На погранзаставе "Молодеченская" охраняют границы Беларуси

с днем пограничнГісторыя пагранічнай заставы «Маладзечанская» пачалася 3 снежня 2014 года: тады Прэзідэнтам нашай краіны быў падпісаны Указ №565 аб прысваенні такой назвы другой пагранічнай заставе 15 Смаргонскай пагранічнай групы органаў пагранічнай службы.

Будні заставы


– Першапачаткова застава размяшчалася на базе Смаргонскай пагранічнай групы, – расказвае начальнік заставы Кірыл Юр'евіч Руда. – Пасля стварэння ў прыстасаваным будынку аптымальных умоў для нясення службы і аховы дзяржаўнай мяжы мы перабазіраваліся ў Петраполь.

Начальнік заставы Кірыл Руда Начальнік заставы Кірыл Руда


Сёння ў былым клубе-бібліятэцы жывуць і служаць ваеннаслужачыя, што стаяць на ахове дзяржаўнай мяжы нашай краіны. Стары будынак змяніўся непазнавальна: у ім устанавілі новыя вокны і дзверы, узвялі перагародкі, з'явілася новая мэбля і ўсё неабходнае для работы і службы.

Знаходзячыся тут, нельга пагадзіцца з радкамі з вядомай песні «На границе тучи ходят хмуро, край суровый тишиной объят…», бо на пагранічнай заставе ўсё ідзе спакойна, па загадзя распрацаваным плане. Калі паступае каманда, то пры яе выкананні не назіраецца мітусні і беганіны.

Пагранічныя суткі пачынаюцца ў 20.00 – і часам доўжацца больш за 24 гадзіны. На заставе для кожнага ваеннаслужачага вызначаны індывідуальны распарадак дня. Акрамя пагранічных нарадаў, у ахоўнікаў мяжы шмат абавязкаў: падрыхтоўка аўтатэхнікі, трэніроўкі з сабакамі, гаспадарчыя работы і іншае. Штодзень тут праходзяць абавязковыя заняткі і трэніроўкі – але гэта не азначае, што пагранічнікі адарваныя ад свету, на стале – стос свежых газет, на сцяне вісіць тэлевізар, які інфармуе аб асноўных навінах дня.

– Час ляціць хутка. Ваеннаслужачыя тэрміновай службы не паспяваюць заўважаць, як пралятаюць гады службы. Нядаўна да нас пасля праходжання вучэбкі прыйшло новае папаўненне, – расказвае начальнік заставы. – Служаць у нас ураджэнцы Маладзечна, Мядзеля і іншых блізляжачых гарадоў і раёнаў. Хаця ёсць прызыўнікі і з Гомельскай вобласці.

Ды і кантынгент ваеннаслужачых таксама розны: ёсць тыя, хто трапіў у армію пасля атрымання вышэйшай адукацыі, служаць тут юнакі з сярэдняй спецыяльнай ці прафесійнай адукацыяй, а таксама тыя, хто ў мінулым годзе закончыў сярэднюю школу.

– А як з «дзедаўшчынай»? – пытаюся ў аднаго з ваеннаслужачых.

– Застава ў нас невялікая і кожны адносіцца адзін да аднаго, як да брата ці сябра. Калі сёння ідзеш з ім у нарад, п'еш з аднаго кубка, то, зразумела, будзеш адносіцца да яго, няхай саслужывец і маладзейшы за цябе, як да роўнага. Можа, у вялікіх воінскіх часцях такі перажытак савецкіх часоў яшчэ захаваўся, у нас гэтага няма.

Па прызыву душы


Пра добрыя ўзаемаадносіны паміж пагранічнікамі гаворыць і начальнік пагранічнай заставы «Маладзечанская» Кірыл Юр'евіч Руда, які ў органы пагранічнай службы прыйшоў па прызыву душы.

– Я з сям'і ваеннаслужачых і выхоўваўся на традыцыях патрыятызму. Вучыўся ў адным з ваенна-

патрыятычных класаў Ліды. Дарэчы, тады з 19 юнакоў-аднакласнікаў 12 паступілі ў розныя ўстановы на ваенныя спецыяльнасці. А я выбраў пагранічны факультэт Ваеннай акадэміі.

