Абитуриентам. Хочешь стать милиционером - поспеши

милиционерУ рэдакцыю звярнулася жанчына, сын якой хоча служыць у міліцыі, і папрасіла расказаць, дзе і як можна атрымаць адпаведную адукацыю. Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі старшага інспектара групы кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандра Мар’янавіча Качкана.

–Тыя, хто вырашыў будучую прафесію звязаць са службай у міліцыі, могуць паступаць у дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы – Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі інстытут МУС. Пры паступленні ўлічваецца бал атэстата, а таксама вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай ці рускай мове, замежнай мове і грамадазнаўству. Трэба будзе прайсці медыцынскі і псіхафізіялагічны агляды не толькі ў раённай, але і ў абласной медыцынскай установе.

На дзённую форму могуць паступаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь з 17 да 25 гадоў. Тэрмін навучання – 4 гады. Падчас вучобы курсанты забяспечваюцца жыллём, абмундзіраваннем, харчаваннем. З пералікам факультэтаў і спецыяльнасцей можна азнаёміцца на сайтах гэтых навучальных устаноў.

Аднак перш за ўсё трэба звярнуцца ў групу кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў да 15 красавіка. Таму, калі вырашылі паступаць “на міліцыянера” сёлета, – паспяшайцеся.