Актуальнае інтэрв'ю: харчаванне дзяцей па новых правілах

Як сёння вырашаюцца праблемы харчавання ў школах і дзіцячых садках раёна? Пра гэта наша размова з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі Уладзімірам Алегавічам Булавіцкім.


– Пачну з пытання, якое хвалюе большасць бацькоў. Як арганізуецца харчаванне дзяцей у нашых школах?
– Асноўным дакументам  з’яўляецца пастанова Савета Міністраў №177 ад 21 лютага 2005 года. Менавіта яна рэгулюе парадак арганізацыі харчавання і абслугоўвання сталовых, кантроль і адказнасць,  іншыя палажэнні.
Школьнае харчаванне – спецыфічная і вельмі адказная галіна. Сталовыя ёсць ва ўсіх установах адукацыі, і тое, чым кормяць дзяцей, і як гэта робяць, хвалюе не толькі бацькоў, але і нас таксама. Аднак гэтая пастанова састарэла. І таму  пытанне харчавання дзяцей не адзін раз  уздымалася на самым высокім узроўні, у тым ліку і  кіраўніком дзяржавы.
Згодна з пастановай №177 вызначаўся парадак датацыі на харчаванне. Ён складаў 5% ад базавай велічыні. У апошні час  сума кампенсацыі складала  1750 рублёў на адно дзіця, што пражывае ў сельскіх населенных пунктах. Бясплатнае харчаванне атрымлівалі і вучні 1-4 класаў гарадскіх школ, а таксама вучні 5-11 класаў, якія вучыліся ў горадзе, але пражывалі ў сельскай мясцовасці.
– І як удавалася накарміць дзіця на 1750 рублёў?
– З цяжкасцямі, але ўдавалася. Канешне, праблемы ўзнікалі, але мы стараліся іх вырашыць. Кожны  разумее, што гэта невялікія грошы, –  і тым не менш дзеці атрымлівалі гарачае харчаванне. Дарэчы, кожны зараз хоча ведаць, как заработать деньги.
– А што змянілася?
– 4 лютага гэтага года была прынята пастанова Савета Міністраў №142 “Аб унясенні змяненняў, дапаўненняў і прызнанні страціўшымі сілу некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі”. Яна дапоўніла некаторыя палажэннні 177-й пастановы. Прынамсі, яе 11 і 12 пункты, згодна з якімі дзеці з малазабяспечаных сем’яў і шматдзетных сем’яў, у якіх трое і больш дзяцей вучацца ў пачатковай, базавай, сярэдняй школах, гімназіях і НПК, забяспечваюцца двух- ці трохразовым харчаваннем ў залежнасці  ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі.
– Што гэта азначае на практыцы?
– Гэта яшчэ раз пацвярджае, што дзяржава клапоціцца аб малазабяспечаных і шматдзетных сем’ях. Што датычыцца працягласці  знаходжання, то калі дзіця  ў школе ад 6 да 8 гадзін у суткі, то можа атрымліваць двухразовае  харчаванне, калі ад 9 да 10, 5 гадзіны – трохразовае. У нас шмат дзяцей, якія жывуць у аддаленых ад школы мікрараёнах і падвозяцца на заняткі школьным транспартам, – у такім выпадку час адпраўлення транспарту, згодна з зацверджаным дырэктарам школы графікам падвозу, ад месца пражывання лічыцца пачаткам працоўнага дня вучня.  Сёння ў раёне 73 дзіцяці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў атрымліваюць двухразовае бясплатнае харчаванне, яшчэ трое дзяцей кормяць тры разы.
Ёсць і яшчэ адно новаўвядзенне – кошт харчавання дзяцей размежаваны па ўзросту. Так, напрыклад, на двухразовае харчаванне дзяцей ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў выдзяляецца да 4000 рублёў, ад 11 да 13 гадоў – да 4580 рублёў, ад 14 да 17 гадоў – 4890 рублёў. Пры трохразовым харчаванні адпаведна павялічаны і сумы – 4930,  5430 і 5760 рублёў.
– Але гэтыя сумы выдзяляюцца для харчавання дзяцей, якія выхоўваюцца ў малазабяспечаных і шматдзетных сем’ях. А што з астатнімі?
