Тыдзень postfactum. Прысуд: памілаваць нельга...

У мінулую суботу сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі паведамленне аб выкананні прысуду па справе аб падрыве станцыі метро “Кастрычніцкая” мінскага метрапалітэна.


Вечарам гэтага ж дня ў Мінску, ля мемарыяльнай дошкі ў памяць ахвяр выбуху, з’явіўся перавязаны жалобнай стужкай партрэт аднаго з пакараных тэрарыстаў.
А ў панядзелак у шэрагу еўрапейскіх газет з’явіліся артыкулы пад загалоўкам “Беларусь смуткуе з выпадку смерці Канавалава і Кавалёва”.
Вось так, ні больш і не менш: “уся Беларусь смуткуе...”
Ці маглі мы ўявіць нешта падобнае – крыху менш, чым год назад, адразу пасля выбуху? Чым, як не дзікай крывадушнасцю, здзекам над памяццю ахвяр выбуху, абразай соцень пакалечаных людзей можна назваць падобнае?
Успамінаю цяпер крывую ўсмешку Канавалава на відэакадрах допыту, яго калюча-халодны позірк у камеру – і нечакана пачынаю разумець іх схаваны, злавесны сэнс. Гэта быў позірк не тэрарыста, не ахвяры – пераможцы! Ужо тады ён разумеў, што дабіўся сваёй галоўнай мэты – славы першага беларускага тэрарыста.
Гэтым і тлумачыцца яго маўчанне ў судзе, адмова ад слоў у сваю абарону, ад прашэння аб памілаванні.
Праўда, падчас следства ён быў больш гаваркім. Іншым разам – напэўна, дзеля таго, каб прыхарашыць суровыя турэмныя будні – дазваляў сабе пацешыцца. Аднойчы паведаміў следчым, што навучыўся вырабляць бомбы з затрымкай выбуху ў паўгода і болей. Па зразумелых прычынах грамадскасці аб тым не паведамілі, а спецслужбы ў гэты час збіваліся з ног, шукаючы страшнае выбуховае прыстасаванне.
Такі вось своеасаблівы гумар…
Як ні прыкра гэта ўсведамляць, у многім Канавалаў сапраўды меў рацыю.
Яго імя і тое, што адбылося 11 красавіка 2011 года, ужо ніколі не будзе выкраслена ні з нашай памяці, ні з гісторыі. Яе злая іронія заключаецца ў тым, што ў памяці нашчадкаў захоўваюцца не толькі і нават не столькі імёны геніяльных людзей – пісьменнікаў, мастакоў, вынаходнікаў – а і тых, хто, падобна Канавалаву, узрываў, расстрэльваў, паліў. Некаторыя з іх да гэтага часу лічацца ледзь не нацыянальнымі героямі.
Сёння таксама адбываецца нешта падобнае. Некаму вельмі карціць надаць пакараным злачынцам аблічча пакутнікаў, невінаватых ахвяр “рэжыму”.
Безумоўна, справа была вельмі рэзананснай і закранула інтарэсы вельмі многіх людзей.
Канешне, праблема выкарыстання смяротнага пакарання заслугоўвае грамадскага абмеркавання.
Зразумела, можна спрачацца аб дзейснасці тых ці іншых спосабаў барацьбы з тэрарызмам, разважаць аб ступені віны і адпаведнасці пакарання за здзейсненае злачынства.
Аднак ляпіць герояў са злачынцаў, на сумленні якіх – жыцці і кроў ні ў чым невінаватых людзей – кашчунства ў вышэйшай ступені разумення гэтага слова!
Віна пакараных за арганізацыю і здзяйсненне выбуху ў мінскім метро ўстаноўлена следствам і пацверджана рашэннем суда.
Матэрыялы следства, дзясяткі гадзін (!) відэазапісаў допытаў злачынцаў знаходзяцца ў свабодным доступе ў інтэрнэце, высновы айчынных следчых пацверджаны спецыялістамі інтэрпола, праваахоўнымі органамі Расіі, Ізраіля, незалежнымі экспертамі з краін блізкага і далёкага замежжа, якім “па барабану” нашы палітычныя гульні.
Толькі ці знаёміліся з усім гэтым тыя, хто сёння сумняваецца ў справядлівасці следства?
Замест уласнаручнага дэталёвага аналізу фактаў ідзе дыскусія з адвольнай інтэрпрэтацыяй высноў следства і настойлівым перакананнем адзін аднаго ў тым, што справа сфабрыкавана і насамрэч усё сшыта “белымі ніткамі”.
Справядлівасці дзеля варта прызнаць, што іншым разам, “доказы” невінаватасці тэрарыстаў сапраўды выглядаюць вельмі пераканаўчымі. Напрыклад, калі паведамляецца аб знічшэнні рэчавых доказаў. Сапраўды, што такім чынам жадаюць схаваць следчыя?
Аднак, калі глядзіш у вопіс знішчанага і бачыш у ім: пашкоджаныя ўзрывам фрагменты адзення, якія пацярпелыя адмовіліся забіраць з бальніц, 7 білетаў на трамвай, жэтон на метро, запальнічку “Крыкет”, фрагмент ліста паперы ў клетку, камплект гаечных ключоў, разумееш, што ўсё гэта ні доказам віны, ні сведчаннем невінаватасці ніколі не стане.


Эдуард Свірыд.