Пра самагоншчыкаў, жанчыну-аферыстку, злодзея-псіхолага ў крымінальнай хроніцы

НЯЎДАЛЫ ПСІХОЛАГ

Аказваецца, вопытныя злодзеі здабываюць сабе на хлеб не толькі грубай фізічнай сілай, але і тонкім псіхалагічным падыходам.
Ахвярай аднаго з іх ледзь не стала астраўчанка, медсястра цэнтральнай раённай бальніцы. З дапамогай падману і хлуслівых абяцанняў непрацуючы мужчына, таксама жыхар райцэнтра, угаварыў яе даць на часовае карыстанне залатыя ўпрыгожванні. На шчасце, жанчына своечасова адумалася і звярнулася ў міліцыю.
Зараз у адносінах “псіхолага” ўзбуджана крымінальная справа.



НЕЗАКОННЫ СЯМЕЙНЫ БІЗНЕС

…думала наладзіць адна з жыхарак Астраўца. Але нічога не атрымалася – авантуру своечасова расследавалі і спынілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Упраўленнем унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама 2 красавіка ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах спецыяліста Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Жанчына ў перыяд з лютага па снежань 2011 года, фіктыўна аформіўшы на працу ў гэтым жа філіяле свайго сына, здзейсніла крадзеж на суму 39 088 945 рублёў.



ВОСЬ ТАКОЕ КІНО...

Драматычна скончыўся для бацькі і дачкі адзін з сакавіцкіх вечароў.
Раённым аддзелам Следчага камітэта 29 сакавіка была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах жыхара вёскі Груздаўшчына, вартаўніка СВК “Гудагай”. Мужчына 3 сакавіка ў сваім доме дэманстраваў 14-гадовай дачцэ фільм парнаграфічнага характару.
ВЫНЕС ДЗВЕРЫ І ГРОШЫ

На якія толькі спосабы не ідуць злодзеі, каб дасягнуць сваёй мэты: разбіваюць вокны, адчыняюць адмычкамі замкі, выносяць дзверы.
У гэтым нядаўна змагла ўпэўніцца і жыхарка Варнян. 30 сакавіка, вярнуўшыся пасля абеду дадому, яна ўбачыла, што дзверы ў летняй кухні выламаны і адтуль украдзены 300 тысяч рублёў.
Па гэтай справе вядзецца следства.
ДАКАТАЛІСЯ

У адну раку двойчы не ўвойдзеш – сведчыць народная мудрасць. Аднак, бачна, на некаторых вадзіцеляў яна не дзейнічае.
Спачатку вечарам 30 сакавіка каля вёскі Ліпкі быў затрыманы жыхар Слабодкі, які паўторна ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў аўтамабілем. На наступны дзень у пасёлку Гудагай трапіўся яшчэ адзін аматар пакатацца нецвярозым. Пры гэтым на адны і тыя ж “граблі” ён таксама наступіў ужо другі раз.
У адносінах гэтых грамадзян раённым аддзелам Следчага камітэта былі ўзбуджаны крымінальныя справы.



ВЯСНА. БРАГАЙ ЗАПАХЛА...

Супрацоўнікі праваахоўных органаў працягваюць барацьбу з вытворцамі самагону.
27 сакавіка падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у Варнянах у пенсіянеркі было выяўлена і канфіскавана 6 літраў самагону.
31 сакавіка 6,5 літра самаробнай “беленькай” была выяўлена ў непрацуючай жыхаркі райцэнтра. У гэты ж дзень у лесе непадалёк вёскі Падворышкі міліцыянеры знайшлі металічную ёмістасць з 600 літрамі самагоннай брагі, якая была знішчана на месцы.
Раніцай 1 красавіка яшчэ 40 літраў самагоннай брагі была выяўлена ў Быстрыцы. Яна таксама была знішчана.
А 7 красавіка ў вёсцы Сыманэлі ў хляве пенсіянера праваахоўныя органы знайшлі 70 літраў самагоннай брагі.
У адносінах грамадзян, у якіх знайшлі самагон, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Падрыхтавала па матэрыялах аддзела ўнутраных спраў Марына БАРОК.