– Усе дзеці, што вучацца ў 1-4 класах гарадскіх і сельскіх школ, забяспечваюцца бясплатным аднаразовым харчаваннем у памеры 60% ад грашовай нормы ў адпаведнасці з узростам. Акрамя таго, школьнікі 5-11 класаў,  што пражываюць ў сельскай мясцовасці,  незалежна ад таго, у гарадской ці сельскай школе яны вучацца, таксама атрымліваюць аднаразовае бясплатнае харчаванне.
Да таго ж у пералік дзяцей, якія атрымліваюць бясплатнае харчаванне, уключаны 67 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 47 вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і 16 дзяцей з сем’яў, у якіх  бацькі з’яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы.
– Гэтая пастанова ўжо ўступіла ў сілу?
– Так, з 18 лютага гэтага года. Згодна з пастановай для атрымання бясплатнага харчавання бацькі пішуць заяву на імя дырэктара школы і прыкладваюць неабходныя дакументы – даведку аб даходах сям’і, пасведчанне  шматдзетнай сям’і і іншыя. Бясплатнае харчаванне прадастаўляецца на падставе рашэння камісіі, якая арганізуецца ў кожнай школе  і якую ўзначальвае дырэктар.
– Але часта бывае і так, што, напрыклад,  у 4 класе могуць вучыцца дзеці, якім 10 і 11 гадоў, – як у такім выпадку арганізуецца іх харчаванне?
– Такія пытанні ўзнікаюць. Калі ў чацвёртым класе вучацца дзеці, якім споўнілася 11 гадоў, то харчаванне арганізуецца па норме 6-10 гадоў.
– Ці плануецца ў бліжэйшы час бацькоўская даплата на харчаванне дзяцей, што вучацца ў сельскіх школах?
– Калі ласка – было б жаданне. Калі сям’я не адносіцца да катэгорыі шматдзетнай ці малазабяспечанай, бацькі таксама могуць звярнуцца да адміністрацыі школы з заявай аб арганізацыі двухразовага харчавання, але ўжо за бацькоўскую даплату. Як паказвае практыка, гэта не вельмі  вялікія грошы і большасць сем’яў могуць сабе такое дазволіць.
– А што з гарадскімі школьнікамі, якія не падпадаюць пад “льготную” катэгорыю?
– Сёння ў гарадскіх школах вучыцца 1119 дзяцей, з іх 53% (592 вучні) харчуюцца бясплатна. 502 школьнікі харчуюцца за бацькоўскую аплату. І толькі 25 дзяцей – а гэта 2%  ад агульнай колькасці – не атрымліваюць гарачага харчавання. Але гэта зусім не азначае, што цэлы дзень яны сядзяць галодныя. У кожнай школе ёсць буфет – там можна набыць сок, булачкі, пячэнне, сыркі і іншыя прадукты.
Увогуле 98% школьнікаў, на мой погляд, – высокі паказчык, але наша задача – каб усе дзеці былі ахоплены гарачым харчаваннем.
– І ўсё ж, на вашу думку, чаму не ўсе жадаюць харчавацца ў школьнай сталоўцы?
– Складанае пытанне, якое мы пастаянна вырашаем. Анкетаванне бацькоў і дзяцей праводзіцца два разы на год. І як паказвае статыстыка, 4-6% бацькоў і дзяцей лічаць, што харчаванне ў школе не патрэбна. І да гэтага трэба адносіцца спакойна.
Што тычыцца гарадскіх школьнікаў, то некаторыя з іх аддаюць перавагу абеду дома. Перапынак у школе 20 хвілін, і калі кватэра блізка ад школы, то дзіця паспявае схадзіць дамой, з’есці прыгатаваную мамай катлету ці  курыны булён, а па дарозе яшчэ падыхаць свежым паветрам. Так што карысць ад гэтага двайная.
– Магчыма, яшчэ і справа ў грашах?  Колькі трэба заплаціць бацькам, каб дзіця атрымала гарачае харчаванне ў школе?
– У сярэднім за месяц гэта сума складзе каля сарака тысяч. Многае таксама залежыць ад таго, ці нарыхтавала школа бульбу, моркву, буракі, капусту, фасолю і іншую гародніну. Калі гэтыя прадукты ёсць у школе, то адпаведна і кошт харчавання змяншаецца.
– Ці ёсць льготы для харчавання дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскіх ці прыёмных сем’ях?
– У сельскіх школах такіх праблем не ўзнікае. Там усе дзеці ахоплены гарачымі абедамі. Больш складана з тымі, што пражываюць у гарадскім пасёлку. Сёння 11 такіх дзяцей харчуюцца за бацькоўскую аплату. Бясплатнае харчаванне на іх не распаўсюджваецца.
