Неделя postfactum: информационное пике
На мінулым тыдні над Беларуссю ляталі мядзьведзі. Не сапраўдныя, вядома цацачныя. А скінулі іх на зямлю з борта лёгкаматорнага самалёта двое пілотаў, якія 1 гадзіну 20 хвілін ляталі над беларускай зямлёй, а затым размясцілі ў інтэрнэце справаздачнае відэа.
Падзея, якую можна было б прыняць за дзіваваты жарт, мела шырокі інфармацыйны рэзананс.
Усё адбылося ці то 3-га, ці то 4-га ліпеня, ці то над беларускім гарадком Івянец, ці то над ускраінай самой беларускай сталіцы.
Па сведчанні аўтараў відэароліка, такім незвычайным чынам адна шведская піар-кампанія пратэставала супраць парушэння ў Беларусі правоў чалавека.
Што тут да чаго – зразумець няпроста. Логіка хулігана ўвогуле не паддаецца асэнсаванню.
Іншая справа што, па словах арганізатараў акцыі, самалёт, прынамсі, двойчы без дазволу перасек паветраную мяжу Беларусі. Першы раз, калі ляцеў сюды з суседняй Літвы, а другі, калі вяртаўся назад.
І хоць Міністэрства абароны нашай краіны факт незаконнага парушэння дзяржаўнай мяжы катэгарычна адмовіла, гэта ніколькі не засмуціла тых, хто абрынуўся з гнеўнай крытыкай і на супрацьпаветраныя сілы, і на абароннае ведамства, і на ўладу.
Вось, маўляў, дакаціліся: нават уласнай мяжы як след абараніць не могуць!
Аналогія, што называецца напрошвалася сама сабой. Выпадак, калі нямецкі падлетак Маціас Руст прызямліўся проста на Чырвонай плошчы, многія памятаюць як бадай што самы ганебны інцыдэнт савецкай гісторыі.
Праўда, у 1987 годзе нямецкі “герой” горда паўстаў перад вачыма шматлікіх сведкаў.
А ў 2012 годзе ўсё было не так адназначна.
Удзельнікі “гераічнага” пералёту паведамілі аб ім і ў прамым сэнсе скінулі маскі толькі па прашэсці некалькіх дзён, калі знаходзіліся ўжо далёка і ад Мінска, і ад беларускай мяжы.
Дык ці меў месца факт незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы?
З відэароліка гэтага зусім не вынікае. Больш таго – узнікае нямала пытанняў.
Напрыклад, чаму на відэа ў кабіне самалёта пілоты – мужчына і жанчына – знаходзяцца ў масках і за ўвесь час не прамаўляюць ні слова?
Затое ўжо на зямлі аказваюцца надзвычай гаваркімі і маляўніча распавядаюць аб сваім палёце над Беларуссю.
Дарэчы спытаць, што ж перашкодзіла “памахаць маме” ў камеру ды сказаць пару ласкавых на шведскай ці англійскай мове без масак, проста ў кабіне?
Для чаго, увогуле, былі патрэбны тыя маскі?
Калі б самалёт прымусова пасадзілі на зямлю беларускія знішчальнікі, маскі ўсё роўна былі б сарванымі.
Ды і ў выпадку пападання супрацьпаветранай ракеты, яны б дапамаглі мала.
Дык можа ўся справа ў тым што, як у той казцы пра двух вожыкаў, якія спаборнічалі з зайцам у бегу, у кабіне самалёта былі адны людзі, а на зямлі раздавалі інтэрв’ю другія?
А каб падман не быў выкрыты і сталі патрэбнымі маскі?
У такім выпадку ўсё становіцца простым і зразумелым.
Недзе паблізу ад Мінска самалёт узняўся ў небе з грамадзянамі Беларусі, выканаў план палёту і паспяхова прызямліўся.
Усё астатняе – відэа, інтэрв’ю -- было справай піар-тэхналогій.
Дарэчы, асабліва скурпулёзныя інтэрнэт-карыстальнікі не палянаваліся пазнаёміцца з тэхнічнымі характарыстыкамі загадкавага самалёта і высветлілі, што пры крэйсерскай хуткасці лятальных апаратаў дадзенага тыпу ў 160 кіламетраў у гадзіну і часе пралёту над Беларуссю, аб якім паведамілі аўтары акцыі, яны маглі пакрыць шлях у 180 – 200 кіламетраў.
Нават не вельмі дасведчанаму ў геаграфіі чалавеку зразумела, што гэтай адлегласці яўна недастаткова, каб даляцець з Літвы да Мінска ды яшчэ і вярнуцца назад.
Ды і тое, што за выключэннем пары-тройкі апазіцыйных сайтаў і газет, гэтую падзею абышлі сваёй увагай ўсе еўрапейскія інфармацыйныя агенцтвы, добразнаёмыя са скандальнай славай шведскага агенцтва, таксама гаворыць аб многім.
Такім чынам, чарговая інфармацыйная бомба лопнула, так і не даляцеўшы да мэты.
Хоць непрыемны асадак з нагоды чарговай спробы абразіць тваю краіну, зразумела, застаўся.
Эдуард СВІРЫД.