Пограничники Островетчины отмечают профессиональный праздник
Служыць на дзяржаўнай мяжы заўсёды лічылася ганаровым абавязкам. Сённяшнія пагранічнікі з годнасцю прадаўжаюць справу сваіх папярэднікаў: ахоўваюць межы нашай краіны ад нелегальных мігрантаў, папярэджваюць перавозку недазволеных тавараў, першымі сустракаюць замежных гасцей на тэрыторыі нашай краіны.
28 мая ўсе, хто некалі служыў на дзяржаўнай мяжы ці сёння выконвае тут свой грамадзянскі абавязак, адзначаюць Дзень пагранічніка. Гэтае свята стала нагодай, каб сустрэцца з ваеннаслужачымі органаў пагранічнай службы і задаць ім «пяць пытанняў аб галоўным».
Пяць пытанняў аб галоўным:
1. Як вы трапілі ў органы пагранічнай службы?
2. Калі б сёння вам прапанавалі змяніць месца працы, што б выбралі?
3. Ці былі ў вашым працоўным жыцці моманты, за якія вам сорамна? І што вы лічыце сваім самым вялікім дасягненнем?
4. Калі б у вас была магчымасць унесці нейкія змены ў сваю работу, што б вы зрабілі?
5. Шчасце чалавека – у чым яно заключаецца?
Алег Генрыхавіч Врублеўскі, начальнік аддзела кіравання пагранічнага кантролю вайсковай часці 2044
Алег Генрыхавіч Врублеўскі, начальнік аддзела кіравання пагранічнага кантролю вайсковай часці 20441. У дзяцінстве я марыў быць міліцыянерам. Аднак пасля заканчэння адзінаццатага класа паступіў у Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт на эканаміста-менеджара. Вярнуўся на радзіму на адпрацоўку. Не прайшло і паўгода, як мяне прызвалі на тэрміновую службу ў пагранічныя войскі. Служыў у вайсковай часці 2044. Тут і прапанавалі застацца служыць па кантракту. Тады падумаў: а чаму б і не стаць пагранічнікам?! Такім чынам, вось ужо 12 гадоў у органах пагранічнай службы.
2. Мяняць нічога не хацелася б. Здаецца, усё задавальняе. Але калі б усё ж давялося, то дакладна не працаваў бы эканамістам! Магчыма, пайшоў бы ў сферу інфармацыйных тэхналогій.
3. Спадзяюся, што такіх момантаў не было. Аднак, на маю думку, пра гэта павінны меркаваць тыя людзі, якія працуюць побач са мной. Ім лепш бачна. А дасягненні… Я звычайны чалавек, які любіць сваю сям’ю і сваю работу. І заўсёды адказна адношуся да таго, чым займаюся.
4. Напэўна, узмацніў бы заканадаўства да парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Прычым няважна, зрабіў чалавек толькі спробу парушыць яе ці ўжо парушыў. Як кажуць, няведанне закону не вызваляе ад адказнасці: любы чалавек павінен адказваць за свае паводзіны і справы. А пры сённяшняй даступнасці інтэрнэту тут можна знайсці ўсе заканадаўчыя акты – упэўнены, што людзі ведаюць, што іх чакае за парушэнне закону. Толькі некаторых гэта не палохае, таму, калі заканадаўства стане больш жорсткім да парушальнікаў, яны, мяркую, задумаюцца.
5. Чалавечае шчасце? (Задумваецца). Само жыццё і ёсць – шчасце. З радасцямі, а часам і выпрабаваннямі – яны таксама патрэбны, каб поўнасцю ўсвядоміць, што важна ў жыцці. Сям’я, дзеці, работа, добрае здароўе, сустрэчы з роднымі, падарожжы – усё тое, што спадарожнічае нам у жыцці, – і ёсць чалавечае шчасце.
Валянціна Яўгенаўна Іўлюшкіна, кантралёр аддзялення пагранічнага кантролю “Гудагай-1”
1. На пагранічную службу я прызвалася, калі мне было дваццаць гадоў. Першым працоўным месцам стаў пункт пропуску “Каменны Лог”. Як сёння помню свой першы рабочы дзень: шмат людзей, машын, а я на ўсё гляджу вялікімі вачыма. Напэўна, з-за свайго ўзросту. Насіць ваенную форму мне хацелася з дзяцінства, я заўсёды з зайздрасцю глядзела на свайго дзядзьку-палкоўніка. І калі пасля праверкі дакументаў, праходжання медыцынскай камісіі мяне прызвалі на службу, я была, напэўна, самай шчаслівай у свеце. Зрэшты, і сёння нічога не змянілася – мне падабаецца справа, якой я займаюся.
2. Трынаццаць гадоў у органах пагранічнай службы – гэта не проста праца, гэта ўжо стала звычкай. А калі звычкі – добрыя, то іх мяняць не трэба. Праз пяць гадоў у мяне ўжо будзе выслуга, але і тады можна прадоўжыць кантракт. Шчыра кажучы, ніколі не задумвалася над такім пытаннем.
