15 школьников представят Островецкий район на областном этапе республиканской олимпиады
15 школьнікаў з Астравеччыны будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, якая ў студзені будучага года пройдзе ў Гродне.Папярэдне юным алімпіёнікам неабходна было прайсці школьныя выпрабаванні – удзел у першым этапе прынялі 839 школьнікаў. З іх на раённы этап у Астравец прыехалі 156 алімпіёнікаў і прадэманстравалі нядрэнныя вынікі: 57 з іх сталі пераможцамі раённага этапу і ў выніку былі ўзнагароджаны дыпломамі І (8 школьнікаў), ІІ (12 вучняў) і ІІІ (37 алімпіёнікаў) ступеней.
Не першы год добрыя вынікі на раённай алімпіядзе дэманструюць школьнікі з Падольскага НПК, Міхалішкаўскай сярэдняй школы і гімназіі №1, вучні якой сёлета заваявалі 27 дыпломаў.
Па выніках раённай алімпіяды школьнікі ўдзельнічаюць у абласным рэйтынгавым адборы. Сёлета 15 юных астравецкіх алімпіёнікаў па выніках адбору трапілі на абласную алімпіяду. Сярод іх – адзінаццацікласніца Ангеліна Пятровіч і дзесяцікласніца Юлія Багушэвіч з гімназіі №1, якія прымуць удзел у алімпіядзе па хіміі. Дзесяцікласнік СШ №1 Дзмітрый Краўцоў прайшоў адбор на алімпіяду па англійскай мове. У алімпіядзе па беларускай мове прыме ўдзел дзевяцікласніца Васіліса Сяргей з Міхалішкаўскай школы. На геаграфію адправіцца адзінаццацікласнік-гімназіст Андрэй Малочка. Гонар раёна на алімпіядзе па фізіцы будуць абараняць адзінаццацікласніца з СШ №1 Лізавета Клімчэня і дзесяцікласніца-гімназістка Анастасія Карнэлік. Дарэчы, Анастасія прайшла і рэйтынгавы адбор на алімпіяду па матэматыцы, таму цяпер дзяўчыне трэба выбраць адзін з прадметаў. На алімпіяду па нямецкай мове паедуць адзінаццацікласніца-гімназістка Вераніка Анімуцкая і Кацярына Шылько з Падольскага НПК. Лепшы вынік па грамадазнаўству прадэманстравала гімназістка Вікторыя Сідаровіч – яна таксама трапіла на вобласць. Акрамя яе ў зборную раёна па грамадазнаўству ўключаны дзесяцікласнікі Ангеліна Мельгуй і Аліцыя Кусойць з гімназіі №1, а таксама Аляксандр Нагорскі з СШ №1.
Адзінаццацікласніца Ксенія Марцінчык прадставіць СШ №1 і Астравеччыну на алімпіядзе па рускай мове. А адзінаццацікласнікгімназіст Артур Петрулевіч адправіцца на алімпіяду па астраноміі.
Акрамя таго, трое нашых школьнікаў – Валерыя Міцкун і Таццяна Ільюк з Падольскага НПК і Ксенія Чарняўская з гімназіі №1 – трапілі ў рэзерв на алімпіяды па нямецкай і рускай мовах адпаведна. Гэта значыць, што пры наяўнасці вольных месцаў яны таксама змогуць прыняць удзел у абласной алімпіядзе.
Абласны этап алімпіяды пройдзе з 11 па 14 студзеня. Пажадаем астравецкім алімпіёнікам поспеху і ўдачы!
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
