Помщников пограничников поблагодарили за участие в мероприятиях по охране Государственной границы
На мінулым тыдні ў канферэнц-зале кінаканцэртнай залы “Астравец” прайшоў вучэбна-метадычны збор па абагульненню вопыту і падвядзенню вынікаў работы добраахвотных пагранічных дружын, якія дапамагаюць пагранічнікам несці службу на тэрыторыі Астравецкага раёна.– Ужо стала добрай традыцыяй амаль штомесяц праводзіць сустрэчы, падчас якіх вырашаюцца складаныя пытанні, – пачаў сваё выступленне намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Гэта дае свае вынікі і робіць нашу работу больш стваральнай. І добра, што на сустрэчах прысутнічаюць кіраўнікі разам з актыўнымі членамі добраахвотных пагранічных дружын нашага раёна.
Начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Іванавіч Маркевіч расказаў аб фактах незаконнай міграцыі і незаконнага перамяшчэння матэрыяльных каштоўнасцей праз Дзяржаўную мяжу, а таксама паведаміў аб будаўніцтве новых пагранічных застаў у Астравецкім раёне: у гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новы комплекс заставы “Маладзечанская”, які размесціцца ў вёсцы Жарнэлі, а ў наступным годзе будзе адкрыта застава “Астравецкая”, якая ўзводзіцца ў вёсцы Буйкі.
Пацвердзіў у сваім выступленні начальнік Смаргонскай пагранічнай групы і тое, што жыхары раёна часта дапамагаюць ваеннаслужачым у ахове Дзяржаўнай мяжы.
– Незаконная міграцыя на ўчастку Смаргонскай пагранічнай групы знізілася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў 8,5 разоў, і ў гэтым ёсць заслуга прадстаўнікоў добраахвотных пагранічных дружын, – адзначыў Аляксандр Іванавіч. – Напрыклад, 30 красавіка была прадухілена спроба пераходу праз мяжу нашай краіны аднаго чачэнца і чатырох в’етнамцаў – у адносінах да іх узбуджана крымінальная справа.
А вось сітуацыя з незаконным перамяшчэннем тытунёвых вырабаў не змяняецца – наадварот, назіраецца рост такіх злачынстваў. Іх выяўлена больш, чым летась, у два разы, нягледзячы на змяненні, якія адбыліся ў заканадаўстве.
– Па-ранейшаму самым праблемным застаецца ўчастак аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, таму работы ў пагранічнікаў і іх добраахвотных памочнікаў менш не стане, – сказаў Аляксандр Іванавіч.
Прыемным момантам мерапрыемства стала ўручэнне Ганаровай граматы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта за актыўны ўдзел у мерапрыемствах па ахове Дзяржаўнай мяжы Віктару Мечыслававічу Урбановічу. Граматы Смаргонскай пагранічнай групы атрымалі Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч, Віталь Іванавіч Івашкевіч, Канстанцін Пятровіч Дзісько, Станіслаў Іосіфавіч Віюк і Расціслаў Іванавіч Бразінскі.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
