В Островце прошла встреча участников международного краеведческо-туристического проекта

На мінулым тыдні ў цэнтры пазашкольнай работы прайшла сустрэча ўдзельнікаў міжнароднага краязнаўча-турыстычнага праекта “Краязнаўства без межаў”.

У госці да беларускіх каардынатараў праекта прыехалі літоўцы – дырэктар краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны”, які працуе ў Швянчонскім раёне Літоўскай Рэспублікі, Людміла Шмялёва, яе бяззменныя партнёры Дзмітрый Шмялёў і Людміла Капылова, а таксама школьнікі з суседняй краіны, якія летам адпачывалі ў беларускім летніку піянерскага актыву “Вясёлка” – Павел і Сабіна Шмялёвы і Артур Лукашэвіч.
Свой адлік краязнаўча-турыстычны праект вядзе з 2010 года – менавіта тады два бакі – беларускі і літоўскі – пачалі супрацоўнічаць. На жаль, гранд на ажыццяўленне сваёй дзейнасці выйграць не атрымалася, і каардынатары праекта з  двух бакоў пры падтрымцы Астравецкага райвыканкама стасункі паміж дзвюма краінамі вырашылі пашыраць.


– Напэўна, не было б ні гэтага праекта, ні мерапрыемстваў, калі б нас не ўзяў пад сваю апеку намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. Ён – і галоўны наш куратар, і наша падтрымка – усе мы ўдзячны яму за дапамогу, – гаворыць Людміла Шмялёва.


З таго часу мінула тры гады, на якія была запланавана рэалізацыя двухбаковага праекта, і прыйшоў час падвесці вынікі дзейнасці і вырашыць яго лёс.
Менавіта з гэтай мэтай і прыехалі ў Астравец літоўскія госці. За час, што прайшоў з пачатку рэалізацыі праекта, партнёры паспелі многае. Наш раён наведалі літоўскія педагогі, якія выкладаюць у суседняй краіне гісторыю і геаграфію. Былі арганізаваны пазнавальныя экскурсіі не толькі па Астравецкім раёне, але і па Беларусі і Літве. Літоўскія госці наведалі Мінск і Жыровічы, Нясвіж і Мір, Навагрудак і Бярозаўку. Беларусы таксама не раз наведвалі суседнюю краіну. Летам літоўскія дзеці маглі аздаравіцца ў беларускім летніку – і скарысталіся гэтай магчымасцю.
Але галоўным сваім дасягненнем арганізатары праекта лічаць тое, што, нягледзячы на межы, атрымалася наладзіць сяброўскія адносіны паміж школьнікамі і педагогамі дзвюх суседніх краін. Пра гэта сведчыць не толькі вялікі стос фотаздымкаў, публікацыі ў розных газетацый і цікавых відэаролікаў, але і тое, з якім захапленнем расказвалі дзеці – беларускія і літоўскія – аб падарожжах і сустрэчах.
Таму ўсе разам вырашылі супрацоўніцтва працягваць і заключылі яшчэ адзін дагавор тэрмінам на тры гады.
Напрыканцы мерапрыемства абодва бакі абмяняліся ўзнагародамі. Падзячныя пісьмы краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны” атрымалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, дырэктар цэнтра творчасці Наталля Сянюць, а таксама самыя актыўныя ўдзельнікі праекта – Рыта Дрэма, Вераніка Малышка, Святлана Куцько, Дзіма Касцючэнка, Агата Субаткевіч, Маша Броўка і Артур Сянюць.
У сваю чаргу Наталля Сянюць уручыла Падзячныя пісьмы аддзела адукацыі і памятныя падарункі ад цэнтра творчасці – выкананыя рукамі юных майстроў Астравеччыны – Людміле Шмялёвай, Людміле Капыловай, Дзмітрыю Шмялёву, Артуру Лукашэвічу, Паўлу і Сабіне Шмялёвым.
На бліжэйшы час запланавана яшчэ не адна сустрэча. У другой палове красавіка наш раён наведаюць літоўскія педагогі, каб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі нашай краіны. Запланаваны і візіт у адказ – у хуткім часе беларускія дзеці наведаюць суседнюю краіну, каб пазнаёміцца з яе славутымі мясцінамі.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.