Крымінальная хроніка: жудаснае злачынства на сексуальнай глебе адбылося ў Астравецкім раёне

КОЛЬКІ Б НІ ДАЛІ – БУДЗЕ МАЛА

У адной з вёсак 35-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, згвалтаваў сваю 13-гадовую дачку.


Аб гэтым у міліцыю паведаміла маці дзяўчынкі, якая аб гэтым жудасным здарэнні даведалася ад дачкі.
Па факце гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа. Па гэтым артыкуле прадугледжаны значны тэрмін зняволення ад 8 да 15 гадоў.
Але нават самае суровае пакаранне, думаецца, будзе занадта мяккім да самца, якога нельга назваць ні мужчынам, ні бацькам.



НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ВОБЫСК

Часта здараецца, што сумеснае распіванне алкагольных напояў “не з тымі” людзьмі заканчваецца крадзяжамі ці яшчэ больш цяжкімі злачынствамі.


У адной з вёсак Астравеччыны “дзялілі” гарэлку 29-ці- і 44-хгадовы аднавяскоўцы. Выпівалі за грошы старэйшага, які пасля “культурнага адпачынку” пайшоў дадому. Але праз некаторы час маладзейшы, якому выпітага падалося мала, завітаў да свайго сабутэльніка, каб пазычыць “на працяг свята”. Калі той адмовіў, завязалася сварка. У выніку старэйшы выскачыў са сваёй хаты, а малодшага замкнуў унутры. Цяжка сказаць, што б ён рабіў далей, каб выпадкова не сустрэў на вуліцы жонку свайго сабутэльніка, якой растлумачыў сітуацыю і запатрабаваў забраць расперазаўшагася мужа. Жанчына так і зрабіла.
Але часу, які мужчына знаходзіўся ў хаце “сябра”, хапіла, каб там правесці “несанкцыянаваны вобыск” і знайсці схаваныя грошы. Калі за ім прыйшла жонка, забіяка паслухмяна пайшоў дадому, прыхапіўшы пры гэтым з сабой 550 тысяч рублёў.
Супраць злачынцы ўзбуджана крымінальная справа.



ЗА ТРЫ МЕДЗЯКІ…

Жадаючы здабыць некалькі кілаграмаў медзі, каб потым здаць іх у прыёмны пункт, рашыўся на злачынства 28-гадовы непрацуючы жыхар раёна.


У выхадны дзень хлопец пранік на ахоўваемую тэрыторыю СВК “Гудагай” у вёсцы Германішкі і ўкраў з памяшкання ільносушылкі электрарухавік коштам амаль 900 тысяч рублёў. Толькі, відаць, не ведаў ён сапраўднага кошту сваёй здабычы. Злодзей разабраў рухавік і выцягнуў адтуль медную абмотку, здаў лом каляровага металу – але зарабіў на гэтым лічаную дробязь.
А вяртаць гаспадарцы ўрон маладому чалавеку давядзецца ў поўным аб’ёме. Да таго ж наперадзе яго чакае суд, які наўрад ці будзе лагодным да злачынцы.


Мар’ян СІНКЕВІЧ.
Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.


strong