22 диплома завоевали кружковцы Центра творчества детей и молодёжи на Международном форуме "Зелёная планета"
Забруджванне, знішчэнне, экалогія, “зялёныя” тэхналогіі – паняцці, якія сталі частымі “гасцямі” нашага лексікону. Чым далей рухаецца тэхналагічны прагрэс, тым больш актуальна гучыць праблема экалагічных рашэнняў. Выхоўваць экалагічную культуру падрастаючага пакалення можна па-рознаму: распавядаць, вывучаць, параўноўваць, даследаваць, ладзіць сацыяльна значную дзейнасць, заклікаць да захаваня прыроднага багацця і … тварыць, як гэта робяць выхаванцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Ужо які год запар нашы дзяўчаты і хлопцы прымаюць удзел у Міжнародным экалагічным форуме “Зялёная планета” ў межах Міжнароднай праграмы “Дыялог культур: ад пазнавання да павагі”. У мінулым годзе арганізатары форума прапанавалі ўдзельнікам зірнуць на нашу планету і яе праблемы скрозь прызму літаратуры. На гэты заклік адазвалася 37 краін-удзельніц. Юным жыхарам планеты прапанавалася прадставіць свае творчыя погляды на праблему захавання экалогіі ў чатырох накірунках: літаратурным, выяўленчым, дэкаратыўна-прыкладным і песенна-тэатральным.
У літаратурным конкурсе “Жыццё леса і лёсы людзей” канкурсантам трэба было расказаць пра прыгажосць і экалагічныя праблемы роднага краю або апісаць узаемасувязь чалавека з прыродай. Пераканаўча ўпэўніць членаў журы ў тым, што чалавек імкнецца да добрых спраў і клапоціцца пра братоў нашых меншых, удалося Лізавеце Дрэма ў замалёўцы “Гісторыя не аднаго жыцця”. Дзяўчына ўзнагароджана дыпломам лаўрэата.У конкурсе малюнкаў “Зялёная планета вачыма дзяцей” нашы выхаванцы дэманстравалі не проста свой экапогляд – яны павінны былі праілюстрыраваць пэўныя літаратурныя творы аб прыродзе. Тут у ліку пераможцаў аказаліся навучэнкі гурткоў “Фантазія” і “Акадэмічны малюнак. Жывапіс” Анжаліка Адамковіч, Ксенія Бараноўская, Ганна Пазлевіч, Рэгіна Талуць, Ганна Тумашчык і Валерыя Урбановіч.
У конкурсе асобных вырабаў і кампазіцый з прыроднага матэрыялу “Шматразнастайнасць векавых традыцый” уласнае арт-бачанне выкарыстання саломкі, ільну і паперы з поспехам прадэманстравалі выхаванцы гурткоў “Ачумелыя ручкі”, “Залаты вернісаж” і “Акадэмічны малюнак. Жывапіс” Лізавета Дрэма, Анжаліка Адамковіч, Алёна Алейнікава, Эльвіра Баравік, Карына Гродаль, Кацярына Дыско, Ангеліна Лях, Вікторыя Мілешка, Наталля Арлоўская, Руслан Русакевіч і Кацярына Юшкевіч.
Разам з юнымі талентамі перамогу святкавалі і іх (не менш таленавітыя!) настаўнікі Валянціна Вільеўна Віннічак, Вольга Анатольеўна Кузміцкая, Тэрэса Іосіфаўна Варановіч і Аляксандра Мікалаеўна Букель.Усяго 22 дыпломы лаўрэатаў, а таксама грамату за значны ўклад у фарміраванне экалагічнай культуры і запрашэнне на форум 2016 года атрымалі навучэнцы і педагогі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па выніках III Міжнароднага экалагічнага дзіцячага форума “Зялёная планета”! Нашы “зялёныя” крокі не спыняюцца – і мы ўжо рушым наперад з новымі ідэямі.
------------------------
Рыта Дрэма, намеснік дырэктара ЦТДіМ.
