Аўтарскі ракурс: каму патрэбна сустрэча са школай?
– Ці ведаеш ты, чаму вечары сустрэчы выпускнікоў праводзяцца ў першую суботу лютага? – звярнулася да мяне сяброўка напярэдадні 4 лютага гэтага года, калі ва ўсіх школах адбываліся вечары сустрэчы выпускнікоў.
Пытанне прымусіла задумацца… Магчыма, таму, што якраз напярэдадні адзначаецца Таццянін дзень, вядомы, як Дзень студэнта? Ці таму, што ў гэты час студэнты адпачываюць на канікулах? Ці таму, што зімой лягчэй сабрацца, бо летам, як правіла, хто ў адпачынку, хто заняты па гаспадарцы? Ды ці мала можна знайсці прычын, каб не пайсці на вечар сустрэчы выпускнікоў!?
І адразу ж узнікла яшчэ адно пытанне: хто і чаму прыходзіць – або наадварот, не прыходзіць – у школу на вечар сустрэчы?
Гэта і прымусіла мяне сабрацца і, нягледзячы на 30-ціградусны мароз, пайсці суботнім вечарам у школу.
Хаця, прызнаюся, за час, што прайшоў пасля заканчэння школы, я не была на вечары сустрэчы мабыць, толькі разы два – і на тое былі ўважлівыя прычыны. У студэнцкія гады мы з аднакласнікамі збіраліся штогод. Зразумела, не ўсім класам, але большасць заўсёды прыходзіла ў школу. Потым, калі сама працавала ў школе, заўсёды прысутнічала на вечарах, – а аднакласнікаў між тым прыходзіла ўсё менш і менш. І я заўсёды здзіўлялася: чаму прыходзяць не ўсе выпускнікі?
А што ж сёлета? Зала, як і заўсёды, была запоўнена выпускнікамі рознага ўзросту. Праўда, у асноўным гэта была моладзь – тыя, што закончылі школу зусім нядаўна.
…Адкрываецца вечарына, дырэктар гаворыць слова – і пачынаецца пераклічка гадоў. 1991 – адзін чалавек, 1992 – ні аднаго, нават з улікам таго, што ў іх юбілей выпуску! 1993 – адзін выпускнік, 1994 – таксама адзін, 1995 – ні аднаго, 1996 – таксама нікога няма. 1997 – таксама юбілейны выпуск, – адзін выпускнік. Парадавала, што выпускнікоў 2002 і 2007 гадоў, якія сёлета адзначалі адпаведна 10 і 5 гадоў пасля заканчэння школы, было значна больш. Найбольш людзей сабралася з ліку тых, хто закончыў школу ў мінулым годзе. Выпадковасць ці заканамернасць?
Чаму ж выпускнікі не ідуць на вечары сустрэч?
“У нас не юбілейны год,” – сказалі адны. “Няма часу, “ – дадалі другія. “Вы што, такі мароз!”, “А што там рабіць?”, “Я сваіх аднакласнікаў амаль кожны дзень у “Аднакласніках” бачу!” і шэраг іншых тлумачэнняў пачула я ў адказ на сваё пытанне.
Мажліва, усе яны маюць рацыю. Не разумею аднаго: няўжо не хочацца сустрэцца са сваімі настаўнікамі? Пагаварыць з сябрамі не on-line, а сам-насам? Нарэшце, акунуцца ў часы весялосці і бесклапотнасці, успомніць самыя шчаслівыя ў жыцці кожнага чалавека школьныя гады? Але ў першую чаргу – убачыць настаўнікаў! Якія, нягледзячы ні на што, у любое надвор’е і пару года чакаюць кожнага са сваіх выпускнікоў.
Прысвяціць ім толькі адзін вечар цэлага года – не складана, наадварот – прыемна! Парадаваць іх сваімі поспехамі, выказаць словы ўдзячнасці ці папрасіць прабачэння…
Час мяняе людзей. Спадзяюся, што і мы таксама зменімся, і, канешне, у лепшы бок.
Алена ЯРАШЭВІЧ.