3. Напэўна, былі. Наша праца звязана з людзьмі, аднак патрабаванні закона не заўсёды дазваляюць пайсці ім насустрач. А на мяжы здарыцца можа многае. Напрыклад, чалавек не заўважыў, што ў яго закончыўся тэрмін дзеяння візы, а за мяжой яго чакае важнае мерапрыемства. Ты нічым не можаш яму дапамагчы – і ў такіх сітуацыях становіцца не па сабе. А самае вялікае дасягненне – дачка Мілана, якой я вельмі ганаруся. Напэўна, для кожнай жанчыны самае галоўнае дасягненне – быць маці. Што датычыцца прафесіі, то хочацца ўдасканальвацца: мы першымі сустракаем людзей, якія прыязджаюць у нашу краіну, і менавіта ад нас залежаць першыя ўражанні замежнікаў пра Беларусь.
4. Здаецца ўсё задавальняе. Мне падабаецца мая работа – і нічога мяняць не хацелася б.
5. Сёння самае важнае, каб быў мір на зямлі і спакой у душы. А людзі сталі дабрэйшымі – гэта аснова асноў.
Юрый Генрыхавіч Тарашкевіч, старшы тэхнік, выконваючы абавязкі начальніка мабільнага паста пагранкантролю
1. Пасля заканчэння 11 класа паступаў у Ваенную Акадэмію, аднак удача ў той год была не на маім баку. Усё, што мяне чакала, – гэта гандлёва-эканамічны тэхнікум у Маладзечна, пасля якога я ўладкаваўся рэвізорам у Астравецкае райспажыўтаварыства. А потым была служба ў пагранічных войсках – і я зразумеў, што мая мара ўсё ж можа ажыццявіцца. З таго часу прайшло амаль 15 гадоў.
2. У 2008 годзе пасля праходжання курсавой падрыхтоўкі ў мяне было дзве замежныя камандзіроўкі па ахове замежных устаноў. Калі б прадставілася такая магчымасць, то, канешне, яшчэ б з’ездзіў. А так што мяняць? Тут – стабільнасць, сацыяльныя гарантыі, нарэшце, прыстойная заработная плата.
3. Здаецца, што нічога такога ганебнага ў маёй прафесійнай дзейнасці не было. А дасягненні, спадзяюся, яшчэ наперадзе.
4. Я б узмацніў заканадаўства аб перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Каб людзі спачатку думалі, а потым рабілі. У нас жа да парушальнікаў адносяцца вельмі ліберальна: яны заплацілі штраф – а праз нейкі час зноў парушаюць.
5. Напэўна, я шчаслівы чалавек. У мяне ёсць любімая работа. Ёсць сям’я, якая чакае мяне дахаты. Радуюць дачушкі Ліза і Аліна. Што яшчэ трэба?
Уладзіслаў Ігаравіч Жыгала, начальнік змены аддзялення пагранічнага кантролю “Гудагай-1”
1. Пасля заканчэння Інстытута пагранічнай службы па размеркаванні трапіў у аддзяленне пагранічнага кантролю “Гудагай-1”. Прызначылі намеснікам начальніка змены, праз два гады – начальнікам змены. Жаданне стаць пагранічнікам з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Мне заўсёды падабаліся дысцыплінаваныя, адказныя людзі – усе гэтыя якасці ўласцівы якраз ваенным людзям. Тым больш што прыклад я бачыў з дзяцінства – мой бацька служыў у Савецкай Арміі. Да таго ж жылі мы ў Бабруйску, дзе размешчана
некалькі вайсковых часцей. Пагранічнай там няма, але менавіта пагранічнікі – тыя людзі, якія выконваюць канкрэтную службу на карысць дзяржавы. Мне хацелася быць патрэбным людзям і роднай краіне.
2. Па-першае, я ніколі б не згадзіўся змяніць месца працы: мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся, бо выбар прафесіі рабіў усвядомлена. Па-другое, я задаволены, што мяне накіравалі ў Гудагай. Раней ніколі не даводзілася бываць у заходняй частцы нашай краіны – і прыгажосць мясцовай прыроды вельмі ўразіла.
3. На мой погляд, у кожнай прафесіі павінна быць сістэма каштоўнасцей. Любы юнак, які вучыўся ў ваеннай навучальнай установе, пасля яе заканчэння, можна сказаць, “спускаецца” на зямлю. У першыя дні самастойнай працы я быў збянтэжаны хамствам людзей, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу. Яны бачаць, што іх сустракаюць “зялёныя” юнакі і дзяўчаты, і лічаць, што з імі можна размаўляць, неабцяжарваючы сябе правіламі этыкету. Канешне, такіх людзей няшмат, але яны ёсць. А дасягненне? У першую чаргу тое, што я паступіў у Інстытут пагранічнай службы. Конкурс тады быў пяць чалавек на месца.
4. Унёс бы папраўкі ў заканадаўства, якое датычыцца перасячэння дзяржаўнай мяжы. Напрыклад, на аўтамабільных пунктах пропуску стаяць відэакамеры, якія запісваюць размову, – і гэта прымушае ўсіх паводзіць сябе больш інтэлігентна, бо чалавек ведае, што за абразу яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Пры афармленні пасажыраў, якія перасякаюць мяжу на цягніку, тэхнічныя сродкі не заўсёды можна выкарыстаць: не будзеш жа хадзіць па вагоне з відэакамерай, хаця ў начальніка змены яна ёсць. Было б цудоўна ўкараніць у практыку якія-небудзь міні-відэакамеры, тады б кантралёры адчувалі сябе больш абароненымі ад таго ж хамства.
5. Чалавечае шчасце – гэта спакойна спаць па начах. І гэта магчыма, калі будзеш жыць сумленна, рабіць добрыя справы і адчуваць ад гэтага радасць.
Алена ЯРА ШЭВІЧ