– Пры Рымдзюнскай СШ  працуе  інтэрнат, у якім пражываюць дзеці з розных населеных пунктаў. Як яны забяспечваюцца харчаваннем?
– У Рымдзюмскім інтэрнаце сёння пражывае 31 дзіця. І калі раней ад платы за харчаванне вызвалялася толькі 25% дзяцей, астатнія 75% аплачвалі палову памеру платы за харчаванне, то ў адпаведнасці з новай пастановай усе дзеці ў інтэрнаце харчуюцца бясплатна, прычым чатыры разы на суткі. І сумы, выдзеленыя на іх харчаванне, даволі высокія – 7690, 8450, 9020 рублёў на суткі ў адпаведнасці з узроставымі катэгорыямі.
– А як наладжана харчаванне ў дзіцячых садках?
– Устаноўленыя нормы ў садках таксама выраслі, прычым амаль у два разы. Так, напрыклад, калі раней на ясельныя групы выдзялялася 2090 рублёў на адно дзіця, то цяпер 4160. Кошт абеду ў садкоўскіх групах павялічыўся з 2740 да 5390 рублёў, у санаторных групах з 5060 да 7630 рублёў. І калі раней 60% кошту харчавання аплачвалі бацькі, то цяпер – толькі 40%. У сярэднім бацькам, чые дзеці наведваюць дзіцячы садок, давядзецца плаціць за месяц 47 тысяч рублёў. І калі раней выканаць устаноўленыя натуральныя нормы – забяспечыць дзяцей сокамі, сырам, фруктамі, мясам – было складана, то цяпер гэтыя пытанні зняты.
– Нараканні на харчаванне дзяцей у школах і садках узнікаюць часта?
– Цяпер такіх пытанняў узнікаць увогуле не павінна. На харчаванне дзяцей выдзяляюцца  дастатковыя сумы. Раней мы сустракаліся з такімі скаргамі,  было 1-2 звароты ў год, але адразу ж стараліся вырашыць узнікшыя праблемы.  Вялікіх праблем, напрыклад, атручванняў, не ўзнікала – і гэта радуе.
– Звычайна, калі прымаецца нейкая новая пастанова ці закон,  узнікае шэраг пытанняў. Куды можна звярнуцца, каб на іх атрымаць адказы?
– У кожнай школе ёсць камісія па харчаванні –  там  можна атрымаць адказы на ўсе пытанні. Калі нешта ўсё  ж засталося незразумелым, то можна звярнуцца ў раённы   аддзел адукацыі.
– У адпаведнасці з новым СанПінам школьныя повары і раздатчыкі цяпер павінны абавязкова карыстацца аднаразовымі пальчаткамі і мяняць іх пасля кожнага выкарыстання. Гэта магчыма? Хто іх набывае?
– Гэтыя праблемы таксама вырашаны. Халаты, каўпакі, пальчаткі, дэзінфіцыруючыя сродкі  набывае арганізацыя, якая арганізоўвае харчаванне ў школе. Яна ж робіць адбор сутачных проб.
– А хто арганізуе харчаванне ў школах?
– У дзесяці ўстановах – гімназіі №1, СШ №1, Дайлідскай, Рымдзюнскіх з беларускай і літоўскай мовамі навучання, Альхоўскай, Спондаўскай, Гудагайскай, Гервяцкай сярэдніх і Варонскай базавай школах – харчаванне арганізуе райспажыўтаварыства. У астатніх – аддзел адукацыі. Плануецца, што з красавіка яшчэ ў дзвюх школах арганізоўваць харчаванне будзе аддзел адукацыі. З аднаго боку, з’явіцца больш клопатаў: харчаванне – гэта вялікі пласт работы, з другога – будуць і плюсы: свае кадры, якія летам змогуць працаваць у “Ластаўцы”, ды і прадукты можна будзе закупляць без гандлёвай надбаўкі –  гэта прывядзе да ўдзешаўлення школьнага харчавання.
– А як вырашаюцца пытанні з забеспячэннем неабходным абсталяваннем  школьных сталовых?
– Гэта адна з праблем, для вырашэння якой неабходны вялікія грашовыя сродкі. Тыя школы, якія ўвайшлі ў склад аграгарадкоў, практычна поўнасцю забяспечаны неабходным абсталяваннем. У астатніх час ад часу ўзнікаюць праблемы, якія патрабуюць вырашэння.


Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.