Па размеркаванні малады афіцэр трапіў у Смаргонскую пагранічную групу. Спачатку яго прызначылі намеснікам начальніка пагранічнай заставы «Лынтупы», потым – яе начальнікам, а ў 2014 годзе Кірыл Юр'евіч стаў начальнікам пагранічнай заставы «Маладзечанская».

Малады афіцэр адразу ж стаў наладжваць сяброўскія сувязі з Варнянскай школай. Цяпер там створаны гурток «Юныя сябры пагранічнікаў»: рабяты і ваеннаслужачыя ездзяць адзін да аднаго ў госці, знаёмяцца з жыццём і службай, ладзяць сумесныя мерапрыемствы.

– Афіцэр служыць там, дзе Радзіма загадае, – апярэджваючы маё пытанне, адказвае Кірыл Юр'евіч. – І сем'і ваеннаслужачых таксама гэта разумеюць і гатовы да любога павароту лёсу.

Сёння начальнік заставы жыве ў Петраполі і зрэдку вырываецца ў Гудагай, дзе знаходзіцца яго службовая кватэра і жыве жонка. Дарэчы, і яна ў хуткім часе збіраецца звязаць жыццё з пагранслужбай.

Дзяніс Міцкевіч і Дзяніс Чарняк займаюцца гаспадарчымі работамі Дзяніс Міцкевіч і Дзяніс Чарняк займаюцца
гаспадарчымі работамі

Строга і лаканічна


Начальнік шостага аддзялення камандзір пагранічнага судна Дзмітрый Антонавіч Пятроўскі расказвае пра стабільнасць у органах пагранічнай службы. У 2012 годзе яго, выпускніка прафесійнага электратэхнічнага каледжа, прызвалі ў армію – служыць давялося на пагранічнай заставе «Лынтупы».

– Ваеннае жыццё мне спадабалася больш, чым грамадзянскае. Тут усё ясна, строга і лаканічна. Мы выконваем грамадзянскі абавязак: ахоўваем межы сваёй краіны, – гаворыць Дзмітрый Антонавіч. – І таму, калі да «дзембеля» заставалася 20 дзён, я падпісаў кантракт. Служыць застаўся ў «Лынтупах», потым перавёўся на пагранічны пост «Кямелішкі».

Вадзіцель Яўген Купрыян служыць на граніцы чацвёрты месяц Вадзіцель Яўген Купрыян
служыць на граніцы чацвёрты месяц


Сёння Дзмітрый жыве актыўным жыццём пагранічніка заставы «Маладзечанская». А ў Кямелішках яго чакае жонка Ларыса і сямімесячны сынок Яраслаў.

– Падчас службы на мяжы здаралася ўсялякае: даводзілася затрымліваць нелегалаў і «цыгарэтчыкаў», – расказвае Дзмітрый. – Па праўдзе кажучы, у Лынтупах было больш спакойна. Але мне падабаецца, што трэба і днём, і ноччу быць падрыхтаваным. Актыўнасць ужо ўвайшла ў маё жыццё і стала звычкай, якую я не змяню ні на што.

Пірс + Ілля


Дапамагаюць пагранічнікам несці службу на мяжы сабакі: на заставе «Маладзечанскай» іх трое. Адзін з іх – нямецкая аўчарка Пірс, якую трэніруе Ілля Іваныгін.

Кінолаг Ілля Іваныгін і яго верны сябар Пірс Кінолаг Ілля Іваныгін і яго верны сябар Пірс


– На заставе я зусім нядаўна – расказвае Ілля. – Пасля праходжання вучобы і падрыхтоўкі прыбыў сюды разам з Пірсам – яму тры гады, ён лічыцца вопытным «службоўцам». Пакуль што ў нас не было затрыманняў. Але лепшыя дні ў нас яшчэ наперадзе, – упэўнены кінолаг.

