Абитуриентам: а может стать военным?
Кім стаць у будучым? Якую прафесію выбраць, каб пасля не расчаравацца? І каб праца была цікавай, прыносіла задавальненне, дый матэрыяльны дастатак радаваў?Складаны і адказны выбар паўстае перад кожным выпускніком школы. Каб дапамагчы ім разабрацца ў мностве прафесій, і праводзяцца спецыяльныя прафарыентацыі. Нядаўна такое мерапрыемства пад назвай “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць” для вучняў старэйшых класаў правялі супрацоўнікі ваенкамата Астравецкага раёна сумесна з органамі пагранічнай службы.
Які хлопчык хоць раз у жыцці не ўяўляў сябе ваенным – высокім, дужым, статным, у прыгожай вайсковай форме? На прафарыентацыйным мерапрыемстве, якое прайшло ў сярэдняй школе №2 г. Астравец, прысутныя маглі пазнаёміцца з тымі, хто выбраў гэтую прафесію і ажыццявіў дзіцячую мару.
І першымі вопытам службы падзяліліся пагранічнікі. Ахова дзяржаўнай мяжы, верная служба Айчыне і стараннае выкананне абавязкаў – вось асноўныя правілы іх дзейнасці, якія ўжо з першага курса прывіваюць у інстытуце пагранічнай службы. Аб прэстыжнасці і папулярнасці гэтай установы прысутным расказаў курсант інстытута пагранічнай службы. Дарэчы, ён паведаміў прыемную навіну, якая датычылася дзяўчат: сёлета ў гэтую навучальную ўстанову будуць набіраць і прадстаўніц прыгожай паловы.
Баявыя вучэнні, тэхніка самаабароны, дысцыпліна і загартоўка, цікавыя мерапрыемствы, а таксама дзяржаўнае ўтрыманне, дастойная стыпендыя, прэстыж і стопрацэнтнае працаўладкаванне – усё гэта атрымліваюць і курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навучэнцы розных курсаў і факультэтаў расказалі выпускнікам пра асаблівасці вучобы, аб патрабаваннях і плюсах гэтай навучальнай установы.Больш падрабязна пра ўмовы паступлення і тэрміны для падачы дакументаў у Ваенную акадэмію паведаміў начальнік групы прызыву на ваенную службу Астравецкага ваенкамата Дзмітрый Багуслаўскі.
Пасля тэарэтычнай часткі надышла практычная: старшакласнікі наведалі аддзяленне пагранічнай службы “Гудагай”, дзе змаглі паглядзець, як служаць ахоўнікі мяжы. Для выпускнікоў правялі цікавую экскурсію па тэрыторыі, расказалі пра будні пагранічнікаў, пазнаёмілі з іх вернымі сябрамі і памочнікамі – прыгожымі і разумнымі сабакамі.
Думаецца, пасля такога цікавага і насычанага мерапрыемства ў многіх выпускнікоў школ узнікла думка: а можа і мне стаць ваенным? А гэта дастойны выбар, бо служыць на карысць Айчыны – пачэсная місія сапраўдных мужчын.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
