2015 год посвящён ушастой сове
Штогод грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вызначае сімвал года сярод птушак. 2015 год праходзіць пад знакам вушастай савы. Дабрачынная акцыя праводзіцца, каб прыцягнуць увагу людзей да праблем аховы і зберажэння жывой прыроды.Вучні Гудагайскай школы з задавальненнем уключыліся ў інфармацыйна-асветніцкія і практычныя мерапрыемствы, прысвечаныя птушцы года. Конкурсы малюнкаў і фотаздымкаў, вырабаў з прыроднага матэрыялу, разьба па дрэве, мяккія цацкі – галоўным героем дзіцячай і бацькоўскай творчасці стала вушастая сава.
І сёння ў кабінеце біялогіі Гудагайскай школы дзейнічае выстава “2015 – год вушастай савы”, дзе прадстаўлены работы вучняў. Алег Батура, Арцём Каспяровіч і Даша Пясляк сваіх соў выразалі з дрэва. Сава Міхаіла Сталярова зроблена з марскога ракушачніку. Дзмітрый Ярашэвіч сваю саву стварыў з сена і апрануў як вядучага вядомай гульні “Што? Дзе? Калі?”, падкрэсліўшы, што сава – сімвал мудрасці. Дзіяна Паршутовіч вышыла “вушастую” крыжыкам і намалявала фарбамі на тканіне. А совы Святланы Батура – сімпатычныя мяккія цацкі.
Але больш за ўсё на выставе малюнкаў – ажно 38. Самыя адметныя – работы Кацярыны Маргуж, Антона Рзуна, Яніны Мацкевіч, Паліны Бурбуль, Дар’і Лукша, Анастасіі Заянчкоўскай.Больш за ўсіх пашанцавала, напэўна, Дзянісу Юцкевічу. Хлопчыку ўдалося сфатаграфаваць маленькае савяня, якое заляцела да іх на панадворак. Днём птушаня адпачывала, а ноччу станавілася актыўным – і праз некалькі дзён дзеці аднеслі ляснога госця ў родныя пенаты.
Пастараліся і старшакласнікі. Яны стварылі інфармацыйныя буклеты з цікавымі фактамі з жыцця вушастай савы. Ці ведалі вы, што самая старая вушастая сава пражыла 29 гадоў і 9 месяцаў? Ці той факт, што гэта птушка можа паварочваць га- лаву на 270 градусаў? Апроч таго, пазнавальныя “вушкі” з пёраў вушастай савы не маюць нічога агульнага з вушамі, а яе сапраўдныя вушы ўбачыць няпроста – яны схаваны пад пёрамі. Дарэчы, вушастая сава – адна з 11 відаў соваў, якія гняздуюцца ў Беларусі.
Акцыя, прысвечаная вушастай саве, працягнецца да канца года. Усе неабыякавыя людзі могуць стаць удзельнікамі мерапрыемстваў: прыбярыце смецце, зрабіце шпакоўню, пасадзіце дрэўца – і разам захаваем непаўторную прыгажосць нашай краіны!
--------------------------------------
Таццяна АЗАЦЯН, кіраўнік гуртка “Юны эколаг”.
