145 островчан регулярно сдают свою кровь, чтобы спасти кому-то жизнь
Ці многія з вас задумваліся пра тое, каб здаць кроў? Магчыма, у кагосьці такія думкі і ўзнікалі, але статыстыка сцвярджае, што тых, хто адважыўся “падзяліцца” сваёй крывёй з тымі, каму яна патрэбна, у нашым раёне няшмат. Сёння ў аддзяленні пералівання крыві Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы зарэгістравана 145 чалавек, якія рэгулярна здаюць сваю кроў. Кожны з іх прыйшоў сюды сваім шляхам.
Большасць сярод іх – тыя, для каго дапамога бліжнім прыносіць пачуццё радасці. Пераліванне кампанентаў і прэпаратаў крыві дазваляе штогод ратаваць мільёны жыццяў. Гэтая працэдура штодзень прадаўжае жыццё пацыентаў, робіць лепшым якасць іх жыцця, а таксама дае магчымасць праводзіць складаныя медыцынскія працэдуры і хірургічныя аперацыі.
– У нашым раёне рэгулярна здаюць сваю кроў 145 чалавек, – расказвае старшая медсястра аддзялення пералівання крыві Марына Аляксандраўна Сянюць. – Большая частка нашых донараў – жанчыны. І ў асноўным гэта людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да медыцыны, – урачы, медыцынскія сёстры, санітаркі. Шмат донараў сёння працуе ў сістэме адукацыі і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на заводзе “Радыёдэталь” і ў Дэпартаменце “Ахова”. Ёсць і прадстаўнікі нядаўнаствораных у раёне прадпрыемстваў – “ААТ “Гроднапрамбуд” і ААТ “НІАЭП”.
За адну здачу ў донара бяруць 450 мілілітраў крыві. Гэтая колькасць крыві аднаўляецца ў арганізме хутка, пры гэтым магутны штуршок атрымліваюць эндакрынная і імунная сістэмы арганізма. Навукоўцы сцвярджаюць, што людзі, якія рэгулярна здаюць кроў, менш хварэюць на прастудныя захворванні і грып, радзей пакутуюць ад анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў.
– У краінах ЕС людзі здаюць кроў бескарысліва, не разлічваючы на ўзнагароды і льготы. І праблем з донарамі там не існуе. Сёння сусветная арганізацыя аховы здароўя арыентуе на тое, каб да 2020 года ўсе краіны забяспечвалі існуючыя запасы крыві дзякуючы добраахвотным неаплачваемым донарам, – расказвае загадчык аддзялення пералівання крыві Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч. – Пашыраецца гэтая практыка і ў нас. Толькі за пяць месяцаў бягучага года ў Гродзенскай вобласці 1045 донараў далі сваю кроў бясплатна. У Астраўцы пакуль што такіх жадаючых няма – кожнаму з іх мы будзем вельмі рады і ўдзячны.
Донарства ва ўсім свеце трымаецца на альтруізме людзей. Большасць ідзе здаваць кроў таму, што ведаюць: гэта некаму выратуе жыццё. Але ў нашай краіне донарства яшчэ і аплачваецца. За адну здачу крыві выплачваецца 546 тысяч рублёў – здаваць яе можна кожныя тры месяцы. А вось за плазму цана большая – 764 тысячы. І здаваць яе можна кожны месяц. Праўда, жадаючым уліцца ў рады донараў трэба памятаць, што ім неабходна не толькі добра харчавацца і ўжываць вітаміны, але і весці здаровы лад жыцця.
Донарамі ганарацца ўсе краіны, таму што яны дораць іншым людзям самае каштоўнае – сваю кроў.
У Беларусі існуе такое паняцце, як ганаровы донар. Стаць ім можа той, хто 40 разоў здасць кроў або 80 разоў плазму – аддаваць часцінку сябе трэба рэгулярна на працягу 8-10 гадоў.
З 1997 года нагрудны знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” у нашым раёне атрымалі 175 чалавек. На мінулым тыдні да іх далучыліся яшчэ тры жанчыны: Марына Лявонаўна Шмарлоўская, Ганна Тадэвушаўна Керна і Марына Францаўна Грамбоўская.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ад загадчыка аддзялення пера-лівання крыві Астравецкай ЦРБ яны атрымалі пасведчанні аб узнагароджванні нагрудным зна-кам і кветкі і пачулі словы ўдзяч-насці за дапамогу ў выратаванні жыццяў.
– Па праўдзе кажучы, першы раз пайшла здаваць кроў “за кампанію”, – гаворыць ганаровы донар, якая працуе санітаркай у аддзяленні “Хуткай дапамогі” бальніцы, Марына Францаўна Грамбоўская. – Было гэта ў 2001 годзе. Спачатку здавала кроў, потым перайшла на здачу плазмы. Дарэчы, многія работнікі нашай “Хуткай” узнагароджаны знакам “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” – напэўна, таму, што яны першымі сутыкаюцца з няшчаснымі выпадкамі, якія адбываюцца з людзьмі.
– Існуе меркаванне, што добраахвотныя донары з’яўляюцца самымі бяспечнымі донарамі, таму што яны матываваны на дапамогу іншым людзям і адзінае ўзнагароджванне, якое яны атрымліваюць, – гэта асабістае задавальненне, самапавага і гонар. Зрэшты, так яно і павінна быць, бо рабіць дабро за грошы – няправільна і немагчыма, – упэўнены загадчык аддзялення пералівання крыві Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч.
Для даведкi:
Сусветны дзень донара крыві ў 2014 годзе праводзіўся пад дэвізам “Бяспечная кроў для выратавання мацярок”. Тэма гэтая актуальная і сёння: штодзень у свеце ад ускладненняў пры цяжарнасці і родах памірае 800 жанчын.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