Ілля лічыць, што яму не хапала ў жыцці экстрыму: вучэбных трывог, пастраення, марш-кідкоў – менавіта таму ён і выбраў органы пагранічнай службы. А з прапанаванага спісу спецыяльнасцей найбольш спадабаўся кінолаг. З дзяцінства Ілля марыў пра сабаку, але ў маці была алергія, і пра жаданне давялося забыць.

На заставе Ілля цэлы дзень праводзіць са сваім сябрам: кармленне, уборка вальераў, выгул, прыгатаванне ежы, трэніроўкі – дзень распісаны літаральна па хвілінах.

– Спачатку накармлю сабаку, а потым паем сам. Ен жа сябар! Значыць, у першую чаргу ўвагу трэба ўдзяліць яму, – сур'ёзна разважае Ілля.

З рэстарана – у казарму


Зрэшты, пра ежу. Гэтай справай на пагранічнай заставе займаецца повар Сяргей Жугашвілі. Да службы ў арміі юнак паспеў атрымаць спецыяльнасць пекара-кандытара, папрацаваць на хлебазаводзе і ў адным з рэстаранаў Мінска.

Повар Сяргей Жугашвілі Повар Сяргей Жугашвілі


– З дзяцінства любіў пячы пірагі, – расказвае Сяргей. – Падабалася працаваць у рэстаране. А калі прызвалі – узрадаваўся. Трапіў у Смаргонскую пагранічную групу – амаль побач з домам: я з Крэва.

Дзень Сяргея пачынаецца ў 5.30 – гатаваць даводзіцца шмат: накарміць ваеннаслужачых трэба тры разы на дзень і ўсё па запланаваным загадзя меню. Прычым у сваёй практыцы Сяргей карыстаецца правілам: лепш не дасаліць, чым перасаліць.

Служыць юнаку засталося год, але ўжо сёння ён марыць прадоўжыць службу па кантракту ў органах пагранічнай службы і працаваць інспектарам.

Сто выхадаў


Яўген Купрыян у органы пагранічнай службы трапіў выпадкова – ужо паўгода ён служыць вадзіцелем-тэхнікам, у абавязкі якога ўваходзіць не толькі кіраванне пагранічным аўтатранспартам, але яго рамонт і абслугоўванне. З гэтымі задачамі Яўген спраўляецца лёгка – у грамадзянскім жыцці ён атрымаў спецыяльнасць слесара, пасля прызыву ў армію прайшоў перанавучанне ў Дзяржынску, і ўжо чацвёрты месяц юнак ахоўвае межы Беларусі з суседняй Літвой на пагранзаставе «Маладзечанская».

– Жыццё пагранічнікаў цікавае: не ведаеш, дзе можаш апынуцца праз гадзіну, – гаворыць вадзіцель-пагранічнік.

Месяц назад юнак атрымаў нагрудны знак «100 выхадаў на ахову Дзяржаўнай мяжы», хаця на заставе знаходзіцца толькі чацвёрты месяц. За гэты час здавалася ўсялякае. Самы ж  запамінальны выпадак адбыўся нядаўна, калі давялося «браць» парушальніка мяжы, які пераплываў Вілію.

Антон Юрэвіч любіць чытаць «Астравецкую праўду» Антон Юрэвіч любіць чытаць «Астравецкую праўду»


Размаўляеш з пагранічнікамі і разумееш, што яны і сапраўды знаходзяцца на мяжы нашага спакою і суверэнітэту дзяржавы. І служба на такіх маленькіх пагранічных заставах нічым не адрозніваецца ад вялікіх, хіба што наяўнасцю ці адсутнасцю нейкіх бытавых умоў.

Дарэчы, з імі сітуацыя хутка палепшыцца. Ужо напрыканцы гэтага года плануецца здаць у эксплуатацыю новую пагранічную заставу ў вёсцы Жарнэлі. Сёння тут ідзе будаўніцтва, а літаральна праз некалькі месяцаў пагранічнікі пераселяцца ў новы адміністрацыйны корпус. Ваеннаслужачыя пагранічнай службы будуць жыць у камфартабельных казармах, а сем'і афіцэраў змогуць знаходзіцца побач са сваімі мужамі і бацькамі.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.