Национальные меньшинства Беларуси в Евросоюзе
Па ініцыятыве Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве кансультатыўны міжэтнічны савет Беларусі і Дом нацыянальных меншасцей Літвы правялі нядаўна першае сумеснае пасяджэнне кіраўнікоў нацыянальных абшчын Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі, у рамках якога шматнацыянальная беларуская дэлегацыя прыбыла ў Вільнюс.
Першым пунктам прыпынку стала Беларускае пасольства. Сустрэчу, якая адбылася ў малой зале пасольства, узначаліў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Літва Уладзімір Несцеравіч Дражын.
Уладзімір Несцеравіч распавёў аб станоўчых зменах, якія ў апошнія гады адбыліся ў палітычных, эканамічных і культурных сувязях паміж дзвюма краінамі, расказаў пра жыццё і дзейнасць пасольства, пра падтрымку, якую Беларусь аказвае сваім грамадзянам, што пражываюць на тэрыторыі Літвы. У прыватнасці, аб тым, якую матэрыяльную і маральную падтрымку атрымлівае Віленская беларуская школа, якую ролю адыгрывае пасольства ў жыццядзейнасці беларускіх аб’яднанняў Літвы.
Даведаўшыся, што сярод гасцей ёсць і прадстаўнік Астравеччыны, Уладзімір Несцеравіч расказаў, што часта бывае ў нашым раёне, асабліва пасля таго, як тут распачалося будаўніцтва АЭС. Распавядаючы пра ўнікальнасць астравецкіх мясцін, У.Н. Дражын расказаў прысутным пра прыгажосць Гервяцкага касцёла, добраўпарадкаванасць населеных пунктаў раёна і дагледжанасць нашых ніў.
Ад імя пробашча Гервяцкага касцёла Леаніда Несцюка і арганіста Андрэя Міхневіча пасол і яго дыпламатычная каманда былі запрошаны на канцэрт арганнай і вакальнай музыкі, які адбудзецца 17 лістапада. Запрашэнне было ўспрынята з энтузіязмам. А яшчэ аказалася, што пасол Дражын даўно і добра ведае Гервяцкага арганіста – і не проста ведае, а захапляецца яго талентам.
Пасля заканчэння прамовы Уладзімір Несцеравіч адказаў на пытанні журналістаў БелТА, газет “Рэспубліка” і “Звязда” і міжнароднага радыё “Беларусь”. Пасол быў ветлівы адказаць на два пытанні, якія, без сумнення, цікавяць чытачоў “Астравецкай праўды”.
Г. Чакур:
– Уладзімір Несцеравіч, падзяліцеся, калі ласка, інфармацыяй, у якім становішчы знаходзіцца сёння пагадненне аб так званай 50-кіламетровай зоне?
У.Н. Дражын:
– На жаль, узніклі пэўныя складанасці, звязаныя з тым, што граніца Літвы – гэта яшчэ і граніца Еўрасаюза. Але я аптыміст, і спадзяюся, што ўрэшце пытанне будзе вырашана станоўча.
Г. Чакур:
– У вашай прамове прагучала прыемная навіна наконт таго, што ўчастак чыгункі “Мінск–Вільнюс” будзе электрыфікаваны, і адлегласць паміж дзвюма сталіцамі электрацягнік будзе пераадольваць усяго за дзве гадзіны. Але пакуль суд ды справа, ці не маглі б вы паспрыяць таму, каб да «сённяшняга» цягніка, набыць білеты на які вельмі складана, дабавілі хаця б два-тры вагоны?
У.Н. Дражын:
– Ведаю пра гэтыя складанасці. Як і пра тое, што пасажырапаток з кожным годам усё павялічваецца. Многія пасажыры, каб не стаяць на граніцы ў шматкіламятровых чэргах, падарожнічаюць цягніком…
Займаюся гэтай справай. Пакуль вырашэнне праблемы ўпіраецца ў адсутнасць вагонаў неабходнага класа – не пусціш жа на міжнародны накірунак звычайныя, непрыстасаваныя. Думаю, пытанне вырашыцца ў бліжэйшай будучыні.
Пасля заканчэння сустрэчы з паслом адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел армянскія, карэйскія, польскія, украінскія і іншыя самадзейныя артысты і калектывы, якія дзейнічаюць пры нацыянальных аб’яднаннях. Ад літоўскай абшчыны выступіў інструментальны квартэт з Астравеччыны пад кіраўніцтвам Марыі Пасечнік.
На наступны дзень эпіцэнтрам падзей стаў Вільнюскі Дом нацыянальных меншасцей, у якім сустрэліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей дзвюх краін – людзі дзяліліся вопытам нацыянальнай работы ў сваіх асяродках, адказвалі на шматлікія пытанні, абменьваліся памятнымі сувенірамі.
Закончылася сустрэча вялікім канцэртам.
--------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
