Школьники из Соснового Бора побывали на Островетчине
Першая прыехала з горада-пабраціма Астраўца Сасновы Бор на чале з прэзідэнтам спецыяльнага фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірынай Ігараўнай Рогавай. А другая – з Мінска.Пра спецыяльны фонд расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” і яе прэзідэнта Ірыну Ігараўну Рогаву наша газета ўжо пісала. Падчас аднаго са сваіх візітаў Ірына Ігараўна прапанавала начальніку аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Віктару Віктаравічу Млечку ўвайсці ў праект “Залатое кола школ Беларусі і Ленінградскай вобласці”, які дзейнічае ўжо чатыры гады. За гэты час было рэалізавана шмат цікавых мерапрыемстваў, і астравецкія школьнікі і педагогі, на думку Ірыны Ігараўны, маглі б таксама стаць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага праекта. Наступнай сустрэчы доўга чакаць не прыйшлося.
Штогод фонд расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” і яго прэзідэнт Ірына Ігараўна Рогава 15 лютага прыязджае ў Мінск, калі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, і ўдзельнічае ў мерапрыемствах, што праходзяць на Востраве слёз.
Менавіта напярэдадні гэтай даты быў запланаваны візіт у Астравец, куды Ірына Ігараўна прыехала не адна. Разам з ёй наш раён наведалі яе памочніца Святлана Анатольеўна Зібарава, класны кіраўнік СШ №1 г. Сасновы Бор Мікалай Аляксандравіч Прохараў і вучні 10 класа СШ №1 Вольга Браткова, Ліза Фадзеева, Вікторыя Галяндзіна, Антон Мумін і Пётр Ганчароў. Ірына Ігараўна запрасіла ў Астравец і сваіх паплечнікаў-аднадумцаў з Мінска – старшыню Беларускага саюза афіцэраў Яўгенія Васільевіча Мікульчыка і дырэктара СШ №67 горада Мінска Валянціну Пятроўну Дашкевіч.
Праграма візіту была насычайнай – дзень быў распісаны літаральна па хвілінах. Першы прыпынак – гімназія №1. Тут дарагіх гасцей віталі хлебам-соллю. Пасля невялікай віртуальнай экскурсіі па гімназіі, падчас якой яе дырэктар Ірына Антонаўна Лях расказала не толькі пра поспехі і дасягненні гімназістаў, але і ўвогуле пра сістэму адукацыі раёна, эстафету перанялі гімназісты, якія паказалі гасцям, чым яны займаюцца ў вольны ад вучобы час, расказалі пра выпуск гімназічнай газеты і здымку невялікіх відэаролікаў, прысвечаных жыццю гімназістаў, навукова-даследчую работу і працоўныя акцыі і прадэманстравалі выставу работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У гімназіі таксама прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, а потым гімназісты прадэманстравалі свае музычныя і мастацкія таленты, за што атрымалі ўдзячныя апладысменты ад гасцей нашага горада.
Зразумела, што пабываць у Астраўцы, і не зайсці ў Інфармацыйны цэнтр АЭС, амаль што немагчыма. Таму наступным пунктам прыпынку стаў менавіта Інфармацыйны цэнтр, дзе гасцей сустракаў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд, які падрабязна расказаў пра Беларускую АЭС, што будуецца ў нашым раёне. Многае з пачутага, для гасцей з Сасновага Бору не стала новым. Расійскія школьнікі не раз былі на экскурсіі на сваёй АЭС, але з задавальненнем слухалі нашага “экскурсавода”, а потым фатаграфаваліся на фоне стэндаў, якія расказваюць пра значэнне атамнай энергетыкі.
Пасля пачалося знаёмства з раёнам. Арганізатары экскурсіі – аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама – запланаваў наведаць самыя цікавыя і прыгожыя аб’екты раёна. І першым месцам, куды накіраваліся госці з Расіі і Мінска,
стала невялікая вёсачка Трокенікі.
Нават тыя жыхары Астравеччыны, хто ні разу не быў у Трокеніках, ведаюць, што тут размешчаны прыватны музей фаўны. Наведалі яго і расіяне. І не дзіва, што ўбачаныя чучала птушак і жывёл, а таксама пачуты расповед пра стварэнне музея яго стваральніка і адначасова гаспадара Мечыслава Іванавіча Змітровіча ўразілі і здзівілі школьнікаў і дарослых.
