Островецкие пограничники впредверии профессионального праздника
Пра службу ў пагранічных войсках я не марыла ніколі. А вось журналісцкая цікаўнасць і жаданне паспрабаваць уявіць сябе на месцы пагранічнікаў часам прачыналася. Гэта і стала прычынай таго, што напярэдадні Дня пагранічніка, які адзначаецца 28 мая, я напрасілася ў госці на граніцу.
Для даведкі:
Аддзел пагранічнай службы “Гудагай” аб’ядноўвае пагранічныя пасты “Вялікая Страча” і “Кямелішкі”, пагранічную заставу “Лоша”, аддзяленні пагранічнага кантролю “Гудагай-1” і “Катлоўка” і мабільную пагранічную заставу.
…І вось мы на “Катлоўцы”. Гэтае аддзяленне пагранічнага кантролю было адкрыта на падставе пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай на міжнароднай трасе Полацк-Вільнюс. У 2006 годзе яно набыло сучасны выгляд, які старанна падтрымліваецца пагранічнікамі, мытнікамі, транспартнай інспекцыяй і іншымі службамі.
Тут усё строга і па законе – і проста так трапіць за вароты не атрымаецца. Каля іх нас сустракае намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Катлоўка” капітан Іван Шкрэд. Цікаўлюся пагранічнымі буднямі – і капітан прапаноўвае прайсці на тэрыторыю і па ваеннаму лаканічна расказвае:
– Аддзяленне пагранічнага кантролю “Катлоўка” складаецца з дзвюх частак: выязная паласа з краіны і ўязная ў Рэспубліку Беларусь. Машыны заязджаюць да нас і выязджаюць з краіны па двух каналах – чырвоным і зялёным. Па зялёным канале граніцу перасякаюць тыя, хто едзе без тавару, які належыць дэклараваць. Пры гэтым чалавек абавязкова павінен з’яўляцца грамадзянінам Мытнага Саюза – гэта значыць Беларусі, Расіі ці Казахстана. Разлікова-прапускная магчымасць аддзяленння – 1000 транспартных сродкаў у суткі на ўезд і выезд. Афармляем легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы…
На першы погляд здаецца, што ўсё проста, ніякіх складанасцей у пагранічнай службе няма: апрануў форму, стой сабе на пасту, прапускай машыны, правярай пашпарты. Але так можа падацца толькі недасведчанаму.
У прафесійным асяроддзі існуе меркаванне, што пагранічнікамі не становяцца – імі нараджаюцца. Бо сёння людзі ў “зялёнай форме” – гэта і крыміналісты, і аператары ЭВМ, і псіхолагі – усе ў адной асобе. І за кожным з іх стаіць граніца Радзімы і закон.
У пагранічнікі сёння прыходзяць людзі розных прафесій – юрысты, эканамісты, настаўнікі, медыцынскія сёстры… Як правіла, палова з іх – жанчыны. І як справіцца з усім, што можа чакаць цябе на граніцы?
– Усё, што патрабуецца – гэта веданне нарматыўна-прававой базы і інструкцый. І, канешне, іх строгае захаванне і выкананне, – працягвае мой суразмоўца.
Большасць з тых, хто працуе на граніцы не першы год, сталі сапраўднымі, няхай і без спецыяльнай адукацыі, псіхолагамі. Яны беспамылкова могуць вызначыць, гаворыць чалавек праўду ці штосьці ўтойвае – і, зыходзячы з гэтага, прыняць рашэнне.
Гэткім тонкім псіхолагам з’яўляецца і намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю, мой сённяшні экскурсавод капітан Іван Шкрэд. Нават у размове са мной ён паспявае заўважаць, што адбываецца навокал, і прыпыняючы размову, аддае загады па рацыі.
… Як высветлілася з размовы, у дзяцінстве Іван марыў стаць юрыстам – і пасля заканчэння школы паступіў у Ваенную акадэмію. Па размеркаванні трапіў у аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, працаваў намеснікам начальніка змены “Лоша”. Потым былі “Катлоўка”, “Каменны Лог” – і зноў “Катлоўка”. Іншым часам на рабоце даводзіцца бываць не толькі ў час свайго дзяжурства, але і суткамі, аднак Іван не наракае на лёс – служыць старанна і паспяхова. А дома маладога капітана чакае надзейны тыл – жонка Жэня і дачка Варвара, якая ўжо любіць прымерыць бацькаву фуражку.
Служыць на граніцы адказна. Але самая вялікая адказнасць, з маёй кропкі гледжання, кладзецца на плечы тых, хто займаецца афармленнем дакументаў. Тут важна ўсё!
У кабінцы з надпісам “пашпартны кантроль” сядзяць у асноўным дзяўчаты і жанчыны. У базу даных яны заносяць пашпартныя даныя, сканіруюць яго, высвятляюць неабходныя па інструкцыі пытанні і даюць дазвол на ўезд ці выезд, або наадварот – забараняюць яго. Прычым калі вы афармляецеся на выезд з краіны, то ваеннаслужачыя пагранічнай службы сустрэнуцца з вамі пасля афармлення транспартнай інспекцыі і праходжання мытні. А пры ўездзе ў краіну першымі свае дзяжурныя пытанні вам зададуць пагранічнікі.
