У Еўрасаюз – цераз Астравеччыну

На працягу аднаго тыдня ў жніўні ваеннаслужачыя Смаргонскага пагранічнага атрада двойчы затрымлівалі грамадзян, якія спрабавалі незаконна перасячы граніцу Беларусі і Літвы. І абодва разы нелегалы выбіралі для пераходу ўчастак пагранічнага паста “Кямелішкі”.


11 жніўня пагранічны нарад убачыў паблізу граніцы чатырох чалавек – яны рухаліся ў бок Літвы. Пры спробе затрымання ўсе кінуліся на ўцёкі. Затрымаць у нейкіх 50 метрах ад граніцы ўдалося толькі аднаго – ім аказаўся грамадзянін Афганістана. Але нядоўга цешыліся воляй і трое астатніх суайчыннікаў затрыманага: пагранічнікі знайшлі іх праз некалькі гадзін ў 500 метрах ад дзяржаўнай граніцы.
Затрыманыя дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Смаргонскай пагранічнай групы. Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленню іх асоб. Затрыманым пагражае штраф да 50 базавых велічынь, дэпартацыя і, магчыма, забарона на ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на 5 гадоў.
На пытанне, чаму грамадзяне Афганістана спрабавалі незаконна перайсці граніцу, яны адказалі проста: хацелі трапіць у Еўропу ў пошуках лепшых умоў жыцця.
Тую ж прычыну назвалі і двое грамадзян Чэчэнскай рэспублікі Расійскай Федэрацыі, якіх пагранічнікі затрымалі на тым жа Кямелішкаўскім участку. І далейшы лёс іх чакае прыкладна такі ж, як і грамадзян Афганістана.


Прэс-служба Смаргонскай пагранічнай групы.