Островчане приняли участие в съезде Союза поляков
Саюз палякаў на Беларусі – адно з самых масавых культурна-асветніцкіх аб’яднанняў у нашай краіне. Гісторыя яго існавання налічвае больш за 20 гадоў. Сёння ў гэтага этнічнага саюза каля 70 абласных і раённых аддзяленняў. Адно з самых актыўных – Астравецкае, работу якога ставяць у прыклад.5-6 красавіка ў Мінску адбыўся чарговы VІІІ з’езд Саюза палякаў. У яго рабоце актыўны ўдзел прыняла і дэлегацыя з Астравеччыны ў складзе Тарэсы Мароз (старшыня раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі), Ліліі Анімуцкай, Казіміра Радкевіча, Галіны Сцефановіч.
Як расказалі дэлегаты, з’езд прайшоў у атмасферы шчырасці і канструктыўнага падыходу да рашэння ўсіх узнікаючых пытанняў. У ім прынялі ўдзел больш за 100 дэлегатаў. Быў зацверджаны новы склад кіруючых органаў, а таксама разгледжана справаздача аб рабоце за апошнія 3,5 года, вызначаны задачы на наступныя 4 гады.
Папярэдні старшыня СПБ Станіслаў Сямашка, які ўзначальваў арганізацыю з 2009 года, год назад заявіў аб адстаўцы па «сямейных абставінах» і абавязкі кіраўніка грамадскай арганізацыі выконваў Мечыслаў Лысы. Ён і стаў галоўным кандыдатам на пасаду старшыні рэспубліканскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”. Шляхам адкрытага галасавання Мечыслаў Лысы быў аднадушна абраны старшынёй СПБ.
– З панам Мечыславам мы знаёмы не адзін год, – у кароценькім інтэрв'ю нашай газеце сказала Тарэса Мароз. – Ён неаднаразова прыязджаў у наш раён з рабочымі візітамі. Удзельнічаў у фестывалі “Песня памежжа”, стаў госцем справаздачнага канцэрта, які ў кастрычніку даваў хор “Польскае рэха Астраўца”. Ведаем Лысага як неабыякавага, ініцыятыўнага чалавека, які душой хварэе за справу, гатовы падтрымаць ініцыятыву “на месцах” і сам пастаянна ўносіць цікавыя прапановы для далейшага развіцця мовы і культуры нашага народа. Кандыдатуру пана Мечыслава лічым цалкам адпавядаючай усім патрабаванням – дэлегацыя Астравеччыны аддала за яго свае галасы з задавальненнем.
– Асабіста я ўпершыню прыняла ўдзел у з’ездзе Саюза палякаў на Беларусі, – падзялілася ўражаннямі ад падзеі Лілія Анімуцкая. – Уразіла добрая арганізацыя мерапрыемства. Не ўзнікала ніякіх замінак на з’ездзе – усё праходзіла ў спакойнай дзелавой абстаноўцы, у рэжыме адкрытасці і шырокага абмеркавання. Не засталіся паза ўвагай і бытавыя праблемы – усе дэлегаты былі забяспечаны нармальнымі ўмовамі для пражывання і харчавання. У якасці культурнай праграмы мы наведалі Нацыянальную бібліятэку, Тэатр музычнай камедыі, была арганізавана экскурсія па Мінску. Адным словам, з’езд выліўся ў цікавае і змястоўнае свята. Беларусь – шматнацыянальная дзяржава, і мы рады, што знаходзім падтрымку ў дзяржавы для ўсіх нашых мерапрыемстваў.
-------------------
Ганна ЧАКУР.