Жыхар Астравецкага раёна гандляваў золатам
Супрацоўнікамі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі абласнога ўпраўлення ўнутр-аных спраў і Астравецкага райаддзела сумесна з аператыўнікамі Камітэта дзяржбяспекі затрыманы жыхар раёна, які гандляваў залатымі вырабамі.
Следчыя ўстанавілі, што 44-гадовы “ценявік” неаднаразова прадаваў грамадзянам рэчы з высакароднага металу, на якіх не было кляйма Рэспублікі Беларусь або былога СССР.
Падчас вобыску ў нелегальнага гандляра было знойдзена 34 залатыя вырабы агульнай вагой 256 грамаў. Кошт гэтых прадметаў ацэнены ў 96 мільёнаў 800 тысяч рублёў.
Акрамя таго, у доме маці затрыманага супрацоўнікі міліцыі выявілі цікавую знаходку: вінтоўку часоў Вялікай Айчыннай вайны са снайперскім прыцэлам і 107 патронаў калібру 7,62 міліметры.
Па факту парушэння правіл аб здзелках з каштоўнымі металамі абласным упраўленнем Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа, падчас раследвання якой падсуднаму давядзецца адказаць на шмат пытанняў.
Сяргей ШАРШАНЭВІЧ, Мар’ян СІНКЕВІЧ.