1 декабря - Всемирный день борьбы со СПИДом

Ён не выбірае, яго – таксама. Ён проста прыходзіць і ставіць перад фактам страшнага дыягназу. І раптоўна становіцца позна – думаць, засцерагацца, плакаць ці прасіць… Стужку жыцця немагчыма адматаць назад, каб не рабіць, спыніцца, адумацца ці не трапіць у пастку бесчалавечнага лёсу… І белы дзень становіцца чорным, і рознакаляровую стужка светлай і шчаслівай будучыні перакрэслівае чорная заслона…
ВІЧ-інфекцыя, СНІД… Гэтыя словы гучаць не як дыягназ страшнай хваробы. Гэта гучыць, як прысуд ці нават праклён. Ад якога не ўцячэш і не схаваешся, ад якога няма выйсця, ад якога пакуль няма лекаў. І застаецца толькі спадзяванне… Адным ён літасціва дазваляе жыць яшчэ не адзін дзясятак гадоў, іншых «з’ядае» за некалькі месяцаў.

СНІД перадаецца:
1. Праз кроў:
- нестэрыльныя шпрыцы і іншыя інструменты, якія парушаюць цэласнасць скуры;
- пераліванне інфіцыраванай крыві;
- траплянне крыві інфіцыраванага на раны ці слізістую абалонку здаровага чалавека;
2. Палавыя кантакты без кантрацэптываў;
3. Ад інфіцыраванай маці да дзіцяці ў час цяжарнасці, родаў і груднога кармлення.


СНІД не перадаецца:
1. Праз пацісканне рукі і абдымкі.
2. Праз пацалункі.
3. Пры сумесным выкарыстанні ваннай і туалета.
4. Пры сумесным выкарыстанні посуду, сталовых прыбораў.
5. Па паветры, сумесным карыстанні мэбляй, тэлефоннай трубкай.
6. Праз укусы насякомых.

Першага снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Ці зарэгістраваны ВІЧ-інфецыраваныя ў Астравецкім раёне і што рабіць, каб не захварэць, – з гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да ўрача кабінета інфекцыйных захворванняў цэнтральнай раённай бальніцы Валянціны Аляксандраўны Дрэйчук.
– Ці ёсць у Астравецкім раёне выпадкі захворвання ВІЧ-інфекцыяй?
– Так. На дыспансерным уліку ў Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы знаходзіцца адзін ВІЧ-інфіцыраваны. Заражэнне адбылося палавым шляхам. Назіраецца пацыент на працягу года.
– Многіх хвалюе, ці паўплываў той факт, што ў Астравец прыехала шмат спецыялістаў па будаўніцтву атамнай электрастанцыі, на рост захворванняў, у прыватнасці ВІЧ-інфекцыі?
– Паўтаруся, у нас зарэгістраваны адзін ВІЧ-інфіцыраваны. І з павелічэннем колькасці насельніцтва ў горадзе ў сувязі з прыездам спецыялістаў па будаўніцтву атамнай электрастанцыі рост такога захворвання не назіраецца. Ды гэта і немагчыма. Бо ўсе гра мадзяне, якія прыехалі да нас, пры працаўладкаванні праходзяць абавязковае медыцынскае абследаванне, у тым ліку і на ВІЧ-інфекцыю. Падобнае абследаванне прыезджыя пацыенты могуць прайсці або ў нашай бальніцы, або прыязджаюць ужо з гатовым медыцынскім сертыфікатам аб праходжанні абследавання па месцы жыхарства. Многія прыбываюць са сваёй старой медыцынскай карткай, для некаторых заводзім новую або часовую. Але ніводнаму грамадзяніну – прыезджы ён ці не – не будзе адмоўлена ў медыцынскай дапамозе.
– Дзе і якім чынам можна звычайнаму чалавеку праверыцца на ВІЧ-інфекцыю?
– Пры жаданні гэту працэдуру можна прайсці ананімна. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў працэдурны кабінет Астравецкай бальніцы і сказаць, што вы хочаце абследавацца на ВІЧ. І там скажуць, што для гэтага неабходна. У такім выпадку на пацыента будзе заведзены спецыяльны код, а прозвішча нідзе фігураваць не будзе. Калі ж чалавек хоча абследавацца не ананімна, ён павінен звярнуцца або да тэрапеўта, або сюды, у кабінет інфекцыйных захворванняў. Тут выпішуць адпаведнае накіраванне, пацыент запоўніць бланк з неабходнымі данымі.
– Калі чалавек даведаўся, што ён – ВІЧ-інфіцыраваны, што яму рабіць у першую чаргу?
– Канешне, пастарацца як мага больш бясшкодна для сябе справіцца з стрэсам і шокам ад такой навіны. І абавязкова прыйсці да нас у бальніцу, каб стаць на дыспансерны ўлік. У першую чаргу ён павінен будзе прайсці дадатковае абследаванне ў Гродзенскай інфекцыйнай бальніцы для пацвярджэння дыягназу, бо бываюць выпадкі, калі першапачатковы дыягназ ставіцца пад сумненне. Напрыклад, у гэтым годзе былі чатыры падобныя выпадкі. У такіх сітуацыях мы адпраўляем узятую кроў у Гродзенскую амбулаторыю на арбітраж. Калі ж і там узнікаюць сумненні, аналізы накіроўваюцца ўжо ў Мінск у рэспубліканскую амбулаторыю.
– Ці ёсць у ВІЧ-інфекцыі першапачатковыя прыкметы? І калі ёсць, то якія?
– Усё залежыць ад імуннай сістэмы, здароўя і індывідуальных асаблівасцей чалавека. Пагэтаму працэс захворвання ў кожнага праходзіць па-рознаму. Аднак звычайна на пачатковай стадыі заражэння ВІЧ-інфіцыраваны – здаровы чалавек, якога нічога не турбуе. І аб захворванні ён даведваецца выпадкова, падчас чарговага медыцынскага абследавання. Прыкметы хваробы ў кожнага праяўляюцца па-свойму і праз розны час. У кагосьці праз дзесяць-дваццаць гадоў, у некага – праз год ці два.
– Ці існуе стопрацэнтная засцярога ад заражэння ВІЧ-інфекцыяй?
– Цікава, што на зямлі жывуць пяць працэнтаў людзей, якія наогул не могуць заразіцца ВІЧ і захварэць СНІДам. У іх арганізме ёсць спецыяльныя рэцэптары, якія захоўваюць іх ад страшнай хваробы. Вось гэта шчаслівыя людзі. Што рабіць усім астатнім? Самая галоўная засцярога – гэта прафілактыка і веданне праблемы. Важна выконваць элементарныя правілы санітарнай гігіены – карыстацца толькі сваімі асабістымі рэчамі. Хочацца звярнуць увагу і на такую працэдуру, як наведванне салонаў па навядзенні манікюру ці педыкюру, дзе ўсе прылады павінны быць абавязкова апрацаваны ў спецыяльным растворы, бо нярэдка здараюцца надрэзы і кантакт з крывёй. І невядома, што за чалавек і з якім дыягназам абслугоўваўся перад вамі. Гэта элементарная засцярога для свайго здароўя. Што тычыцца перадачы ВІЧ-інфекцыі палавым шляхам, то тут найлепшай аховай з’яўляюцца надзейныя кантрацэптывы – прэзерватывы. А яшчэ лепш – мець аднаго надзейнага сексуальнага партнёра, якому поўнасцю давяраеце і ў здароўі якога ўпэўнены.


---------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.