Школьнікі рабавалі машыны астраўчан

Справы школьныя

Чым займаюцца школьнікі ў вольны ад вучобы час? Нехта пашырае светаўспрыманне чытаючы кнігі, нехта дапамагае бацькам, а хтосьці спрабуе зарабіць грошы. Ды толькі часам некаторыя “заробкі” зусім незаконныя…
У ноч на 12 снежня два школьнікі 1996 года нараджэння – вучань Гудагайскай сярэдняй школы і вучань сярэдняй школы №1 Астраўца – выйшлі “на справу”. Шляхам падбору ключа да аўтамабіля “Форд-Транзіт”, які належыць жыхару райцэнтра 1982 года нараджэння, яны ўкралі сумку для дакументаў і 25 тысяч рублёў.
Праз два дні, рабяты вырашылі паўтарыць сваё “паляванне” і ўскрылі ўжо дзве машыны.
Першым ад шкаляроў пацярпеў машыніст кацельні аддзела культуры – яго аўтамабіль “Фольксваген Т4”, які вучні ўскрылі зноў падабраўшы ключ. З машыны юныя злодзеі ўзялі толькі мабільны тэлефон “Нокіа”.
Другім стаў педагог Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы: з яго незачыненага аўтамабіля “Аўдзі” юнакі прыхапілі спартыўную сумку, тры футбольныя мячы, дзве тэнісныя ракеткі і 2 тэнісныя мячыкі.
На гэтым “прыгоды” “салодкай парачкі” прыпынілі супрацоўнікі міліцыі, якія хутка высветлілі хто і якім чынам залазіць у чужыя машыны.



Незалаты ключык…

Каб зарабіць свой “хлеб надзённы” некаторыя злодзеі гатовы пайсці на вялікую рызыку і здзяйсняюць свае злачынствы літаральна пад бокам у міліцыянераў.
Чарговым такім “рызыкантам” аказаўся жыхар станцыі Гудагай 1993 года нараджэння, які працуе ў дачэрнім прадпрыемстве “Астравецкая сельгастэхніка”. Менавіта са сваёй работы хлопец і вырашыў украсці набор ключоў, коштам амаль 1 мільён 730 тысяч рублёў.
Для гэтага ён вечарам у суботу 10 снежня вылучыў момант, калі вартаўнік зробіць абход тэрыторыі, праз акно пранік у майстэрню і ўкраў адтуль набор ключоў.
Ды толькі доўга хавацца ад правасуддзя ў яго не атрымалася і хутка злодзей трапіў за краты.



Напілаваў і накасіў…

Нягледзячы на тое, што час нарыхтовак па календары ўжо скончыўся, некаторыя злодзеі свае “нарыхтоўкі” працягваюць.
Так з 14 па 16 снежня з альтанкі на двары дома па вуліцы Камсамольскай у вёсцы Рымдзюны ў жанчыны 1960 года нараджэння невядомая асоба ўкрала бензапілу і бензакасілку.
Міліцыянерамі вядзецца вышук злачынцы.


Антон Чык.