Жыхарка Астраўца ўкрала ў пенсіянеркі 820 тысяч рублёў
ЗАРОБАК ДЛЯ НЕПРАЦУЮЧАЙ
Патрэба ў грашах узнікае, як правіла, у самы нечаканы момант. Можна, вядома, пазычыць у суседа ці знаёмага “да палучкі”. Але некаторыя лічаць, што прасцей – украсці.
Напэўна, так вырашыла 28-гадовая раней судзімая жанчына з Астраўца. Каб задаволіць сваю патрэбу ў грашах, яна 27 лютага завітала ў госці да пенсіянеркі з вёскі Кавалі, у якой украла 820 тысяч рублёў.
Ды толькі патраціць “лёгкія” грошы жанчына не паспела, бо супрацоўнікі міліцыі хутка вылічылі зладзейку і хутка, напэўна, аматарка лёгкіх заробкаў адправіцца на казённае забеспячэнне.
У ЦЁМНЫМ ЛЕСЕ
Адчуванне хуткай вясны разварушвае гаспадароў лясных бровараў, якія актывізавалі вытворчасць самагону.
20 лютага міліцыянеры сумесна з супрацоўнікамі дэпартамента Аховы пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў знайшлі ў лясным масіве каля вёскі Жусіны самагонны апарат і 800 літраў брагі.
А на наступны дзень яшчэ адзін лясны міні-завод і 300 літраў брагі супрацоўнікі Астравецкага РАУС знайшлі непадалёк ад вёскі Сарочча.
Па гэтых справах праводзіцца праверка.
ІНТЭР-ЗЛОДЗЕЙ
Злачынствы на прасторы інтэрнету ў межах нашай краіны, а тым больш раёна, – рэдкасць. Але з’явіўся і на Астравеччыне першы дамарослы хакер.
29 лютага супраць 20-гадовага жыхара Астраўца была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулу “Камп’ютарны сабатаж”.
Хлопец яшчэ ў лістападзе разблакіраваў доступ да інтэрнету свайго суседа, змяніў тарыфны план і карыстаўся ім. Урон ад дзеянняў хакера ацэньваецца ў 77 тысяч рублёў.
Зараз хакер чакае рашэння суда.
Падрыхтаваў Антон ЧЫК.