Тыдзень postfactum: два погляды на агульную трагедыю
11 красавіка ў Беларусі ўспаміналі ахвяр выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая” мінскага метрапалітэна.
У памяць аб загінуўшых ля ўваходу на станцыю быў устаноўлены мемарыяльны знак. Скульптурная кампазіцыя, вырабленая з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту, уяўляе 15 хваль, на грэбнях якіх – імёны ахвяр выбуху.
Па задумцы аўтара, хвалі сімвалізуюць перарваныя жыцці і рубцы на сэрцы кожнага беларуса.
Сотні людзей прынеслі ў гэты дзень да мемарыяла кветкі і свечкі.
А вечарам адразу на двух тэлеканалах – першым нацыянальным і недзяржаўным – былі паказаны два дакументальныя фільмы аб падзеях 11 красавіка 2011 года, якія адлюстроўвалі дзве версіі таго, што адбылося.
Пераказваць змест фільма, паказанага на дзяржаўным тэлеканале, не мае сэнсу. Хто меў жаданне – той пабачыў. Хоць гэта і не тое відэа, якое можна з нецярпеннем чакаць і атрымліваць ад прагляду нейкае задавальненне.
Што да другога фільма, то галоўная яго ідэя, якую аўтары нават не намагаліся прыхаваць, завуаліраваць, каб надаць стужцы хоць нейкія прыкметы аб’ектыўнасці і інсінуацыі на тэму: тэракт здзейснілі беларускія спецслужбы па заказе ўлады.
Ніякіх доказаў у пацвярджэнне гэтай высновы ў фільме не прыводзіцца. Не тое, што слушных і вартых увагі – ніякіх.
Замест фактаў у кадры – разважанні напышлівых “незалежных” экспертаў, у якасці якіх выступілі звольнены з органаў унутраных спраў капітан міліцыі, які нават краем не быў задзейнічаны ў справе расследвання тэракту ў метро, вядомы ў краіне апазіцыйны палітык і нібыта спецыяліст па выбухах з Расіі. Зрэшты, каментарыі “спецыяліста” спецыяльнымі ведамі якраз і не вызначаліся. Гэткае ж “экспертнае” заключэнне здольны зрабіць любы чалавек з вуліцы.
Каля паловы хранаметражу стужкі аддадзена маці пакаранага за злачынства Кавалёва. Пачуцці жанчыны зразумець можна. Толькі вось доказам невінаватасці цёплыя ўспаміны маці аб сыне служыць не могуць.
З больш чым трох соцень пацярпелых у выніку выбуху ў фільме знайшлося месца толькі двум. Чаму? Ці не таму, што толькі яны ў кадры выказалі думкі, патрэбныя аўтарам?
Уражанні ад убачанага цяжка перадаць адным словам: сорам, расчаванне, агіда…
Пасля катэгарычных абвінавачванняў у арганізацыі выбуху уладных структур, якія ў фільме прагучалі адкрытым тэкстам, падумалася: а ці магла падобным чынам паступіць улада? Хоць намёкам, хоць паўнамёкам заявіць, што прыналежнасць да тэракту мае апазіцыя? Напрыклад, мімаходзь, краем слова, якое да справы не “прышпіліш” і адказнасць за якое несці не прыйдзецца, выказаць здагадку: вось, маўляў, начыталіся хлопцы апазіцыйнай прэсы, наслухаліся прамоў на мітынгах, усіх гэтых жахаў аб “рэжыме” ды і падарвалі метро.
Магла.
Аднак жа вольнасці падобнай сабе не дазволіла.
Больш таго – праз некалькі дзён пасля затрымання тэрарыстаў афіцыйна заявіла, што за арганізацыяй выбуху ніхто не стаіць – ні апазіцыйная, ні якая іншая сіла.
З гэтага моманту самы неверагодны матыў, прыпісваемы ўладзе, страціў усялякі сэнс.
Аднак апазіцыю гэта ніколькі не засмуціла.
На жаль, яна не знайшла – ці не захацела знайсці – у сабе сілы, каб хоць часова пераступіць цераз палітычныя амбіцыі і не выкарыстоўваць агульнанацыянальную трагедыю ва ўласных палітычных інтарэсах.
З самага пачатку намаганнямі менавіта гэтай часткі грамадства, справе аб выбуху была нададзена палітычная афарбоўка.
Праўда, атрымалася неяк надта ўжо карава і нязграбна.
Таму і канечны вынік выйшаў цалкам процілеглы задуманаму.
Эдуард СВІРЫД.
Фота з сайта БелТА.