– А скаргі на работу пагранічнікаў бываюць? – цікаўлюся ў намесніка начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталія Субаткевіча.
– Працаваць з людзьмі заўсёды складана. Тым больш на граніцы, калі кожнаму хочацца хутчэй мінуць пункт пропуску і прадоўжыць сваё падарожжа. Кожную такую скаргу мы разбіраем. І часцей за ўсё аказваецца, што яны неапраўданы, у большай ступені – надуманыя, ці, магчыма, чалавеку проста захацелася “выплюхнуць” на некага сваю злосць, праблемы ці дрэнны настрой.
І ўсё ж цікава, што думаюць падарожнікі – тыя, хто афармляецца на граніцы, аб рабоце беларускіх пагранічнікаў?
– Родам я з Астравеччыны, але жыву ў Вільнюсе. Тут жывуць бацькі, сваякі, знаёмыя – і, канешне, хочацца прыехаць на радзіму, прывезці дзяцей. Але перасякаць граніцу на аўтамабілі можна толькі раз у 8 дзён. Віны ў гэтым пагранічнікаў няма, але хацелася б, каб ездзіць можна было б часцей – хоць бы кожныя выхадныя. А пагранічнікі працуюць зладжана, заўсёды ветлівыя, акуратныя. Калі чаргі няма, то ехаць тут – адно задавальненне, – дзеліцца ўражаннямі і думкамі Яўгеній, які вяртаецца ў Вільнюс ад бацькоў.
Задаволены работай беларускіх пагранічнікаў і вадзіцелі велікагрузных машын – расіянін Юрый Паўлаў і беларус Андрэй Балаш. На беларускім пункце пропуску яны аформіліся ўжо некалькі гадзін назад, але перасекчы граніцу пакуль не могуць – чарга на літоўскім баку: “Беларускія пагранічнікі службу нясуць, як належыць. Прэтэнзій больш да літоўцаў – з-за іх нам тут і даводзіцца стаяць,” – гавораць яны.
Кароткая экскурсія па пляцоўцы заканчваецца, мы заходзім у будынак.
– Гэта зала афармлення аўтобусаў, – працягвае мой экскурсавод. – Праўда, звычайна для зручнасці пасажыраў аўтобусаў афармленне праводзім без іх высадкі.
Побач размешчаны кабінет спецыяльнай праверкі дакументаў – уражвае суперсучасная апаратура, з дапамогай якой можна праверыць пашпарты ўсіх краін свету і выявіць падробку. Так і хочацца пагартаць вялікую колькасць спецыяльных энцыклапедый, у якіх можна атрымаць любую інфармацыю па апісанні пашпартоў.
Падарожжа па будынку працягваецца – па дарозе нам сустракаюцца дзверы з шыльдай: “Кафэ”, і ўдакладненне: “Для супрацоўнікаў і тых, хто ўязджае ў краіну”.
– На другім паверсе ў нас ёсць спецыяльна абсталяваны пакой для прыёму ежы. Там ёсць халадзільнік, мікрахвалёўка, газавая пліта, карыстацца якімі могуць усе, – гаворыць Іван Шкрэд.
Час абедзенны. Мозг спрацоўвае інтуітыўна – і рука сама собой цягнецца да ручкі халадзільніка – ён застаўлены кантэйнерамі з “сабойкамі” – абедаюць пагранічнікі па чарзе: 5-10 хвілін – і зноў за працу.
Без спынення работы праходзіць і перазменка. Выключэнне складае толькі перазагрузка камп’ютараў, на што пагранічнікі затрачваюць таксама не больш 5-10 хвілін.
Увогуле, у гэтым будынку ўражвае ўсё: і комплекс тэхнічнай сувязі – на экраны, размешчаныя ў ім, выводзяцца відэакадры з усёй тэрыторыі аддзялення, і пакой адпачынку з мяккімі ўтульнымі крэсламі і акварыумам з рыбкамі. Праўда, адпачываць у ім пагранічнікам няма калі. І канферэнц-зала, галоўным упрыгажэннем якой з’яўляюцца лёгкія празрыстыя шклянныя сцены з дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь і трыма дзяржаўнымі сцягамі – Рэспублікі Беларусь, Расіі і Еўрасаюза.
Ёсць тут і шэраг спецыяльных памяшканняў, трапіць у якія могуць толькі іх гаспадары-ваеннаслужачыя.
Служба пагранічнікаў праходзіць не толькі на граніцы. Паміж дзяжурнымі зменамі пагранічнікі сустракаюцца на занятках, выязджаюць на стрэльбішчы, здаюць своеасаблівыя кантрольныя зрэзы, якія вызначаюць веданне тэарэтычнай часткі і фізічную падрыхтоўку.
Такія кантрольныя іспыты праходзяць два разы ў год – у маі і лістападзе. Па іх выніках можна павысіць класнасць.
Але не гэта галоўнае для людзей у ваеннай форме. Усе яны прыйшлі аберагаць рубяжы Радзімы – і гэта іх галоўная задача, якой падпарадкаваны ўсе астатнія.





