На республиканском пункте таможенного оформления прошёл день открытых дверей для журналистов Гродненской области

На мінулым тыдні прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі пяці рэгіёнаў Гродзенскай вобласці – Астравецкага, Ашмянскага, Лідскага, Смаргонскага і Воранаўскага раёнаў – у межах інфармацыйнага праекта правялі адзін дзень на рэспубліканскім пункце мытнага афармлення “Беняконі”.


Звароты грамадзян і юрыдычных асоб, “гарачыя лініі” з кіраўніцтвам мытні, якія цалкам апраўдваюць сваю назву, разнастайныя пытанні чытачоў пацвярджаюць актуальнасць адкрытага дыялогу супрацоўнікаў мытні і прадстаўнікоў масмедыя. Менавіта ў такім фармаце адбылася сустрэча журналістаў з кіраўніцтвам Ашмянскай мытні і пункта мытнага афармлення “Беняконі”. Акрамя гэтага, прадстаўнікам СМІ быў забяспечаны бесперашкодны ўваход у зону мытнага кантролю і знаёмства са шматлікімі формамі яго правядзення.

Экскурсіі па асноўных пунктах мытнага пункта “Беняконі” папярэднічала размова ў фармаце “круглага стала” з начальнікам Ашмянскай мытні Васілём Пятровічам Шостакам, які пазнаёміў прысутных журналістаў з этапамі станаўлення Ашмянскай мытні ў прыватнасці і мытнай справы ўвогуле.

– Ашмянская мытня ўключае тры асноўныя рэспубліканскія пункты мытнага афармлення – “Каменны Лог”, “Катлоўка” і “Беняконі”. Прапускная здольнасць апошняга складае 1,5 тысячы аўтамабіляў за суткі. Інспектары мытнага дагляду ажыццяўляюць асноўную задачу: на тэрыторыю нашай краіны не павінны трапіць забароненыя рэчывы, наркатычныя сродкі, зброя. Да прыкладу, за мінулы тыдзень супрацоўнікамі Ашмянскай мытні за незаконнае перамяшчэнне затрымана тавару на 18 мільярдаў рублёў, – адзначыў начальнік Ашмянскай мытні. – Для каардынацыі дзейнасці супрацоўнікаў мытні дзейнічае рэспубліканская сістэма маніторынгу, сістэма відэаназірання, праводзяцца розныя мерапрыемствы. Усе яны накіраваны на спрашчэнне і паскарэнне тэмпаў перасячэння мяжы, а таксама на максімальнае выключэнне чалавечага фактару ў прыняцці рашэнняў.

Экскурсія

На пункце мытнага афармлення “Беняконі” ўсталявана 82 відэакамеры. Частка іх выведзена ў боксы паглыбленага дагляду. Начальнік аддзела ў любы момант можа прасачыць, якім чынам праводзіць работу інспектар, ці ёсць спецыяліст на працоўным месцы. Запісы відэаздымкі захоўваюцца на працягу месяца.

Спачатку журналісты ў рэжыме ан-лайн пазнаёміліся з функцыяваннем сістэмы відэаназірання, а затым увачавідкі – з работай супрацоўнікаў пункта мытнага афармлення “Беняконі”.

У зале мытнага афармлення на выезд з Рэспублікі Беларусь размяшчаюцца ветэрынарны і фітасанітарны кантроль, сэрвісная служба, страхавая кампанія, аддзяленне банка. Пасля таго як вадзіцелі запоўнілі дэкларацыю, адбываецца афамленне дакументаў. Пры гэтым выкарыстоўваецца спецыяльная сістэма аналізу рызыкі.

Затым журналістам расказалі пра сістэму двайнога калідора: у якім выпадку варта карыстацца “зялёным” (калі няма тавараў, якія трэба пісьмова дэклараваць) і калі абраць “чырвоны” (наяўнасць тавараў, прызначаных для абавязковага пісьмовага дэкларавання), а таксама пра функцыю “адзін прыпынак”.

Каментуючы забарону на перасячэнне мяжы пешшу, начальнік мытнага паста “Беняконі” Руслан Леанідавіч Тарасаў адзначыў, што для пешага пераходу пункты пропуску павінны быць абсталяванымі асобнымі каналамі.

На лініі ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь журналістам прапанавалі прыняць удзел у своеасаблівым эксперыменце: вызначыць змесціва сумачкі, не адчыняючы яе. Ніводзін з калег такога жадання не выказаў. Аднак журналісты змаглі ацаніць работу сканернай устаноўкі на прыкладзе рэчаў людзей, якія перасякаюць мяжу. Так, напрыклад, зялёны колер на экране манітора азначае арганіку, сіні – метал.

Журналісты, акрамя таго, пазнаёміліся з працэдурай уезду ў Рэспубліку Беларусь (дарэчы сказаць, што прадэдура мытнага афармлення на ўезд больш скурпулёзная і складаная), а таксама наведалі зону мытнага кантролю, залу афармлення грузавых транспартных сродкаў, мытнага дагляду і даведаліся пра спецыфіку работы спецыялістаў аддзела барацьбы з кантрабандай.

ПЫТАННІ І АДКАЗЫ

Пасля непасрэднага знаёмства з рознымі формамі правядзення аперацый мытнага кантролю начальнік Ашмянскай мытні Васіль Пятровіч Шостак адказаў на пытанні журналістаў.

…Пра барацьбу з карупцыяй

Распрацаны комплекс мер, накіраваных у першую чаргу на мінімізацыю чалавечага фактару ў прыняцці рашэнняў. Існуе дакладнае размежаванне функцый і паўнамоцтваў на кожным працоўным месцы. Сістэма мытнага афармлення не замыкаецца на адным інспектары. Немалаважную ролю іграе і падбор кадраў.

Супрацоўнікамі мытні праводзіцца значная работа па выяўленні правапарушэнняў – у гэтым маглі ўпэўніцца журналісты.

Варта адзначыць, што пераважная большасць людзей працуе годна і сумленна выконвае свае абавязкі.

...Пра пункт пропуску “Лоша”

Асноўнымі па літоўскім напрамку застаюцца пункты мытнага афармлення “Каменны Лог” і “Катлоўка”. Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Літоўскім урадам зараз разглядваецца пытанне аб пераўтварэнні пункта пропуску “Лоша” ў міжнародны.

…Пра новы чыгуначны маршрут

Канчатковае рашэнне па гэтым маршруце пакуль не прынята. У чэрвені адбудзецца пробны рух чыгуначных саставаў па маршруце Гродна-Ліда-Беняконі-Вільнюс. Мытнае афармленне на выезд і ўезд будзе адбывацца на пункце пропуску “Беняконі”.

…Пра асобу мытніка і прэстыж мытнай справы

Супрацоўнік мытні павінен быць эрудыраваным і валодаць ведамі з розных галін – нават  мастацтва і ювелірнай справы. Безумоўна, мытнік павінен быць псіхолагам і прыкмячаць знешнія праявы паводзінаў чалавека, які перасякае мяжу.

Дзяржаўныя служачыя, у тым ліку і мытнікі, – людзі, якія працуюць дзеля нашай краіны і дабрабыту грамадзян. І гэта заўсёды было пачэсна.

Падсумоўваючы інфармацыйны праект “Адзін дзень на мытні”, варта адзначыць, што такую форму ўзаемадзення з грамадскасцю могуць узяць на ўзбраенне і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы.


------------------------------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.