У новы год – са старой кантрабандай
Ноччу 15 студзеня на ўчастку пагранічнага паста “Кямелішкі” ў 25 метрах ад дзяржаўнай мяжы пагранічны нарад спыніў легкавы аўтамабіль УАЗ. У ім знаходзіліся трое грамадзян Астраўца і 55 карабоў (27500 пачак) цыгарэт з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь, якія хлопцы і спрабавалі “перакінуць” праз мяжу ў Літоўскую Рэспубліку.
Папярэдняя сума ацэнкі цыгарэт устанаўліваецца. Самі ж грамадзяне аформлены як парушальнікі пагранічнага заканадаўства згодна з артыкулам 23.30 КоАП РБ. А цыгарэты і аўтамабіль дастаўлены ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”.
11 студзеня бягучага года ў пункце пропуску “Катлоўка” пагранічным нарадам з прымяненнем прыбора “Рэгула 3002” у 43 гадовага грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі ў ходзе перакантролю легкавога аўтамабіля “Фольксваген” 1993 года выпуску, які ехаў з Рэспублікі Беларусь, пад бакавой абшыўкай салона і ў спецыяльна абсталяваным тайніку пад днішчам аўтамашыны былі знойдзены 6470 пачак цыгарэт з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.
Папярэдняяя сума ацэнкі цыгарэт – 19 мільёнаў 900 тысяч рублёў. А папярэдняя сума ацэнкі легкавога аўтамабіля склала 34 мільёны рублёў.
Цыгарэты і легкавы аўтамабіль да рашэння суда канфіскаваны супрацоўнікамі Ашмянскай мытні.
Прэс-служба Смаргонскай пагрангрупы.