Ад ініцыятыў да інавацый – менавіта ў такім накірунку будуць сёлета працаваць навучальныя ўстановы Астравеччыны

1

Напярэдадні новага навучальнага года ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшла традыцыйная раённая нарада кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі.


З раніцы да кінаканцэртнай залы пачалі з’язджацца аўтобусы, з якіх выходзілі шчаслівыя настаўнікі з прыгожымі букетамі ў руках. Можна было толькі падзівіцца настаўніцкай творчасці! Бо не было ні аднаго букета, а яны стаялі ў фае, хоць чымсьці падобнага на іншы. Самыя розныя – з засушаных і жывых кветак, з прыгожых, каралеўскага выгляду ружаў, са, здавалася б, звычайных, але такіх гордых гладыёлусаў і вяргінь, астраў, аксамітак, сланечнікаў… А яшчэ кампазіцыі з агародніны і букеты, дапоўненыя мяккімі цацкамі, якія так і хацелася пакратаць. Тут жа ў фае размясцілася і выстава навукова-метадычнай літаратуры выдавецтва “Аверсэв”, з якой можна было не толькі пазнаёміцца, але і набыць неабходныя дапаможнікі для ўласнага карыстання.
А букеты заваявалі сваё месца не толькі ў фае, па-святочнаму ўпрыгожаная сцэна кінаканцэртнай залы таксама патанала ў кветкавых кампазіцыях.
А ў вялікай зале, утульна ўладкаваўшыся ў мяккія крэслы, вялі размову настаўнікі. Сёлета іх таксама сабралася некалькі пакаленняў – умудроныя вопытам, але заўсёды маладыя душой ветэраны, якія аддалі педагагічнай працы ўсё жыццё, маладыя спецыялісты, якія першага верасня дадуць свой першы ў жыцці самастойны ўрок, і спецыялісты, якія цяпер працуюць у сістэме адукацыі.
А пачалі раённую нараду педагагічных работнікаў вучні СШ №1, якія ў вершах паспрабавалі ўсім растлумачыць, што значыць прафесія настаўніка. Новаўвядзеннем гэтага года было тое, што вядучымі нарады былі настаўнікі гімназіі №1 А.Ч. Севасцян і А.В. Ляцкі.
Як і звычайна, былі на педагагічнай нарадзе ганаровыя госці. Сёлета ў іх склад трапілі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Галіна Мікалаеўна Юргялевіч, начальнік аддзела агульнай сярэдняй адукацыі і дашкольнага выхавання ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, пракурор раёна Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык і, канешне, начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка, а яшчэ 20 спецыялістаў і метадыстаў аддзела адукацыі, 32 кіраўнікі навучальных устаноў і 370 педагогаў.
Астравеччына заўсёды славілася настаўнікамі і іх праца была ў пашане, таму зусім не дзіўна, што першых кветкамі і словамі ўдзячнасці ўшаноўвалі педагогаў-ветэранаў, якіх на гэты раз сабралася не вельмі шмат, але якія на гэтае свята прыходзяць з вялікім задавальненнем.
– Я і цяпер помню, як прысутнічала на першай у сваім жыцці жнівеньскай педагагічнай нарадзе. Хаця было гэта даўно. Сёлета – юбілей – 40 гадоў назад па размеркаванні я прыехала ў Астравецкі раён, – гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Міхайлаўна Літвіновіч.
І ўсе 40 гадоў Яўгенія Міхайлаўна аддала школе і дзецям. Спачатку працавала ў Дзягеневе – хаця на той час закончыла Ваўкавыскае педвучылішча па спецыяльнасці пачатковыя класы і вучылася ў Гродзенскім педінстытуце на рускага філолага, выкладаць давялося… матэматыку. А потым была школа ў Гудагаі, з якой Яўгенія Міхайлаўна і пайшла на заслужаны адпачынак. І сёння для яе 1 верасня, як і раней, таксама свята.
