі вучні 11 класа. На апошняй станцыі, якая так і называлася “За перамогу!”, удзельнікі гульні атрымалі “залатыя” і “сярэбраныя” медалі.
Марына Эдвардаўна выхоўвае траіх дзяцей. Старэйшая дачка Вольга – ужо амаль дарослая, вучыцца на біялагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ганна яшчэ школьніца. А малодшы, Мікалай, сёлета толькі збіраецца пайсці ў першы клас.
– У вашай сям’і сапраўды ўсе так захоплены спортам? – узнікла пытанне.
– Старэйшыя дзяўчаты – не асабліва, але на ўрокі фізкультуры ходзяць. Муж – заядлы футбаліст і заахвочвае футболам сына. Мне ж больш даспадобы лыжныя гонкі. Таму Коля пад нашым уплывам ужо даволі добра ходзіць на лыжах і гуляе ў футбол. Знаёмыя ніколькі не здзіўляюцца, што пакой можа быць ператвораны ў футбольнае поле: замест варотаў ставім крэслы, і тата з сынам ганяюць мяч. Часам і мы з дзяўчатамі таксама далучаемся – і гэта цалкам нармальна.
А ў школе вельмі часта адваротная сітуацыя. Цяперашніх школьнікаў складана нечым зацікавіць. Вось і паўстае перад настаўнікам пытанне: хто вінаваты і што рабіць?
І кожны настаўнік шукае на яго свой адказ. Марына Эдвардаўна сваім прыкладам стараецца вучням прывіць цікавасць не толькі да школьных прадметаў, але і да жыцця ў цэлым, у тым ліку і да такой яго складаемай, як спорт. І верыцца, што ў яе ўсё атрымаецца. Інакш і быць не можа ў такіх мэтанакіраваных людзей!
Алена ЯРАШЭВІЧ.