Варнянскі НПК стаў наступнай установай, якую наведалі госці Астравеччыны. Тут яны не толькі паглядзелі кабінеты, але і ўбачылі цікавы відэафільм, прысвечаны гісторыі Варнян і Варнянскай школе.
Гасцей сустракалі і ў музейным пакоі Міхалішкаўскай школы, у якім сабрана багата звестак і экспанатаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, дзе экскурсію правёў яго загадчык Ігар Рыгоравіч Усціменка. Уражаны былі госці і вакальным майстэрствам дзяўчат з узорнай фальклорнай групы “Міхалінка”.
– У нашым горадзе таксама шмат таленавітых дзяцей. Але ў вас усё гэта выглядае неяк па-іншаму. Мабыць таму, што вы больш адкрытыя і дружалюбныя. Нам вельмі спадабалася выступленне дзяўчат. Гэта было нешта незвычайнае і цудоўнае! – гаварылі потым школьнікі з Сасновага Бору Антон Мумін і Пётр Ганчароў.
Зразумела, што ў маршрут экскурсіі па раёне было таксама ўключана наведванне пляцоўкі, дзе будуецца Беларуская АЭС. Стаць гістарычнымі сведкамі будаўніцтва змаглі і расійскія школьнікі.
А кропку ў экскурсіі па раёне паставіў Гервяцкі касцёл святой Тройцы. Тут уражанням і школьнікаў, і дарослых не было канца. Добрыя эмоцыі і пачуцці прынёс і невялікі канцэрт арганнай музыкі.
– Нават не верыцца, што такія велічныя храмы могуць размяшчацца ў невялікай вёсцы. Калі заходзіш у яго, адразу адчуваеш вечнасць. А канцэрт арганнай музыкі ў такім велічным храме ўвогуле здаецца нейкім незямным цудам! Увогуле, нам вельмі спадабаўся ваш горад і ваш раён, вашы добрыя і таленавітыя людзі і, канешне, хацелася б пабываць тут яшчэ не раз, – амаль хорам гаварылі школьніцы з Расіі.
І нягледзячы на тое, што цэлы дзень госці правялі на нагах – стомленнасці не адчувалася. Вечарам зноў усіх сустракала гімназія №1, дзе прайшло падпісанне дагавораў аб супрацоўніцтве паміж спецыяльным фондам расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы”, гімназіяй №1 і СШ №1 Астраўца, СШ №1 горада Сасновы Бор і СШ №67 горада Мінска.
– Я ў Астраўцы ўжо трэці раз. І кожны раз адкрываю тут для сябе новыя бакі жыцця вашага раёна, – падвяла вынікі сустрэчы Ірына Ігараўна Рогава. – Наш фонд гатовы арганізаваць працоўны летнік для студэнтаў з вашага раёна, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з дзейнасцю Беларускай АЭС. Усё, што датычыцца арганізацыі вольнага часу, “Белыя Росы” возьмуць на сябе. Мы таксама дапаможам арганізаваць іх падрыхтоўку ў практычным цэнтры Ленінградскай АЭС. Таму, калі ласка, запрашаем усіх да нас.
На наступны дзень знаёмства з Беларуссю прадоўжылася. Госці з Расіі паехалі ў Мінск. Разам з імі ў сталіцу акіравалася і дырэктары гімназіі №1 І.А. Лях і СШ №1 М.М. Кутовіч і намеснікі дырэктара гімназіі №1 А.П. Васільчык і Н.В. Вальчук. 
На працягу дня яны наведалі СШ №67 горада Мінска, музей “Беларускіх арлят”, які размяшчаецца ў гэтай школе, і праехалі па сталіцы з агляднай экскурсіяй. У Доме прэсы прайшла і прэс-канферэнцыя для рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, удзельнікамі якой сталі госці з Расіі і нашы педагогі. Гэта прэс-канферэнцыя дала старт цыклу сумесных мерапрыемстваў прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Напярэдадні 23 лютага запланавана яшчэ адна сустрэча – нашых педагогаў запрасілі ў Мінск на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і Эдуарда СВІРЫДА.