Бяда яднае народы
Раўнадушных да трагедыі Польшчы, якая ў авіякатастрофе над Смаленскам страціла эліту сваёй палітычнай і духоўнай улад, у свеце не было – амаль усе краіны выказалі свае спачуванні і многія аб”явілі агульнанацыянальную жалобу. На пахаванне прэзідэнта Леха Качыньскага з’ехаліся дэлегацыі многіх краін планеты. У склад адной з іх – дэлегацыі, якая прадстаўляла Саюз палякаў на Беларусі, увайшла старшыня раённага аддзялення гэтага Саюза, наша зямлячка Тарэса Мацвееўна Мароз. Пасля вяртання на радзіму яна ветліва згадзілася падзяліцца ўражаннямі.
– Трагедыя пад Катынню стала шокам для ўсіх неабыякавых людзей, а тым больш для нас, палякаў. Вядома, кожны з нас, беларускіх палякаў, з’яўляецца грамадзянінам Беларусі – любіць і паважае сваю фактычную радзіму ўсім сэрцам, і ўсё ж часцінка нашых сэрцаў належыць і Польшчы – нашай духоўнай радзіме. Дарэчы, шмат каго зараз цікавіць миграция. Напэўна, таму гібель лепшых сыноў гэтай краіны ўдарыла па свядомасці так балюча. І калі мне прапанавалі далучыцца да дэлегацыі, якая ехала ў Польшчу, каб ушанаваць памяць ахвяр катастрофы і паўдзельнічаць у пахаванні прэзідэнта, я не вагалася ні хвіліны…
Неабходныя дакументы ў Польскім консульстве ў Гродне мы аформілі за дзень, «зялёнае святло» гарэла для нас і на граніцы. Перажыванні, мітусня збораў у дарогу, вырашэнне арганізацыйных пытанняў… Польшча сустрэла нас непрывычнай цішынёй. Зачыненыя ўстановы і магазіны, бязлюдныя вуліцы і дарогі. Прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі, аздобленыя жалобнымі стужкамі. І паўсюдна – уздоўж дарог, на плошчах, у парках, ля сцен і на ступеньках будынкаў – тысячы палаючых свечак. І кветкі…
Адпяванне прэзідэнта і яго жонкі адбывалася ў галоўнай святыні Польшчы – Марыяцкай базіліцы ў Кракаве. Вялізная рыначная плошча перад базілікай не змагла б умясціць і трэцяй часткі жадаючых пакланіцца праху загінуўшых першых людзей дзяржавы, таму туды можна было прайсці толькі па спецыяльных пропусках. Нас прапусцілі адразу.
Плошча пакінула дзіўнае ўражанне: шматтысячны натоўп запоўніў яе прастору, людзі стаялі шчыльна –плячо да пляча, і пры гэтым над іх галовамі навісала амаль абсалютная цішыня. Цішыня жалобы. Цішыня роздуму. Цішыня ўдзячнасці
З розных бакоў плошчы былі ўстаноўлены вялізныя экраны, на якія з базілікі ішла прамая трансляцыя памінальнай імшы. Тысячы людзей маліліся ў адзіным парыве і рытме, кленчылі і ўставалі з кален. І словы святара “Вось Цела Маё” набывалі яшчэ адно значэнне.
Калі ў эўхарыстыі надышоў момант прабачэння, незнаёмыя людзі абдымаліся паміж сабой. Іх грамадзянства можна было вызначыць толькі па колеру сцягоў і сцяжкоў. Кожны з нас таксама трымаў у руках два сцяжкі – беларускі і польскі. Жанчына, якая стаяла перада мной, паварочваецца: “Спакой нам усім!”. А потым, убачыўшы ў маіх руках сцяжок маёй дзяржавы, кажа: “Беларусы, сябры! Няхай аддзячыць вам Бог, што ў такую хвіліну вы – з намі!” І слёзы цякуць па яе твары. Не магу стрымацца і я...
Пасля імшы жалобная працэсія з трунамі Марыі і Леха Качыньскіх плыве на гару Вавэль. Вядома, за яе рухам мы назіраем на экранах. А вось аб тым, што загінуўшыя прэзідэнт і яго жонка прыбылі да месца свайго апошняга супакою, на ўвесь горад (на ўсю краіну, на ўвесь свет) ябвяшчае сваім набатам звон Жыгімонта…
Калі пахаванне заканчваецца, мы пакідаем Кракаў. Едзем у Варшаву. Назаўтра, у панядзелак, мы запрошаны на прыём у Беларускую амбасаду.
Нас прымае Надзвычайны і паўнамоцны пасол прафесар Віктар Гайсёнак. У пышнай абстаноўцы амбасады мы спачатку прыкметна губляемся, але за сяброўскай філіжанкай кавы, на якую нас запрашае пасол, разгубленасць знікае. Прафесара Гайсёнка цікавіць, як жывецца беларускім палякам, якія праблемы даводзіцца ім вырашаць, якія планы ставяць яны перад сабой.
Пазней проста ў амбасадзе адбываецца прэс-канферэнцыя з кіраўніком нашай дэлегацыі, віцэ-старшынёй Саюза палякаў на Беларусі пані Гэленай Богдан. “Што вы адчуваеце пасля таго, як праз пяць гадоў, на працягу якіх Польшча адмаўляла вам у атрыманні візы, вы нарэшце прыехалі ў краіну?” – пытаюцца ў яе журналісты. “Нібы я ўласнай галавой прабіла сцяну падазронасці і недаверу”, – адказвае віцэ-старшыня.
У апошні дзень побыту ў Польшчы, ужо ў Беластоку, на сустрэчу з прэсай запрашаюць нас усіх.
Журналісты настроены ваяўніча. Наслухаўшыся легенд пра міфічнае прыгнятанне палякаў на Беларусі, яны засыпаюць нас пытаннямі – адно каверзней за другое. Мы стараемся не купіцца на падспудную правакацыю і адказваем спакойна – расказваем праўду. Пра тое, што ў Беларусі няма лепшых і горшых народаў – ёсць роўныя. Што і паляк, і літовец, і ўкраінец, і прадстаўнікі ўсіх іншых нацыянальнасцей маюць права і магчымасць вывучаць родную мову, прытрымлівацца сваіх традыцый, развіваць сваю самабытнасць і культуру. Спачатку да нашых адказаў ставяцца з недаверам, а потым халадок паміж намі растае, і далей адбываецца нармальная размова, якая грунтуецца на ўзаемным даверы. На развітанне мы ўсіх запрашаем на VІ фестываль “Паланез-2010” у Слонім, а яшчэ ў Гродна – на рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. “Прыязджайце, – кажам мы прадстаўнікам СМІ, – і вы на свае вочы ўбачыце: Беларусь – інтэрнацыянальная краіна, у якой прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей жывуць у згодзе і сяброўстве”.
НА ЗДЫМКУ: беларуская дэлегацыя ў Варшаве.
Запісала Ганна ЧАКУР.