Каго "пачысцілі" злодзеі ў Астравецкім раёне?
УСЁ ДЛЯ БУДОЎЛІ! ЗА ЧЫЙ КОШТ?
Відаць, памяняць профіль працы, а яшчэ дакладней – заняцца апрацоўкай драўніны і будаўніцтвам вырашылі некаторыя грамадзяне. Праўда, шлях для набыцця прылад працы яны выбралі не самы законны.
28 студзеня каля 3 гадзін ночы непрацуючы жыхар райцэнтра 1987 года нараджэння пранік у недабудаваны дом па вуліцы Петруся Броўкі і ўкраў адтуль перфаратар і электрарубанак. Супрацоўнікі міліцыі хутка знайшлі злодзея, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. За плячыма мужчыны ўжо ёсць адна крымінальная справа, таму суд, хутчэй за ўсё, будзе не вельмі літасцівы на гэты раз.
Яшчэ адна крымінальная справа была ўзбуджана супраць двух жыхароў горада Маладзечна, якія 13 лютага каля 2-х гадзін ночы выламалі дзверы ў актавай зале Астравецкай музычнай школы і ўкралі з памяшкання перфаратар і пілу-“балгарку”.
17 лютага была ўзбуджана крымінальная справа супраць непрацуючага жыхара райцэнтра 1987 года нараджэння, які яшчэ ў кастрычніку мінулага года з пляцоўкі недабудаванага дома па вуліцы Сонечнай украў 15 метраў чатырохжыльнага кабелю, 10 метраў двужыльнага кабелю, штэпсельны раз’ём, 3 патроны да свяцільніка і 3 электралямпачкі.
Хлопец прызнаўся ў яшчэ адным злачынстве на тэрыторыі нашага раёна: у лістападзе мінулага года, ён “пачысціў” дом, прыхапіўшы шурупавёрт, электрарубанак, электрадрыль, 2 пілы-“балгаркі” і ДВД-прайгравальнік. Улічваючы цягу маладога чалавека да чужога, міліцыянеры не выключаюць магчымасць прыналежнасці яго да некаторых іншых злачынстваў.
Зараз падсудныя чакаюць вердыкту суддзі.
“КУЛЬТУРНЫЯ” ЗЛОДЗЕІ
Напэўна, не хапала вострых пачуццяў работнікам раённага аддзела культуры. Ці можа ім проста тэрмінова спатрэбіліся грошы? Як бы там ні было, але ў пачатку лютага два супрацоўнікі аддзела вырашылі пайсці на “чорную” справу.
“Падняць” яны вырашылі адкрытае акцыянернае таварыства “ДзяткоБуд”. Для ажыццяўлення сваіх намераў яны сарвалі замкі і праніклі ў неахоўваемае і неэксплуатуемае памяшканне гэтай установы і знялі з аўтамабіля “ВАЗ-2105”, які там стаяў, 4 колы.
Супраць мужчын узбуджана крымінальная справа.
БЯРУЦЬ І ГРАШЫМА...
Красці вялікія рэчы часам даволі складана і небяспечна. І вырашаюць некаторыя злодзеі браць грашыма...
13 лютага ўзбуджана крымінальная справа супраць раней судзімага жыхара Жлобіна. Мужчына ў гэты дзень знаходзіўся ў гасцях у вёсцы Альгіняны, куды прыехаў з лепшымі намерамі – збіраўся пазнаёміцца з бацькамі сваёй абранніцы. Але ў нейкі момант ён не вытрымаў спакусы, зайшоў у хату да пенсіянеркі з гэтай вёскі і ўкраў у жанчыны кашалёк, у якім было 86 тысяч рублёў.
14 лютага, павіншаваць самога сябе вырашыў непрацуючы жыхар вёскі Варняны. Знаходзячыся ў стаматалагічным аддзяленні Астравецкай раённай бальніцы, ён выкарыстаў момант і ўкраў з незачыненага кабінета кашалёк санітаркі гэтай бальніцы, у якім было 400 тысяч рублёў, банкаўская картка, пасведчанне і медаль донара. На жаль, калі да мужчыны завіталі супрацоўнікі міліцыі, частку ўкрадзенага ён ужо паспеў патраціць.
17 лютага была ўзбуджана крымінальная справа супраць непрацуючай жыхаркі вёскі Супраненты, якая “дапамагла аблегчыць” кашалёк сваёй аднавяскоўкі, пенсіянеркі 1933 года нараджэння амаль на паўмільёна рублёў.
УЖО НЕ ГОНІМ... ПРОСТА ЗАХОЎВАЕМ
Чарговыя вынікі далі прафілактычныя мерапрыемствы на Астравеччыне.
На гэты раз увагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягнуў пенсіянер з вёскі Петраполь. У прысядзібнай пабудове мужчыны падчас агляду было знойдзена 6,5 літра самагону.
На пенсіянера складзены адміністрацыйны пратакол, самагон канфіскаваны.
Мар’ян СІНКЕВІЧ.
Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.
Антон ЧЫК.