Алімпіёнікі выйшлі на старт
З 9 студзеня стартавалі абласныя алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, якія працягнуцца да 3 лютага.
У мінулым годзе ўсе ўстановы адукацыі нашай вобласці ўдзельнічалі ў эксперыментальным праекце па правядзенні алімпіяд. Эксперымент сябе апраўдаў – і цяпер кожны школьнік мае магчымасць, калі набярэ неабходную колькасць балаў у раёне і пройдзе абласны рэйтынгавы адбор, удзельнічаць у алімпіядах па некалькіх прадметах.
Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, сёлета ў раённым этапе ўдзельнічалі 212 школьнікаў. 80 з іх былі ўзнагароджаны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступені. А рэйтынгавую шкалу для ўдзелу ў абласным этапе прайшлі 25 юных алімпіёнікаў. Яны і будуць абараняць гонар нашага раёна на алімпіядах па 16 школьных прадметах.
З 9 студзеня пачаліся абласныя алімпіяды па матэматыцы, нямецкай мове, тэхнічнай і абслугоўваючай працы – на іх паехалі гімназісткі сёстры Віялета і Мілана Шаўліс, Таццяна Сідарэвіч з Альхоўскай школы, Анжаліка Валадзько і Дзмітрый Алёх з Падольскага НПК, Валерыя Апановіч з Варнянскай школы, Вікторыя Пятровіч і Дар’я Гарбачова з СШ №1.
16 студзеня пачнуцца алімпіяды па інфарматыцы, хіміі, астраноміі і рускай мове. Дэманстраваць свае веды і змагацца за званне пераможцаў будуць Стасіс Чучурка з Кямелішкаўскай школы, гімназісты Уладзіслаў Міхно, Канстанцін Лябецкі, Вікторыя Базіс, Юлія Буйко, Аксана Аўгуль і вучаніца Рытаньскага НПК Кацярына Тарашкевіч.
Ганна Багушэвіч, Гражына Махневіч і Алена Андралойць з гімназіі №1, Стасіс Чучурка з Кямелішкаўскай школы, Насця Ляховіч і Насця Стэх з Міхалішкаўскай школы і Дар”я Багдановіч з Варнянскага НПК будуць удзельнічаць у алімпіядах па грамадазнаўству, фізіцы і беларускай мове, якія стартуюць з 23 студзеня.
А 30 студзеня пачнуцца алімпіяды па англійскай мове, геаграфіі і гісторыі, у якіх прымуць удзел Эдзіта Трыбоцкая з гімназіі №1, Іван Капуста з Падольцаў і Юля Сцефановіч з Гервяцкай школы.
Алена ЯРАШЭВІЧ.