Ворнянские школьники побывали в гостях у пограничников в деревне Петрополь
Вучні 10 і 11 класаў і члены гуртка “Юны сябар пагранічнікаў” з Варнянскай школы адправіліся на пагранзаставу Маладзечанскай мабільнай групы ў вёску Петраполь, каб даведацца, як жывуць салдаты-пагранічнікі.Камандзір Кірыл Юр’евіч Руда пазнаёміў з бытавымі ўмовамі і расказаў аб спецыфіцы службы ў пагранічных войсках. Трэба сказаць, што на тэрыторыі заставы ёсць усё неабходнае: спальныя месцы, бібліятэчная зала, дзе юнакі могуць адпачыць, паглядзець тэлевізар, пачытаць. Тут жа праводзяцца вучэбныя заняткі. Ёсць і кухня, адкуль даносіўся пах ежы, прыгатаванай салдатам-поварам. Не раз даводзілася чуць, што мужчыны гатуюць лепш жанчын. Цяпер зразумела, дзе яны адточваюць сваё кулінарнае майстэрства!
Яшчэ адным прыпынкам нашай экскурсіі па заставе стаў спецыяльны кабінет, дзе захоўваецца абмундзіраванне і зброя. Нам дазволілі патрымаць у руках пісталет Макарава, які ўразіў сваёй вагой: у разраджаным стане яна дасягае 720 грамаў, а зараджаны пісталет важыць больш за 800 грамаў. Для дзявочых рук гэта быў адчувальны груз.
Напэўна, самай цікавай і відовішчнай часткай экскурсіі стала знаёмства з чатырохлапымі сябрамі пагранічнікаў, дысцыплінаванымі, выхаванымі, разумнымі. Нам пашчасціла пазнаёміцца з сабакамі бліжэй, убачыць навыкі і выпрацаваныя ўменні. Яны нават не адмовілі нам у фотасесіі! Для таго каб прадэманстраваць уменне сабакі затрымліваць бандытаў, трэба было надзець спецыяльны касцюм, які абараняў ад укусаў. Сярод нас знайшоўся добраахвотнік. Касцюм ператварыў хлопца спартыўнага складу ў калабок – але ўбачыўшы, як сабака моцна ўчапіўся зубамі ў руку “парушальніка мяжы”, мы зразумелі, што без такой аховы нашаму сябру прыйшлося б дрэнна. Як юнак ні стараўся, вырвацца яму не ўдалося, а ў канцы ён быў павалены на зямлю – а гэта значыць, што задача сабакі абяшкодзіць “бандыта” была выканана бліскуча.
Ёсць на тэрыторыі пагранзаставы і назіральная вышка. З яе Петраполь відаць як на далоні. Вышыні хапае для таго, каб весці назіранне за ваколіцамі вёскі і своечасова паведамляць аб з’яўленні кантрабандыстаў і нелегальным перасячэнні мяжы.Сённяшняя пагранзастава – гэта часовы прытулак для Маладзечанскай мабільнай групы. Недалёка, у той жа вёсцы Петраполь, вядзецца будаўніцтва новай пагранічнай заставы, якую плануюць адкрыць ужо ў 2017 годзе. У перспектыве – стварэнне ў Петраполі “гарадка” для ваеннаслужачых і іх сем'яў.
Экскурсія спадабалася ўсім. У многіх хлопчыкаў і нават у мяне ўзнікла жаданне звязаць свой лёс са службай у сілавых структурах. А пасля гутаркі з салдатамі і іх камандзірам мы ў чарговы раз пераканаліся, што наша краіна пад надзейнай аховай і мы можам спаць спакойна.--------------------------------------------------------------------------------
Вадарына АЎГУЛЬ, вучаніца 11 класа Варнянскага НПК.