А затым прыйшла чарга і маладых спецыялістаў. Сёлета ў наш раён іх прыехала 24. Матэматыкі, філолагі, гісторыкі, інфарматыкі, фізікі, настаўнікі фізічнага выхавання і сацыяльныя педагогі, псіхолагі і дэфектолагі, біёлагі і настаўнікі пачатковых класаў, працоўнага навучання і замежнай мовы – усе яны атрымалі ў навучальных установах сваё першае працоўнае месца, а разам з ім на іх плечы лягла адказнасць за навучанне і выхаванне нашых дзяцей. Аб тым, якія задачы цяпер стаяць перад маладымі спецыялістамі, гаварыла настаўніца рускай мовы і літаратуры Трокеніцкай базавай школы Наталля Іванаўна Хвясечка.
Ад імя маладых спецыялістаў выступіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай школы Вольга Іванаўна Грынцэвіч.
Затым настаў час дакладу “Ад ініцыятыў да інавацый”, з якім выступіў начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка. Ён спыніўся на выніках работы дашкольных устаноў, базавых і сярэдніх школ, расказаў, як працуе ў раёне сістэма спецыяльнай адукацыі, як наладжана выхаваўчая работа і работа з кадрамі, як арганізуецца харчаванне школьнікаў. Разам са станоўчымі момантамі, былі падняты і пытанні, па якіх раён не дацягвае да абласных паказчыкаў.
Наступнае выступленне было прысвечана дзейнасці сістэмы адукацыі ва ўмовах уступлення ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Для таго, каб глыбей асвятліць пытанні, разгледжаныя ў Кодэксе, на нараду была запрошана госця з Мінска – Г.М. Юргялевіч.
Галіна Мікалаеўна расказала пра раздзелы кодэкса і пра новаўвядзенні, якімі давядзецца карыстацца з 1 верасня ў сувязі з прыняццям гэтага закона. Цікава было даведацца, што ў Кодэксе прадугледжана магчымасць выхавання дзіцяці ў дашкольных установах па асобных праграмах і наведванне садка з 2 месяцаў (цікава, ці з’явяцца такія выхаванцы ў нашых садках?). Кодэксам таксама замацавана 11-гадовая адукацыя, пяцідзённы рабочы тыдзень і дзесяцібальная сістэма адзнак, пашырана сфера абавязкаў вучняў і разгледжаны пытанні арганізацыі харчавання. Удзелена ўвага прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. А сваё выступленне Галіна Мікалаеўна закончыла вершам уласнага сачынення.
Начальнік аддзела агульнай сярэдняй адукацыі і дашкольнага выхавання ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская ў сваім выступленні адзначыла станоўчыя бакі раённай адукацыі і падзякавала за добрыя вынікі, а таксама звярнула ўвагу на тыя накірункі і праблемы, якія патрабуюць дапрацоўкі.
Слова для выступлення было прадстаўлена і пракурору раёна А.І. Марцінчыку. Дарэчы будзе адзначыць, што прадстаўнікі пракуратуры ўдзел у такіх мерапрыемствах прымаюць штогод. Ён звярнуў увагу сабраўшыхся на праблемныя пытанні выхавання школьнікаў і моладзі і прапанаваў аб’яднацца для вырашэння складаных пытанняў.
Намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла ў сваім выступленні павіншаваў усіх педагогаў з новым навучальным годаў і выказаў словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы каму мінулы год закончыўся з добрымі вынікамі.
А потым пачалася самая прыемная і доўгачаканая частка нарады – узнагароджванне лепшых педагогаў за плённую працу і добрыя вынікі. І ўжо толькі дзеля гэтага трэба прысутнічаць на падобных канферэнцыях, каб парадавацца за калег і намеціць задачы на новы навучальны год для сябе.
Закончылася пасяджэнне таксама на добрай вясёлай, музычнай ноце – сваю праграму “Горад дзяцінства” прапанавалі педагогі і выхаванцы гімназіі №1, якая па выніках года стала лепшай навучальнай установай у нашым раёне.
Таму – з пачынам! З новым навучальным годам!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.