"Смецце на дарозе" – аўтарскі ракурс Алены Ярашэвіч
Надвор’е ў гэты дзень выдалася цёплае і сонечнае. Такім жа быў і настрой. І здавалася, нішто і ніхто яго сапсаваць не можа.
Узяўшы фотакамеру і сумку з нататнікам, ручкай і вялікай колькасцю дробязяў, сабралася па рэдакцыйным заданні ў летнік “Ластаўка”.
Дарога да Гудагая, хаця і ехалі, не перавышаючы дазволеную хуткасць, праляцела як імгненне. А пры ўездзе у пасёлак убачылі, што чыгуначны пераезд закрыты – з’ява звычайная. Каля яго ўтварылася чарга з аўтамабіляў. Самых розных – легкавых і грузавых, “крутых” і не вельмі – такіх, як наша рэдакцыйная “Лада”. Перад намі стаяў аўтамабіль з пароды “крутых” – чорны “Мерсэдэс” з літоўскімі нумарамі.
Прасядзець у машыне нават хвіліну-другую было цяжкавата – надта горача. І таму мы ніколькі не здзівіліся, калі з гэтага “чорнага мерына” выйшаў такі ж “круты” гаспадар. Прайшоўся вакол машыны, раз-другі тыцнуў нагой па колах і чамусьці зноў засунуў галаву ў салон. А праз некалькі секунд вынырнуў з яго са жмутам паперак у руцэ. Выпрастаўся, падышоў да прыдарожнага рова і шпурлянуў у яго смецце.
Магчыма, не варта было звяртаць на гэта ўвагу… Але калі кожны выкіне на абочыну па паперцы – уявіце, што будзе? Што стане з нашай чыстай прыгожай Астравеччынай?
– І што гэта ён робіць? – не вытрымаў наш вадзіцель. Юра выйшаў з машыны і звярнуўся да гаспадара “Мерсэдэса”:
– Малады чалавек, вярніцеся і падыміце паперкі. Напэўна, дома вы так не зрабілі б?
“Бамбіла” глянуў на нас з-пад ілба з выглядам: “І хто гэта надумаў мяне турбаваць” і кінуў у наш адрас:
– А чаго гэта я пайду іх падымаць? Там нехта яшчэ да мяне іх накідаў. Каму трэба – той прыбярэ.
Юра не супакойваўся:
– Я яшчэ раз вас прашу, падбярыце смецце. Інакш я выклічу супрацоўнікаў экалогіі і міліцыі, і вам прыйдзецца заплаціць штраф.
Гаспадар “крутой” машыны спачатку падскочыў да нашай машыны – відаць нешта хацеў сказаць, а потым агрызнуўся:
– Што ты тут мяне палохаеш? Я нікога не баюся.
Відаць, ён і на самай справе нікога не баяўся. А што яму тут зробяць – нумары на машыне літоўскія, праз пару кіламетраў мяжа, пераедзе – і шукай ветру ў полі.
Юра паспрабаваў набраць нумар экалагічнай інспекцыі, але трубку ніхто не здымаў. Грубіян між тым хадзіў узад-уперад – было бачна, што ён пачаў нервавацца. Але смецце ўсё ж падымаць не пайшоў – напэўна, баяўся, што карона ўпадзе з “яснавяльможнай” галавы.
Праз хвіліну пераезд, да вялікай радасці вадзіцеля “Мерсэдэса”, адкрыўся – і ён што ёсць моцы рвануў з месца.
А паколькі мы ехалі ў “Ластаўку”, то атрымалася, што нам з ім па дарозе. Мінуўшы пераезд, не зважаючы, што перад ім ехала машын сем, літовец пайшоў на абгон (можа, падумаў, што мы пагонімся за ім і будзем праследаваць да самай мяжы?).
Але нездарма гавораць, што Божанька ўсё бачыць, і за ўсё дрэннае мы будзем пакараны. На гэты раз у ролі Бога выступіў супрацоўнік ДАІ, які дзяжурыў на дарозе: ён убачыў парушэнне правілаў дарожнага руху і спыніў парушальніка.
За ім спыніліся і мы…
Хочацца верыць, што гэтага вадзіцеля пакаралі за ўсё – і за парушэнне правілаў дарожнага руху, і за выкінутае смецце.
А яшчэ хочацца, каб ён зразумеў, што ўсё магло б пайсці і па іншаму сцэнарыю – падняў бы ён паперку, а яшчэ лепш – не раскідваў сваё смецце па абочынах беларускіх дарог, і не прыйшлося б уцякаць з вялікай скорасцю ад сораму і страху, і міліцыя яго не спыніла б, і штраф плаціць не давялося б.
І дзень застаўся б такім жа радасным і добрым. І настрой таксама не быў бы сапсаваны – ні ў яго, ні ў нас.