Замест кайфу 10 гадоў калоніі
Дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці – такі прыгавор вынес суд Ашмянскага раёна грамадзяніну Літвы Й. Усціла. Ён прызнаны вінаватым у незаконным абароце наркотыкаў у буйным памеры і перамяшчэнні іх праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь.
Мужчына спрабаваў правезці ў Беларусь каля 11 кілаграмаў гашышу. Восем палімерных скруткаў са спрасаваным рэчывам зялёнага колеру былі знойдзены ў канструктыўных нішах легкавога аўтамабіля маркі “Лінкальн”. Пасля комплекснай хіміка-крыміналістычнай экспертызы было ўстаноўлена, што гэтае рэчыва расліннага паходжання на самой справе з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам – гашышам.
Судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда пакінула касацыйную скаргу асуджанага без задавальнення.
Крымінальная справа ў адносінах літоўца была ўзбуджана ў жніўні мінулага года, папярэдняе следства па ёй праводзілася следчым аддзелам Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі па Гродзенскай вобласці.
Прэс-служба УКДБ па Гродзенскай вобласці.