Неделя postfactum: серия взрывов сотрясла Днепропетровск

Серыя ўзрываў у Днепрапятроўску і дзіўны суд над Андрэасам Брэйвікам у Нарвегіі ў чарговым аглядзе падзей мінулага тыдня.

27 мая серыя выбухаў ускалыхнула ўкраінскі горад Днепрапятроўск. Афіцыйныя крыніцы пацвярджаюць 4 выбухі. У той жа час на інтэрнэт-форумах ідзе гаворка аб 10-15 выбухах.
Пацярпелі 27 чалавек. Аб ахвярах у першыя дні пасля трагедыі не паведамлялася, але 5 чалавек знаходзіліся ў бальніцах у цяжкім стане.
Сярод пацярпелых 10 падлеткаў.
У гэтыя дні Украіна перажывае тое ж, што і Беларусь год назад.
Як і ў нас, адразу пасля паведамленняў аб выбухах – інтэрнэт запоўнілі шматлікія чуткі. Людзі баяліся выходзіць на вуліцу. З-за вялікай колькасці званкоў не працавала мабільная сувязь, што яшчэ больш спрыяла паніцы.
Як і ў нас, кожны жыхар Украіны задаецца сёння пытаннем: каму гэта было патрэбна?
Як і ў нас, трагедыя з самага пачатку набыла палітычную афарбоўку...
“Пры “аранжавых” такога не было” – кажуць адны.
“Гэта здзейснілі “аранжавыя”, каб адпомсціць уладзе за Цімашэнка” – робяць выснову другія.
“Выбухі на сумленні ўлады, якая гэткім чынам шукае падставу, каб “закруціць гайкі” – упэўнены трэція.
Нягледзячы на тое, што адказнасці за выбухі ніхто на сябе не ўзяў і, хутчэй за ўсе, не возьме, выкарыстаць іх на сваю карысць намагаюцца многія.
Прыкра і балюча, што тэрарызм апошнім часам стаў інструментам палітычнай барацьбы і пакрысе перастае атаясамлівацца з міжнацыянальнымі канфліктамі дзесьці ў Закаўказзі ці на Блізкім Усходзе.
На жаль, тэрор стаў рэаліяй нашага сённяшняга жыцця. Забойствы, здзейсненыя тэрарыстамі, абураюць – але ўжо не шакіруюць, як гэта было яшчэ нядаўна.
Аб тым можна меркаваць і па выказваннях на інтэрнэт-форумах. У іх ўсё менш спагады і спачування, і ўсё больш халоднага цынізму. Хтосьці іранізуе, а нехта нават спрабуе жартаваць…
Пасля выбухаў у Днепрапятроўску адзін з журналістаў справядліва заўважыў, што да тэракта немагчыма падрыхтавацца.
Пры ўсіх намаганнях праваахоўных органаў тэрарыст заўсёды будзе на паўкрока наперадзе, таму што на яго баку – нечаканасць, цынізм і халодны разлік. Немагчыма быць упэўненым у тым, хто стане чарговай мішэнню тэрарыста.
Адзінае, што застаецца грамадству ў гэтай сітуацыі – рашучы адказ на кожны акт тэрору. Без гульняў у гуманізм і правы чалавека, як адбываецца сёння ў Нарвегіі на судзе па справе Андрэаса Брэйвіка.
У нелюдзя рукі па локаць у крыві. На яго сумленні – 74 чалавечыя жыцці! Але гуманная судовая сістэма дэмакратычнай дзяржавы вагаецца ў сваім рашэнні.
Ей бачыцца найлепшым выйсцем прызнанне Брэйвіка вар’ятам. Пры такім раскладзе забойцу чакае ложак з чыстай бялізнай у бальнічнай палаце, а суд – статус самага гуманнага ў свеце.
Адна бяда – “герой” упіраецца. Менавіта “герой”, а не чалавек, які абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Ён і паводзіць сябе, як герой – нахабна, самаўпэўнена, задзірліва.
Увага сродкаў масавай інфармацыі і плюралізм меркаванняў гэтаму добра садзейнічаюць.
Мажліва, запал Брэйвіка быў бы меншым, калі б судовага рашэння ён чакаў у турэмнай камеры, а не ў трохпакаёвым памяшканні.
У адным пакоі нелюдзь спіць.
У другім яму створаны ўмовы для працы. Гэта значыць – прадастаўлены камп’ютар, прынтар і іншая аргтэхніка для напісання ўласных мемуараў і памфлетаў.
Ну а ў трэцім пакоі знаходзіцца… трэнажор для падтрымання належнай фізічнай формы.
Думаецца, калі суд усё ж прыме рашэнне аб вінаватасці Брэйвіка і накладзе на яго максімальна магчымае ў Нарвегіі пакаранне ў 23 гады турэмнага зняволення, умовы яго ўтрымання будуць мала адрознівацца ад цяперашніх.
Няма чаго здзіўляцца: усё цалкам адпавядае славутым еўрапейскім стандартам аб правах чалавека.
Толькі вось як быць з правамі тых, хто загінуў ад рук злачынцы, родзічаў, якія маюць права на справядлівае пакаранне забойцы. І з правамі тых, хто яшчэ стане ахвярай будучых “герояў-брэйвікаў”?


Эдуард СВІРЫД.